З ініцыятаркай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтра «Прэстан», што ў Магілёве, Людмілай Крыловіч не працягнулі дамову на арэнду гандлёвай плошчы. Акрамя таго, ёй зацікавіўся КДБ. У адміністрацыі «Прэстана» заяўляюць, што прадпрымальніца не выконвала абавязкаў паводле старой дамовы.

Акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якія арандуюць гандлёвыя плошчы ў «Прэстане», адбылася сёлета 27 жніўня.
Бізнесоўцы выступалі супраць закрыцця гандлёвага цэнтра і скасавання дамоваў. Паводле прадпрымальнікаў, закрыць цэнтр меліся да 1 кастрычніка. Пратэст выклікаў шырокі розгалас у горадзе. Падключылася мясцовая ўлада, якая гарантавала, што з «Прэстанам» будзе ўсё ў парадку. Жарсці памалу заціхлі. І вось 30 лістапада адной з ініцыятарак пратэсту Людміле Крыловіч паведамілі, што дамова з ёй перазаключаная не будзе.

«Я зайшла да бухгалтара і сказала, што мне вось такая цікавая папера прыйшла. Там адказалі — мы ведаем: «Вы нам не плаціце грошы, як усе, таму вы нам не патрэбныя». Я пайшла да дырэктара. Ён сказаў, што «так, з вамі дамовы мы заключаць не будзем». Я яму: «А чаму прычыны не пазначылі?» А ён мне: «А дзе гэта напісана, што я мушу пазначаць прычыну?» — апавядае Людміла Крыловіч.

У адміністрацыі гандлёвага цэнтра пацвердзілі, што адносінаў з прадпрымальніцай Крыловіч працягваць не будуць. Паводле прадстаўніка адміністрацыі, так вырашыў уладальнік цэнтра «Стрынгаграсэрвіс»: «Парушэнні ў яе ёсць, прычым вялікія.

А тое, што яна паўсюль бегае і людзей агітуе за тое, каб яны баставаць сталі, — гэтым няхай займаюцца кампетэнтныя органы.
Я не збіраюся з ёй разбірацца».

Кампетэнтныя органы не сталі доўга чакаць. Праз некалькі гадзін пасля гутаркі з дырэктарам Людміле Крыловіч патэлефанаваў супрацоўнік КДБ. Папрасіў, каб тая прыйшла на гутарку. Яна адмовілася, адказала, каб ён сам прыйшоў.

«Ён прозвішча не назваў сваё. Сказаў, што

паступіла інфармацыя, што я рыхтую забастоўку.
Цяпер у гандлёвым цэнтры ўсе ў шоку, як мышы хаваюцца — не выключаюць, што і на іх інфармацыя ў КДБ вісіць. Цяпер усе запалоханыя. На гэта, відаць, стаўка і была зроблена — праз аднаго чалавека запалохаць усіх астатніх», — мяркуе Людміла Крыловіч.

Прадпрымальніца на адміністрацыю гандлёвага цэнтра падала скаргі ў гарвыканкам і аблвыканкам. Просіць чыноўнікаў абараніць яе ад ціску і пагрозаў.

Звярнулася яна і да грамадскіх праваабаронцаў. Адзін з іх, Барыс Бухель, заяўляе, што зарука бяспекі бізнесоўкі цяпер — каб сітуацыя, што склалася вакол яе, атрымала шырокі рэзананс: «Выпадак з Крыловіч яскрава выявіў поўную прававую неабароненасць прадпрымальнікаў перад арандадаўцамі. Любы пратэст бізнесоўцаў вядзе да негатыўных наступстваў для іх. На жаль,

трэба адзначыць вельмі нізкую здольнасць іпэшнікаў да салідарных дзеянняў.
Прадпрымальніца звярнулася да нас, будзем ёй дапамагаць. Спадзяюся, што яна зможа надалей займаецца сваёй справай».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?