Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў беларускага МУС 29 жніўня абвергла інфармацыю нямецкіх СМІ пра тое, што ў межах супрацоўнцітва з Германіяй праводзіліся практычныя заняткі па «акружэнні дэманстрантаў» і «ліквідацыі масавых беспарадкаў».

«Не адпавядаюць сапраўднасці і распаўсюджаныя сцвярджэнні пра тое, што беларускія праваахоўнікі забяспечваліся нямецкім бокам нейкімі спецсродкамі, у прыватнасці „шлемамі, шчытамі і дубінкамі“, — гаворыцца ў паведамленні УІГС МУС. — Разам з тым паліцыя Германіі аказвала садзейнічанне ў аснашчэнні некаторых міліцэйскіх падраздзяленняў камп’ютарамі і аргтэхнікай. У прыватнасці, былі абсталяваныя класы ў Міжнародным навучальным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і супрацьдзеяння гандлю людзьмі (Мінск, Акадэмія МУС)».

МУС зазначае, што супрацоўніцтва з падраздзяленнямі паліцыі Германіі ў 2009–2010 гадах ажыццяўлялася «пры выкананні нацыянальных заканадаўстваў абедзвюх дзяржаў, норм і прынцыпаў міжнароднага права, палажэнняў двухбаковых і шматбаковых міжнародных дагавораў, удзельнікамі якіх з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і Федэратыўная Рэспубліка Германія».

Супрацоўніцтва ажыццяўлялася па наступных асноўных кірунках:
супрацьдзеянне нелегальнаму аўтабізнесу; барацьба з нелегальнай міграцыяй; аператыўны аналіз; ахова грамадскага парадку пры правядзенні футбольных і хакейных матчаў; вывучэнне асаблівасцяў працы рэгіянальных падраздзяленняў; арганізацыя працы паліцэйскіх участкаў для часовага ўтрымання арыштаваных.

Было праведзена каля 50 сумесных мерапрыемстваў: візітаў, навучаючых і азнаямленчых семінараў на тэрыторыі Германіі і Беларусі. У іх узялі ўдзел супрацоўнікі крымінальнага вышуку, ДАІ, НЦБ Інтэрпола, Акадэміі МУС, міліцыі грамадскай бяспекі, падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, наркотыкамі і злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій, эксперты ДЭКЦ МУС і інш. Усе мерапрыемствы «шырока асвятляліся ў СМІ і ў інтэрнэце».

«Апошняе мерапрыемства ў межах вышэйназванага супрацоўніцтва было ажыццёўлена 22–26 лістапада 2010 года, — паведамляецца ў прэс-рэлізе. — У Вісбадэне прайшлі стажыроўку два эксперты ДЭКЦ МУС (па правядзенні выбухованебяспечных экспертыз па тэме „Хімічнае даследаванне выбуховых рэчываў з прымяненнем спектральных і храматаграфічных метадаў“ у падраздзяленнях БКА (федэральнай крымінальнай паліцыі. — БелаПАН.) Германіі)».

Апрача таго, сумесная праца беларускіх і нямецкіх праваахоўнікаў па выкрыцці міжнародных злачынных груп «мела месца і ў 2011 годзе». «Яркім прыкладам можа служыць выкрыццё банды, якая дзейнічала на тэрыторыі Германіі, Літвы, Польшчы і Беларусі. Яе членамі былі ўчынены 34 узброеныя разбойныя напады на банкі з крадзяжом больш як 800 тыс. еўра», — гаворыцца ў паведамленні.

Раней нямецкія СМІ паведамілі аб перадачы Мінску каля 100 камплектаў міліцэйскай амуніцыі і назіранні беларускімі сілавікамі за разгонам нямецкай паліцыяй удзельнікаў акцыі пратэсту супраць транспарціроўкі цягніка з радыеактыўнымі адходамі. Апазіцыйныя партыі запатрабавалі тлумачэнняў у МУС і заявілі аб неабходнасці слуханняў у профільным камітэце бундэстага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?