З 14 па 18 мая па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў краіне будзе праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага — узрост!». Яго асноўная мэта — павышэнне ўзроўню бяспекі пажылых грамадзян.

Як паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, гэтымі днямі міліцыя сумесна з іншымі дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі актывізуе працу па аказанні адраснай дапамогі і падтрымкі людзям сталага ўзросту. Ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне будуць прынятыя неадкладныя меры па павышэнні ўзроўню бяспекі адзінокіх пенсіянераў. Дадаткова іх праінфармуюць пра магчымасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Аналіз аператыўнай сітуацыі паказвае, што з пачатку года колькасць пажылых грамадзян, якія пацярпелі ад рук злачынцаў, павялічваецца.

Практычна кожнае шостае супрацьпраўнае дзеянне ўчыняецца ў дачыненні да пенсіянераў. Часцей за ўсё яны становяцца ахвярамі маёмасных злачынстваў. Асноўныя прычыны — уласная няўважлівасць і нядбаласць.
Менавіта таму падчас мерапрыемства запланаваныя сустрэчы з супрацоўнікамі пошты, банкаўскіх устаноў і сацыяльнымі работнікамі. Іх праінструктуюць аб спосабах прафілактыкі злачынстваў у дачыненні да згаданай катэгорыі грамадзян і неабходнасці паведамляць у міліцыю пра кожнае вядомае злачынства.
Нярэдка старыя гінуць ад рук сваіх сваякоў.
Так, нядаўна ў Магілёве ва ўласнай кватэры было знойдзена цела пенсіянеркі. Як высветлілася, яе збіў непрацуючы раней судзімы сын. Жанчына памерла ад чэрапна-мазгавой траўмы. Падазроны затрыманы.

Падчас спецмерапрыемства супрацоўнікі міліцыі наведаюць усіх састарэлых людзей, якія жывуць з асобамі асацыяльных паводзінаў, правядуць з апошнімі дадатковую індывідуальна-прафілактычную працу.

Паводле задумы арганізатараў, спецмерапрыемства «Увага — узрост!» будзе спрыяць павышэнню ступені абароненасці асоб сталага ўзросту, ліквідацыі прычын і ўмоў, што ствараюць перадумовы да правапарушэнняў, зніжэнню колькасці пацярпелых сталага веку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?