На мінулым тыдні мы выпадкова сустрэліся ў Мінску з Анджэем Пачобутам.

Думаеце, мы хоць секунду абмяркоўвалі пытанні свабоды прэсы?
Нічога падобнага. Вось як выглядаў дыялог двух беларускіх журналістаў дваццаць першага стагоддзя.

- Анджэй, ты ў Мінску?! А як жа...

- Дык мне ж паводле прысуду можна перамяшчацца ў межах Беларусі. Так што ў Мінск я змог прыехаць.

- А як жа каменданцкая гадзіна? Табе ж таксама нельга пасля дзесяці вечара з дому выходзіць!

- Не, у мяне гэтага ў прысудзе не было. Гэта табе нельга з дому вечарам выходзіць, а мне можна. Так што ездзіць па Беларусі я магу - ад панядзелка да панядзелка. У панядзелкі адзначацца ў міліцыі, павінен быць у Гродне.

- А ты таксама чатыры разы на месяц адзначаешся?

- Не, у мяне першы, другі і трэці панядзелак месяца. Калі шчыра, лёгка заблытацца. А ў цябе?

- А ў мяне - першы, другі, трэці і чацвёрты. У красавіку, можна сказаць, вялікае свята - пяць панядзелкаў. А пяты я прапускаю. Прыемна ўсё ж такі паведаміць інспектару «хрэн вы мяне ўбачыце праз тыдзень!»

Яшчэ мы абмеркавалі перспектывы нашых будучых судоў.

Калі ў нас скончыцца адтэрміноўка выканання прысуду, нас будуць судзіць зноў.
І нават калі ў нас не будзе парушэнняў рэжыму адбывання пакарання, суд абавязкова прыме да ўвагі, ці прызналі мы віну. А мы не прызналі. Гэтак жа як Паўлу Севярынцу далі выдатную характарыстыку для ўмоўна-датэрміновага вызвалення, але непрызнанне віны зрабіла гэтае вызваленне немагчымым. Што будзе праз паўтара года са мной і Пачобутам - невядома. Але нічога добрага мы, натуральна, не чакаем. Адтэрмінаваная турма ўсё роўна застаецца турмой. Пры гэтым фармальна мы лічымся быццам свабоднымі людзьмі і не менш свабоднымі журналістамі. Але сённяшні міжнародны дзень свабоды прэсы мы адзначаць не будзем - якая, к чорту, свабода прэсы, хто яе бачыў у нашых краях?

А яшчэ гэта дзень нараджэння Наталлі Радзінай. Раней мы заўсёды адзначалі яе дзень нараджэння, а заадно («каб два разы не ўставаць!») пілі за свабоду слова. Але мы не можам сабрацца разам ужо другі год. У мінулым годзе ў гэты дзень я сядзела пад хатнім арыштам, а Наташа, якая ўцякла з-пад падпіскі аб нявыездзе, хавалася ў Маскве. У гэтым годзе мы абедзве быццам бы на волі, але я не магу з'ехаць з Мінска, не кажучы ўжо пра Беларусь, а Наташа не можа сюды прыехаць. Так і стасуемся - выключна праз скайп, і келіх за яе здароўе (ужо ніяк не за свабоду прэсы) падымем, чокаючыся быццам адна з адной, а насамрэч усяго толькі з маніторамі нашых камп’ютараў. А гэта не найлепшы заменнік нармальных зносінаў, сяброўства, працы. Фармальна Наташа таксама вольная, толькі гэтая свабода каштавала ёй усяго ранейшага жыцця, у якім былі кобрынскія бацькі, мінскія сябры, любімая праца ў любімай краіне. Нічога не засталося, акрамя працы.

Ці свабодны журналіст, які не мае права прыехаць да сябе дадому?..

Ці вольны Гена Барбарыч з радыё «Рацыя», які працуе легальна, з акрэдытацыяй, у рэдакцыю да якога акурат за некалькі гадзін да пачатку гэтага самага дня свабоды прэсы ўварваліся з ператрусам? Ці вольныя былі Дзмітрый Завадскі і Вераніка Чаркасава?

Тут можна многае гаварыць і многіх успамінаць - забітых, збітых, арыштаваных, падвергнутых ператрусах і пагрозам журналістаў. Але галоўнае зусім не ў адсутнасці свабоды прэсы ў Беларусі.

Проста свабода не бывае асобнай, абмежаванай, для вузкага кола.
Не можа быць свабоды прадпрымальніцтва без свабоды прэсы. Не можа быць свабоды прэсы без свабоды сходаў. Не можа быць свабоды сходаў без свабоды выбару. Не можа быць свабоды выбару без свабоды сумлення. Не можа быць свабоды сумлення без свабоды думкі. Не можа быць свабоды чаго б там ні было, асобна ўзятага, без свабоды наогул. Калі вашая правая рука прыкаваная кайданкамі да батарэі, то вашая левая рука зусім не застаецца свабоднай. Калі, вядома, у вашай левай руцэ выпадкова не заціснутая універсальная адмычка, але гэта не нашая гісторыя. Чалавек, якому даюць магчымасць выбіраць, да прыкладу, веравызнанне без усялякага ціску і рэпрэсій, усё роўна не будзе свабодным, калі да гэтага не будуць прыкладацца ўсе іншыя свабоды. Дакладней, СВАБОДА - без усякага спектральнага аналізу і падзелу на складнікі.

Дрэнна, што гэтага не разумеюць тыя, хто свабоду знішчае.

Ім здаецца, што якраз яны застаюцца свабоднымі - у іх ёсць свабода знішчаць, зневажаць, біць, адбіраць чужое, браць хабар, ламаць лёсы.
Для іх свабода - гэта сінонім улады. Яны не ў стане зразумець - ці то ад адсутнасці розуму, ці то ад поўнай забароны думаць, - што, змагаючыся з чужой свабодай, яны змагаюцца з сабой. Са сваёй уласнай свабодай, са сваім сямейным шчасцем, са сваёй будучыняй і сваімі дзецьмі. Яны ствараюць для саміх сябе і сваіх блізкіх тую атмасферу рабства і страху, якая знішчае ўсё. І іх знішчыць у першую чаргу.

А мы застаемся свабоднымі хаця б у тым, што працягваем за сваю свабоду змагацца.

Мы свабодныя супраціўляцца, супрацьстаяць, абараняцца, садзіцца ў турмы, гарлапаніць тое, што лічым патрэбным.
Так што сёння зусім не свята - проста звычайны дзень працягу барацьбы за свабоду. Працоўныя будні. І калі вы сёння будзеце піць - не піце за свабоду слова. Піце проста за свабоду. Гэта найлепшы на сёння тост. І з днём нараджэння, Наташа!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?