«Пазіцыя па смяротным пакаранні добра вядомая — гэта агульнакраінавая пазіцыя, і тут нейкія дадатковыя каментары не патрабуюцца»,
 — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных 1 снежня на брыфінгу, каментуючы заяву Савета Еўропы, які асудзіў вынясенне смяротнага прыгавору Вярхоўным судом абвінавачаным у тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

Нагадаем, генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд заклікаў беларускія ўлады адмяніць смяротны прыгавор Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. «Злачынства, у якім яны прызнаныя вінаватымі, было варварскім, але іх пакаранне не павінна стаць такім жа. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ караюць смерцю людзей. Я заклікаю ўлады неадкладна ўвесці мараторый на прымяненне гэтай вышэйшай меры пакарання. Ахвяры і сем’і тых, хто пацярпеў 11 красавіка, заслугоўваюць правасуддзя, а не помсты», — падкрэсліў Ягланд.

Савіных не стаў адказваць на пытанне пра тое, як паўплывае рашэнне беларускага суда на адносіны з Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы, умовай вяртання ў якой статусу спецыяльнага запрошанага для Беларусі з’яўляецца адмена смяротнага пакарання або ўвядзенне на яго мараторыя. Прэс-сакратар мяркуе, што «гэта пытанне было б лепш адрасаваць адпаведным структурам парламента».

Варта зазначыць, што расстрэльны прыгавор Вярхоўнага суда Беларусі асудзілі таксама Еўрасаюз і іншыя міжнародныя структуры. У іх заявах асабліва падкрэслівалася: Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?