Калі меркаваць з выступаў розных афіцыйных асоб, то эканамічны рост за апошнія гады тры быў проста ашаламляльным. Рос ВУП, раслі надоі і накосы, і толькі «часовыя цяжкасці» 2011 папсавалі агульную дабратворную карціну. Цяпер усім абяцаюць зноў па $500 і сытае жыццё да канца года. Аднак ці такія добрыя будуць гэтыя $500 у параўнанні з тымі, якія былі ў недалёкім 2009 годзе? Onliner.by вырашыў палічыць, чаго і колькі сярэдні беларус мог сабе дазволіць на $500 тады і цяпер.

Напрыклад, у спякотнае лета 2009-га можна было зайсці ў краму і набыць марозіва па цане $4,05/кг, а цяпер гэты прадукт пацягне ўжо на $5,36/кг. Такія дадзеныя можна выявіць, даследуючы сярэднія цэны на прадукты харчавання, прыведзеныя ў справаздачах Белстата.

А калі б раптам захацелася пра запас закупіцца на ўсе $500 мясам, то ў 2009 годзе можна было «ўцягнуць» 120 кг ялавічыны першай катэгорыі па цане $4,17/кг. Сёння ж удасца ўзяць усяго 78 кіло пры цане $6,41/кг.

Нават да беларускага сала інфляцыя аказалася бязлітасная:
калі ў чэрвені 2009-га яго можна было набыць за $4,59/кг, то ў чэрвені гэтага года яно каштавала ўжо $5,74/кг.

У пераліку на жывую рыбу запаветныя $500 таксама «схуднелі»: з 234 кг у 2009-м да 174 кг у 2012-м. І зусім сумна робіцца, калі вымяраць абяцаныя $500 у цвёрдым сыры - у 2009 можна было купіць 96 кг прадукту, а цяпер ўдасца атрымаць усяго 76 кг.

А вось большасць паслуг для беларусаў у параўнанні з 2009 годам у далярах патаннела.
Так, плата за электразабяспечанне знізілася больш чым у 2 разы, гарачае водазабяспечанне таксама патаннела (у 2,14 разу), а плата за газ зменшылася ў 1,5 разу.
Самае вялікае зніжэнне дэманструюць паслугі па доступе ў інтэрнэт.
Калі верыць Белстату, то за тры апошнія гады аплата такіх паслуг у далярах знізілася больш чым у 3 разы.

Наколькі ў выніку $500 узору 2009 года адрозніваюцца ад $500 узору 2012-га, кожны можа ацаніць сам. Аднак трэба мець на ўвазе, што сярэдні заробак у $500 у Беларусі абяцаюць да канца года, а якія да таго моманту будуць цэны на тавары і паслугі, наўрад ці ведаюць нават у Мінэканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?