Прадстаўніца Беларусі Аляксандра Няхай трапіла ў лік лаўрэатаў трэцяй прэміі IX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2011».

Дзевяцігадовая салістка хору «Малінкі» пры музычнай школе № 4 Мінска і салістка ансамбля танца «Равеснік» падзяліла гэту ўзнагароду ў 1.000 долараў з удзельніцай з Украіны Мар’янай Шчарбак і канкурсантам з Балгарыі Марцінам Йарданавым. Вынікі конкурсу абвешчаны вечарам 14 ліпеня падчас гала-канцэрта «Краіна цудаў» у канцэртнай зале «Віцебск».

Другую прэмію ў 2.000 долараў міжнароднае журы таксама вырашыла раздзяліць. Яна дасталася прадстаўніцы Латвіі Валерыі Чувізавай і выканаўцу з Азербайджана Джэнтльмену.

Першая прэмія ў 3.000 долараў адправіцца ў Казахстан разам з юнай спявачкай Куралай Мейрамбек, якая кранула журы і гледачоў цудоўным выкананнем песні на беларускай мове. Многіх здзівіла, што дзевяцігадовая дзяўчынка, пераможніца і лаўрэат розных фестываляў дзіцячай творчасці ў сябе на радзіме, спявала без характэрнага акцэнту, які звычайна бывае ў выхадцаў з неславянскіх дзяржаў.

***

 Ралука.

Ралука.

Гран-пры цяперашняга дзіцячага конкурсу, як і леташняга, паедзе ў Румынію.

Гэтым разам яго заваявала 10-гадовая Ралука, неаднаразовая пераможніца розных нацыянальных і міжнародных пеўчых конкурсаў. Мінулым разам перамогу на віцебскім конкурсе святкаваў яе суайчыннік Марыа. Вышэйшая ўзнагарода дзіцячага конкурсу складае 5.000 долараў.

Паводле традыцыі былі таксама ўручаны спецыяльныя прызы ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Іх атрымалі канкурсанткі з краін Саюзнай дзяржавы, якія не ўвайшлі ў лік лаўрэатаў, — Ганна Атрошчанка з Беларусі і Вольга Казазоева з Расіі.

У IX Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2011» бралі ўдзел 23 юныя выканаўцы з 20 краін. Ад Беларусі, Расіі і Украіны традыцыйна ўдзельнічалі па два канкурсанты. Журы ўзначальваў заслужаны артыст Расіі Сяргей Шусціцкі. Беларусь у судзейскай камісіі прадстаўляў ўладальнік Гран-пры дарослага конкурсу ў 2004 годзе Пётр Ялфімаў.

Леташні дзіцячы конкурс прынёс Беларусі аналагічны вынік: Злаце Ларчанцы, выхаванцы вядомага беларускага педагога Святланы Стацэнкі, у 2010 годзе ўдалося ўзняцца толькі на трэцюю прыступку, прычым прэмію ёй давялося падзяліць з удзельніцай з Казахстана Аяру Арманавай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0