Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў і члены яго выбарчага штаба Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Вазняк правялі 19 снежня ў Мінску міні-шэсце ў гадавіну прэзідэнцкіх выбараў.

Як паведаміў Някляеў, разам з паплечнікамі Андрэем Дзмітрыевым і Сяргеем Вазняком яны прайшлі тым шляхам, на якім іх «перапынілі год таму».

«Мы прайшлі ад нашага былога офіса на вуліцы Няміга, па вуліцах Калектарнай, Няміга да Кастрычніцкай плошчы, дзе запалілі свечкі — сімвалічны „агонь свабоды“. Пасля гэтага мы пайшлі да плошчы Незалежнасці», — сказаў Някляеў.

Каля будынка КДБ яны сустрэлі актывістак украінскага руху FEMEN, якія правялі там акцыю.

«Але мы не сталі чакаць, калі нас забяруць разам з гэтымі дзяўчынкамі. Мы пайшлі далей да Савета міністраў»,
 — адзначыў палітык.

Як паведаміў Някляеў, перад будынкам урада ён зачытаў дакументы, якія былі перададзеныя ва ўрад год таму і «якія дагэтуль не страцілі сваёй актуальнасці». «Гэта заява аб стварэнні руху за новыя выбары, а таксама і новы дакумент — патрабаванне неадкладна вызваліць і рэабілітаваць палітзняволеных. Я асабіста напісаў цяперашняму кіраўніку ўрада, што вызваленне палітзняволеных — гэта ўмова далейшага развіцця краіны і выхаду з крызісу», — сказаў Някляеў.

«Зразумела, мы не дамагаліся прыёму непасрэдна ў цяперашняга кіраўнікі ўрада Міхаіла Мясніковіча. Тым часам і з аддзелам па звароце грамадзян мы не збіраемся мець зносін. Не будзем гуляць у гэтыя гульні. Таму дакументы мы адправілі па пошце», — сказаў былы кандыдат у прэзідэнты.

Паводле яго слоў, гэта была «сімвалічная акцыя». «Мы планавалі яе правесці вечарам, аднак у сувязі з тым, што я выкліканы афіцыйнай позвай у міліцыю на сённяшні вечар, вырашана было яе правесці днём», — заявіў Някляеў.

«Гэта не было нейкім арганізаваным масавым шэсцем», — удакладніў ён.

***

19 снежня 2010 года невядомыя збілі Някляева ў цэнтры Мінска па дарозе на акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай ён быў дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі, адкуль яго вывезлі ў СІЗА КДБ. 20 мая 2011 года Някляева асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады. Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік ініцыятыўнай групы і начальнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева, быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам два гады. Сяргей Вазняк працаваў у штабе Някляева. Асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?