Прыкладна тры дзясяткі чалавек, у асноўным жанчыны, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў і не згодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваякоў, не змаглі сустрэцца з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком.

«Сёння ў генпракурора павінен быў адбыцца прыём грамадзян, аднак нам заявілі, што ён адменены. Калі адбудзецца прыём, нам не змаглі дакладна сказаць», — паведаміла БелаПАН прадстаўнік групы юрыст Тамара Сяргей.

Паводле яе слоў, жанчыны папрасілі сустрэчы з дзяжурным пракурорам і перадалі яму ўжо 21-шы зварот на імя генпракурора.
«У гэтым звароце мы папрасілі яго выканаць абяцанне, дадзенае 2 лютага 2012 года: калі мы напішам асабістыя заявы на прыём, то па магчымасці ён будзе нас прымаць. За тры месяцы ніхто запрошаны не быў», — сказала Сяргей. Жанчыны разлічваюць, што Канюк прадоўжыць перагляд спраў, пачаты яго папярэднікам Рыгорам Васілевічам. «На жаль, з сыходам Васілевіча пра закон і Канстытуцыю ў Генпракуратуры проста забылі. Васілевіч пераадольваў супраціўленне і сабатаж сваіх падначаленых: было ўнесена больш за 30 пратэстаў. Але зараз сітуацыя рэзка змянілася», — сказала юрыст.
Як ужо паведамлялася, 10 мая жанчыны не змаглі дабіцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам або з кіраўніком яго адміністрацыі Уладзімірам Макеем.
8 мая жанчыны спрабавалі трапіць у Дом урада, дзе Лукашэнка выступаў з пасланнем да народа і парламента, аднак іх туды не пусцілі.

«17 мая асабісты прыём праводзіць намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч. Мы адправілі яму асабістыя і калектыўны зварот з просьбай аб сустрэчы хаця б з нашымі прадстаўнікамі. Будзем чакаць. Засталося нядоўга», — заявіла Тамара Сяргей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?