Невялікі пасёлак Прывалка ля беларуска-літоўскай мяжы можа стаць новым беларускім курортам. Архітэктар Уладзімір Ісачэнка распрацаваў падрабязную схему тэрытарыяльнай арганізацыі тут курорта і ў верасні перадаў дакументы ў адміністрацыю СЭЗ «Гроднаінвест».

Тэрыторыя гэтай вёскі, а таксама частка земляў Гродзенскай пушчы ўвайшлі ў склад «Спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парка «Аўгустоўскі канал». Цяпер для інвестараў дзейнічаюць значныя льготы ў падаткаабкладанні, арганізацыі бізнэсу, будаўніцтве па адводзе зямлі і г.д. Гэта значыць, што могуць быць рэалізаваны дарагія праекты па будаўніцтве лякарняў, санаторыяў, пансіянатаў. Раней на іх маглі замахнуцца хіба што ў савецкія часы, калі праводзіліся маштабныя даследаванні беларускіх нетраў на прадмет карысных выкапняў і ў напрамку аздараўлення.

Уласна, гэтыя даследаванні, а таксама асабістыя шматгадовыя напрацоўкі выкарыстаў Уладзімір Ісачэнка, афармляючы падрабязную функцыянальна-планіровачную схему курорта Прывалка. Для кожнага аб’екта ёсць сваё абгрунтаванне. Так, на схеме пазначаныя два санаторыі для дарослых на 350 месцаў і адзін дзіцячы на 150. Лячэбныя карпусы прапаноўваюць пабудаваць на беразе Нёмана, дарэчы, недалёка ад закансерваваных свідравін з мінеральнай вадой. Там жа прадугледжаны спарткомплекс, парк курортны, гатэль, жылая зона, камунальны ўчастак. На беразе ракі Уладзімір Ісачэнка прапануе пабудаваць прыстань.

Развіццю курорта могуць спрыяць унікальныя прыродныя рэсурсы: мінеральныя крыніцы, лячэбныя гразі. У канцы 80-х гадоў на участку Парэчча-Грандзічы-Прывалка зрабілі 26 свідравін і ў 21 з іх выявілі мінеральную ваду хларыдна-кальцыевага тыпу. Свідравіны пазначаныя і на карце-схеме прыкладна там, дзе мог бы размясціцца санаторый, аднак у гэтым месцы іх летась чамусьці засыпалі.

На карце-схеме адзначаны яшчэ адзін санаторый і рэкрэацыйныя зоны з сажалкамі і лячэбнымі паркамі вакол іх. А да шашы па лесе запланавана пракласці лыжаролерную трасу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?