Мясцовыя ўлады разам з "Саюзам пісьменьнікаў Беларусі" будуць курыраваць мерапрыемствы з удзелам літаратараў ва ўнівэрсытэтах, тэхнікумах, школах ды іншых установах адукацыі.

Гэта вынікае зь пісьмовага распараджэньня міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, якое атрымалі начальнікі ўпраўленьняў адукацыі аблвыканкамаў, старшыня камітэту па адукацыі Менскага гарвыканкаму, кіраўнікі ўстаноў сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі. У лісьце паведамляецца, што "ў сувязі з стварэньнем ГА "Саюз пісьменьнікаў Беларусі" (старшыня Н.І.Чаргінец) даручаем прыняць меры па недапушчэньні правядзеньня ў адукацыйных установах мерапрыемстваў па лініі ГА "Саюз беларускіх пісьменьнікаў", іншых мерапрыемстваў з удзелам літаратурных дзеячаў без узгадненьня зь мясцовымі органамі ўлады". "З мэтаю прапаганды мастацкай літаратуры, арганізацыі эфэктыўнай работы па ідэалягічным і духоўным выхаваньні навучэнскай і студэнцкай моладзі, - гаворыцца далей у распараджэньні А.Радзькова, - даручаем забясьпечыць правядзеньне творчых сустрэчаў зь пісьменьнікамі, іншых культурна-масавых мерапрыемстваў з удзелам толькі паводле ўзгадненьня з ГА "Саюз пісьменьнікаў Беларусі".

Працытаваны ліст міністра адукацыі мне даў прачытаць сябра віцебскага аддзяленьня CБП, вядомая ў літаратурных колах асоба. Але ён не пажадаў называць для СМІ сваё прозьвішча. Пісьменьнік сказаў, што аналягічны загад атрымалі таксама кіраўнікі ўстаноў культуры, і назваў гэта "сярэднявечным ціскам на літаратараў".

Напрыклад, як жа сябры навастворанага "Саюзу пісьменьнікаў Беларусі" "працягваюць традыцыі Коласа і Купалы": 9 лютага беларускамоўны дзіцячы садок №72 (а такіх устаноў у Віцебску ўсяго дзьве) наведалі тры расейскамоўныя літаратары. Выхаванцы задавалі ім пытаньні на роднай мове, а пісьменьнікі адказвалі дзецям і чыталі свае творы па-расейску.

Адзін зь іх пытаецца ў маленькіх:

- А кто самый главный на свете?

- Воўк, - не разгубіліся тыя.

- Нет, детки, солнце!

Ну добра хоць, што не прэзыдэнт. Бо ў адной зь віцебскіх школаў напярэдадні сьвята закаханых выдумалі рабіць "валянцінкі" беларускім зоркам накшталт Максіма Мірнага. Асабліва выкшталцоную падрыхтавалі для прэзыдэнта.

Візыт сяброў СПБ у садок асьвятлялі потым дзьве мясцовыя дзяржаўныя газэты, а таксама радыё і тэлебачаньне. Гэткага прадстаўніцтва дзяржаўных СМІ ня мелі нават Уладзімер Арлоў, Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін падчас іх ранейшых выступаў у Віцебску, у абласной бібліятэцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?