63-гадовы чэшскі хакейны спецыяліст Марэк Сікора не пагадзіўся зноў узначаліць мінскае «Дынама» па медыцынскіх паказаннях.
Пасля перанесенай аперацыі на каленным суставе яму пакуль нельга выходзіць на лёд, каб не ўпасці, паведаміў ён журналістам 14 кастрычніка падчас першай трэніроўкі пад кіраўніцтвам в.а. галоўнага трэнера Аляксандра Андрыеўскага.

Андрыеўскі змяніў накіраванага ў адстаўку фіна Кары Хейкіля, а Сікора будзе трэнерам-кансультантам. Раней чэх заяўляў, што завяршае сваю працу ў хакеі.

«Я імкнуўся жыць цывільным жыццём. Я ўжо не хацеў, шчыра кажчы, вяртацца ў хакей.
Але патэлефанаваў Юрый Фёдаравіч Бародзіч (старшыня назіральнага савета «Дынама»), што тут трэнер заканчвае, калі можна дапамагчы, добра гулялі [у мінулым сезоне]. Я сказаў першы раз «не». Ён патэлефанаваў яшчэ раз, сказаў, можа, як кансультант, усё ведаеце, уся засталася на сваім месцы каманда практычна, дапамажыце, удзельнічайце. Я сказаў «добра», — паведаміў Сікора.
Паводле яго слоў, першы раз Бародзіч патэлефанаваў 10 кастрычніка, паміж матчамі «Дынама» ў Рызе і Данецку, калі камандай яшчэ кіраваў Хейкіля.
На прамое пытанне журналістаў, ці прапаноўваў суразмоўца пасаду галоўнага трэнера, чэшскі спецыяліст адказаў: «Ох… Ну, магчыма. Я дакладна не ўспомню тую першую размову. Ведаеце, у чым праблема? Пакуль на лёд нельга — у гэтым праблема. Я сказаў: калі галоўны трэнер, яму трэба на лёдзе быць, а не за бортам. Таму рашэнне спекуляцыйнае крышку. Паглядзім, што будзе».

Сікора зазначыў, што ў гэтым сезоне поўнасцю не бачыў ніводнага матча «Дынама» — толькі відэа галявых момантаў. Найбліжэйшы матч з «Віцязем» 17 кастрычніка ён мае намер паглядзець «як балельшчык, з вышыні, каб бачыць гульцоў, новых гульцоў, хуткасці, большасць, гульню ў меншасці, а пасля гэтага канкрэтна дамовіцца аб супрацоўніцтве, што зрабіць, як дапамагаць».

На пытанне, як прыняла яго каманда, Сікора са смехам адказаў: «Усе ўсміхаліся».

Трэнер лічыць наіўным сцвярджаць, што з яго прыходам «усё будзе добра», бо наперадзе шмат працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?