Судовая калегія Мінскага гарадскога суда пакінула без зменаў прысуд экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву, а таксама ўдзельнікам мітынгу апазіцыі 19 сьнежня 2010 года Алегу Гнедчыку, Уладзіміру Яроменку, Іллі Васілевічу і Фёдару Мірзаянаву.

Суддзі — Сяргей Хрыпач, Вікторыя Зайцава, Вольга Камароўская, пракурор — Антон Загароўскі.

Абвінавачаныя на судзе не прысутнічалі, бо адбываюць пакаранне ў папраўчых установах.

Адвакат заявіў хадайніцтва аб выкліку Саннікава на разгляд скаргі. Абарона таксама папрасіла далучыць да справы справаздачу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ аб ходзе выбараў прэзідэнта, таму што там даецца ацэнка выбараў, якая супярэчыць заключэнню суда.

Пасля непрацяглай нарады суддзі прынялі рашэнне адмовіць у першым хадайніцтве — дастаўцы Саннікава ў суд, але задаволіць другое — аб далучэнні да справы справаздачы БДІПЧ АБСЕ.

***

14 мая суд Партызанскага раёна Мінска пад старшынствам суддзі Наталлі Чацвяртковай прызнаў Саннікава вінаватым на падставе артыкула 293 часткі 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) і прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат у прэзідэнты адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі.

Алег Гнедчык прыгавораны да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ілья Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў — да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?