Карэспандэнт польскай «Газеты Выборчай» Андрэй Пачобут атрымаў прэмію Анджэя Вайцэхоўскага. Гэтая прэмія заснавана польскім «Радыё Z», а ў выбары намінантаў і пераможцаў удзельнічаюць таксама рэдактары найбуйнейшых і вядучых СМІ Польшчы: газет, радыёстанцый і тэлеканалаў.

Як сказаў Пачобут, яго адзначылі прэміяй за артыкулы аб прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Прэмія складае 50 тысяч злотых (крыху больш за 15 тысяч долараў).

Андрэй Пачобут не змог асабіста атрымаць гэтую прэмію. Ён асуджаны на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады па артыкуле «паклёп ў дачыненні да прэзідэнта», яму забаронены выезд за мяжу. «Прэмію за мяне атрымала мая жонка, якая выехала для гэтага ў Польшчу. Мне тэлефанавалі з Польшчы, і я размаўляў з тымі, хто мне ўручаў прэмію», — сказаў Пачобут.

«Вельмі прыемна, калі твая праца ацэньваецца не проста тымі людзьмі, якія маюць дачыненне да журналістыкі, а тымі, чые артыкулы ты чытаў, у каго вучыўся і дзякуючы якім стаў журналістам», — дадаў Пачобут.

Ён збіраецца задэклараваць атрыманую прэмію. «З гэтай прэміі я маю намер заплаціць падаткі, і заплачу іх», — заявіў журналіст.

Нагадаем, 5 ліпеня суд прызнаў журналіста вінаватым па частцы 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса за шэраг артыкулаў з крытыкай дзейнай улады. Пачобута прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Судовы працэс быў закрытым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?