Аляксандр Лукашэнка ўнёс на разгляд парламента законапраект, паводле якога знікне фармальная забарона на сумесную дзяржаўную службу Аляксандра і Віктара Лукашэнкі.

Нагадаем, што згодна з арт.18 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй", праходжанне дзяржаўнай службы асобамі, якія знаходзяцца ў шлюбе альбо з’язляюцца блізкімі сваякамі, не дапускаецца, калi iх службовая дзейнасць звязаная з непасрэднай падпарадкаванасцю або падкантрольнасцю аднаго з іх іншаму. Асоба, прынятая на дзяржаўную службу ў парушэнне пазначанага патрабавання, павінна альбо пагадзіцца на перавод на пасаду, дзе выключаецца такая падпарадкаванасць альбо падкантрольнасць, а пры немагчымасцi пераводу або адмове ад яго – вызваляецца ад займаемай пасады ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Іншымі словамі, служба ў непасрэднай падпарадкаванасці сваякоў лічылася сур'ёзнай карупцыйнай праявай.

Прадстаўнікі апазіцыі не раз публічна паказвалі на гэтую норму закона і на той факт, што насуперак яму, родны сын прэзідэнта Віктар Лукашэнка быў прызначаны бацькам у 2005 годзе на пасаду памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. А ў 2007 годзе згодна з указам № 3 ад 05.01.2007 года Аляксандр Лукашэнка афіцыйна ўвёў свайго сына Віктара ў склад Савета бяспекі.

Бо ў адпаведнасці з арт.2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» пад дзяржаўнай службай разумеецца прафесійная дзейнасць асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады, ажыццяўляемая ў мэтах непасрэднай рэалізацыі дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў i (або) забеспячэння выканання функцый дзяржаўных органаў.

Натуральна, і прэзідэнт Беларусі, і памочнік прэзідэнта -- гэта дзяржаўныя пасады. І паколькі згодна з палажэннем "Аб памочніку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» памочнік прэзідэнта падсправаздачны менавіта прэзідэнту, а таксама прызначаецца на пасаду i вызваляецца ад пасады распараджэннем прэзідэнта, то ў наяўнасці адносіны падпарадкаванасці і падкантрольнасці Віктара Лукашэнкі свайму бацьку. Адпаведна, дадзеная сітуацыя падпадала пад забарону, усталяваную артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй».

Але, падобна, што хутка гэтая праблема будзе ліквідаваная і ў апазіцыі ў чарговы раз выб'юць з рук зброю ідэалагічнай барацьбы.

Аляксандр Лукашэнка ўнёс на разгляд парламента законапраект аб унясенні зменаў у закон «Аб барацьбе з карупцыяй». У прыватнасці, прапануецца змяніць дыспазіцыю таго самага артыкула 18 Закона.

У новай рэдакцыі гэты артыкул будзе гучаць наступным чынам: "Абмежаванні па сумеснай дзяржаўнай службе дзяржаўных служачых, сумеснай службе ваеннаслужачых, асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, сумеснай працы ў адной і той жа дзяржаўнай арганізацыі (асобным падраздзяленні) іншых асоб, якія з'яўляюцца мужам і жонкай, блізкімі сваякамі, устанаўлiваюцца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь ».

То бок норма закона непасрэднага дзеяння, якая, не зважаючы на пасады, прама забараняла сумесную (звязаную з падпарадкаванасцю і падкантрольнасцю -- А.М.) дзяржаўную службу блізкіх сваякоў, замяняецца адсылачный нормай, якая прапануе ў гэтым пытанні выбарчы падыход да ацэнкі сямейнасці. Усё будзе залежаць ад таго, што кажа з гэтай нагоды які-небудзь галіновы заканадаўчы акт. Вось, напрыклад. Ні Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая рэгулюе дзейнасць прэзідэнта, ні Палажэнне "Аб памочніку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», ні якія іншыя нарматыўныя акты не маюць забароны на сумесную службу прэзідэнта Беларусі з якім-небудзь блізкім сваяком. Такім чынам, з моманту прыняцця парламентарыямі прапанаваных зменаў і ўступлення іх у сілу, сумесная служба Аляксандра і Віктара Лукашэнкі будзе цалкам ўкладвацца ў рамкі дзеючага заканадаўства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?