«Мы ўсе аднолькавыя, у нас ва ўсіх аднолькавыя патрэбы, магчымасці і правы, і я лічу, што асноўнай задачай любой дзяржавы з’яўляецца абарона ўсіх правоў і свабод грамадзян», — заявіў экс-саліст нарвежскага гурту a-ha Мортэн Харкет на прэс-канферэнцыі ў Мінску 25 красавіка. Вечарам 25 красавіка ў сталічным Палацы спорту ён выступіў з першым пасля распаду гурту сольным канцэртам, выканаўшы песні з рэпертуару a-ha і свайго новага альбома Out of my hands («З маіх рук»).

«Нельга сказаць, што мацнейшае — музыка ці палітыка, бо гэта розныя рэчы.

Але адно я ведаю дакладна: і палітыка, і музыка закліканы да барацьбы, да прасоўвання раўнапраўя. Вельмі важна таксама выкананне норм унутры дзяржавы, хаця гэта ўсё супярэчлівыя і складаныя рэчы»,
— сказаў Харкет. Ён таксама адзначыў, што прырода з’яўляецца велізарным банкам, дзе захоўваюцца непахісныя каштоўнасці чалавека. «Ёсць шмат банкаў, але яны несапраўдныя, і ў іх захоўваюцца несапраўдныя каштоўнасці. Я вельмі рады, што мы гаворым аб гэтым цяпер, а не вечарам. Сёння вечарам мы будзем слухаць музыку», — сказаў спявак.

Харкет прыбыў на прэс-канферэнцыю больш чым з гадзінным спазненнем з-за затрымкі ў мінскім аэрапорце. «Не ведаю, чаму мы так доўга чакалі, але ставіліся да нас вельмі добра, сустрэча была радаснай. Магчыма, трэба перагледзець нейкія пытанні з візамі, але я не ведаю», — сказаў саліст.

Харкет адзначыў, што многія яго параўноўваюць з казачнымі героямі, напрыклад з Пітэрам Пэнам, але ён рэальная асоба і рамантычнасць — толькі адна з праяў яго натуры. «Рамантычнасць — даволі супярэчлівая рэч. Можна быць рамантычным і ў той жа час жорсткім. Усё залежыць ад чалавека», — падкрэсліў музыкант. Харкет лічыць, што ў людзей, у тым ліку ў яго, патэнцыял нашмат большы, чым яны думаюць. «Шмат залежыць ад абставінаў. Калі мне неабходна штосьці абараніць, я буду агрэсіўны і жорсткі», — сказаў ён.

Назва новага альбома Out of my hands, паводле слоў Харкета, азначае не страту, а стварэнне ім чагосьці сваімі рукамі. «У мяне ёсць аднайменная песня, якая прысвечана жыццю і смерці. Гэта тычыцца ўсіх нас. Вы павінны пачуць гэтую песню і тады ўсё зразумееце», — сказаў спявак.

Нарвежац адзначыў, што не ведае, з якой музыкай можна асацыяваць Мінск. «Я чуў тую-сюю рускую музыку і не думаю, што яна вам падыходзіць… Я не стаўлю за мэту вывучаць музыку краін, у якія я езджу. Мая мэта — тварыць і выступаць», — падкрэсліў скандынаў.

Харкет коратка адказаў на пытанне, што ён думае аб нарвежскім тэрарысце Андэрсе Брэйвіку,
які расстраляў летам мінулага года 77 чалавек: «Мы ўсе працягваем смуткаваць. Мы спрабуем зразумець, як гэта наогул магло адбыцца і чаму краіна аказалася непадрыхтаванай да такіх падзей».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?