У экспазіцыі прадстаўлена 89 твораў жывапісу і графікі Шагала розных перыядаў (з 1910 да 1961 году) — пейзажы, партрэты, жанравыя кампазіцыі, ілюстрацыі да Бібліі і літаратурных твораў.
Марк Шагал, «Аўтапартрэт»
Таццяна Сіраковіч
«Акрабат, які ляжыць на галіне дрэва» (1925)
Закаханыя» (1937)
Ілюстрацыя да байкі Лафантэна «Два пеўні»
Ілюстрацыя да «Мёртвых душ» Гогаля — «Гульня ў карты»
«Закаханыя» (1954—1955)
Музей Ізраіля «Ерусалім» мае пяць жывапісных працаў беларускага мастака і каля трохсот графічных. Сярод твораў, прадстаўленых на выставе, — падараваныя музею самім мастаком, яго дачкой Ідай і шматлікімі прыватнымі калекцыянерамі Еўропы, Амерыкі і Ізраіля. Вядучы куратар аддзела графікі Музея Ізраілю Таццяна Сіраковіч запэўнівае, што ў Мінск прывезлі найлепшае з калекцыі. Адбор твораў для выставы рабіў беларускі бок:
— Бальшыня з іх — графіка. Гэта ілюстрацыі Шагала да Бібліі, да «Мёртвых душ» Гогаля, да «Баек» Лафантэна, да ўласнай біяграфіі, якую ён напісаў — «Маё жыццё», да біяграфіі ягонай жонкі Бэлы. Мы ведаем Шагала як выбітнага жывапісца, каларыста. Але гэтая выстава больш прадстаўляе графічныя працы Шагала.
Першая выстава Шагала на радзіме, у Беларусі, адбылася ў 1997 годзе.
На сённяшняй выставе «Марк Шагал: жыццё і каханне» прадстаўленыя ў асноўным позні Шагал. Знакаміты віцебскі перыяд творчасці Шагала ў Музеі Ізраіля амаль не прадстаўлены. Але на цэнтральным жывапісным палатне «Закаханыя», напісаным у 1937 годзе, акрамя букета ёсць сам Шагал, жонка Бэла, іх дачка Іда ў выглядзе анёла, а ўнізе — Віцебск, сцвярджае Таццяна Сіраковіч.
У беларускіх музеях ёсць Шагалава графіка (літаграфія, афорты, акватынта, гуаш), але алейнага жывапісу дагэтуль няма.Таццяна Сіраковіч разважае:
— Ён вельмі касмапалітычны. Пражыўшы пэўную частку свайго жыцця ў Беларусі, Расіі, накіраваўся ў Берлін, потым у Парыж, быў у Амерыцы, вандраваў па Ізраілі — Шагал пакідаў свае сляды паўсюль. У музеях Расіі і Беларусі добрая калекцыя Шагала. Ну, а тое, што ягоныя творы раскіданыя па музеях усяго свету і прыватных калекцыях — гэтага не пазбегнуў ніводзін вядомы мастак авангарду ХХ стагоддзя».
У першы дзень выставы ў зале Шагала вельмі шмат наведнікаў. Вось першыя ўражанні ад выставы:
Спадарыня: «Выстава вельмі добрая, гэта вялікае шчасце. Некаторыя рэчы, да прыкладу, афорты, я ніколі не бачыла. Ну, а карціны ў колеры — гэта нешта незвычайнае. Гэта можна глядзець бясконца».
Карэспандэнтка: «А не крыўдна, што Беларусь — радзіма Шагала, а вельмі мала ягоных твораў ёсць у нашых музеях, усё раскідана па свеце?»
«Ну, калі на гэта крыўдаваць… Шагал жа не адзіны… Той жа самы Суцін, яго ж таксама нічога няма ў нас».
Юнак: «Прыемна бачыць арыгінальныя працы Шагала. Таму што нядаўна былі прадстаўленыя рэпрадукцыі на плошчы Якуба Коласа. І цяпер мы можам пабачыць не ўсе, праўда, працы, але шмат новага. Адкрываем для сябе Шагала».
Спадарыня: «Здзіўляешся такой непасрэднасці ягоных твораў і духоўнасці, якая прыцягвае. Вядома, ёсць майстры, у якіх традыцыйная тэхніка. Але гэты майстар — асаблівы, незвычайны. Ён усё робіць з любоўю. У яго адчуваецца любоў да свайго народа, любоў да каханай жанчыны і найперш — любоў да жыцця».
Назва выставы сімвалічная: «Марк Шагал: жыццё і каханне». Сам Шагал пісаў: «Насуперак усім цяжкасцям нашага свету ўва мне захавалася частка таго адухоўленага Кахання, у якім я быў выхаваны, і вера ў чалавека, які спазнаў Каханне. У нашым жыцці, як у палітры мастака, ёсць толькі адзін колер, здольны даць сэнс жыццю і мастацтву — колер Кахання».