На наступны дзень іх тавар з’явіцца на прылаўках крамаў іншых літоўскіх прадпрымальнікаў. Зрэшты, купцоў шмат і з-за мяжы. Аўто з беларускімі, латвійскімі ці нават эстонскімі нумарамі — не рэдкасць. Шоп-туры прыязджаюць нават са Скандынавіі. Ці акупляе сябе паездка ў Гарунай?

Крама на колах

Ужо а 6-й раніцы складана знайсці свабоднае месца на паркоўцы.
Аб’язджаю рынак з адваротнага боку, тут вольных месцаў больш. Але трэба быць асцярожным, каб не заняць «чужое» месца. «Вы будзеце тут гандляваць?» — адразу падыходзіць да мяне жанчына. «Не…» — «Тады ад’едзьце назад, каб быў падыход да нашай машыны, я буду тут тавар раскладваць». Яна з мужам прыехала з Алітуса, што за 100 км ад Вільні. Столькі ж ехаць ад яе дома да Польшчы. Стары «Фальксваген» даверху забіты пральнымі парашкамі.
Напрыклад, 4,8-кілаграмовы «Персіл» можна набыць за 100 тысяч рублёў — знайдзіце такія цэны ў Беларусі.
Яшчэ некалькі гадзінаў таму прадаўцы закупляліся ім у польскіх супермаркетах на мяжы, а цяпер перапрадаюць тавар з невялікай накруткай. Выходзіць усё адно танней, чым у віленскіх гіпермаркетах.
На стаянцы штодня сотні прадаўцоў вядуць гандаль проста з багажнікаў машын: нехта прадае канцылярскія тавары, нехта — гарбату і каву.
У Беларусі такіх імправізаваных рынкаў, бадай, не засталося. А вось у Гарунах такая форма гандлю цалкам законная.

Кітай ці Польшча?

Чаго на рынку мала, дык гэта заатавараў, а таксама свежай садавіны і гародніны. Прадаўцы раяць звяртацца на іншы віленскі кірмаш, Кальварыйскі.

Затое ў Гарунах шмат адзення.

Беларус, які прывык закупляцца на мінскіх Ждановічах, будзе ў захапленні. Асартымент пад Вільняй такі самы ці нават большы, затое цэны нашмат меншыя. Розніца нават у два разы!
Напрыклад, мужчынская зімовая куртка каштуе 300—500 тысяч рублёў. Можна яшчэ і патаргавацца…

На суседнім прылаўку раскладзеныя акуратна пашытыя красоўкі. «Колькі каштуюць?» — «50 літаў». Гэта каля 150 тысяч рублёў. «Не парвуцца пасля першай прабежкі?» — «Ты што, гэта ж фірмовае, з-пад Варшавы». У адрозненне ад Ждановічаў, на Гарунах прадаецца больш польскага адзення і абутку. Ці лічыць яго больш якасным у параўнанні з кітайскімі ці турэцкімі аналагамі? Раз на раз не прыпадае, прызнаюцца прадаўцы, але раяць купляць менавіта польскае. «А не спрабавалі беларускае адзенне ў сябе на кропцы прадаваць?» Гандляры глядзяць вырачанымі вачыма, нібыта на вар’ята.

Эвалюцыя рынку

Як і ў Беларусі, гарадскія ўлады і гаспадары рынку спрабуюць зрабіць гандаль «больш цывілізаваным». Іншымі словамі, перацягнуць прадаўцоў з намётаў пад дах. За месца ў ангарах можна браць большую арэндную плату.

Спачатку гаспадары Гаруноў збудавалі чатыры вялікія «тэматычныя» ангары. Напрыклад, у адным з іх прадаюцца аўтамабільныя тавары, у другім садовая тэхніка.

Праўда, даверу да такіх збудаванняў у прадаўцоў няма. Год таму адзін такі ангар цалкам згарэў, разам з усім пакінутым на ноч таварам. Прадпрымальнікам давялося пачынаць свой бізнэс з нуля.

Цяпер патроху запаўняецца прадаўцамі яшчэ большае памяшканне, гіганцкі трохпавярховы комплекс. Ён нагадвае мінскі «Імпульс» каля Камароўскага рынку. Ужо цяпер праштурхнуцца ў праходах між шклянымі павільёнамі складана, а свабоднай стаіць яшчэ з палову будынка.

Беларусы скупляюць гуму

Праз дарогу ад рэчавага кірмашу знаходзіцца вялікі аўтарынак. З увядзеннем вялікіх мытаў на увоз машын у Беларусь перагоншчыкі саступілі месца прадаўцам запчастак, расходнікаў і аксесуараў. Ехаць спецыяльна для таго, каб набыць масла ці фільтры, немэтазгодна. Напрыклад, эканомія на куплі пяцілітровай упакоўкі маторнага масла Elf склала ўсяго 20 тысяч рублёў, на масляным фільтры — каля 10 тысяч.

Але па б/у запчасткі ці гуму заехаць у Гаруны варта.
Камплект з чатырох б/у-колаў памеру R15 вядомага еўрапейскага брэнда можа абысціся ў $100. Але найбольшая эканомія дасягаецца пры куплі новай гумы вялікага памеру. У параўнанні з мінскімі цэнамі на кожным коле можна ашчадзіць да $50. На месцы працуе і шынамантаж, каб хуценька перакінуць гуму.

Недапрацаваны сэрвіс

Чаго Гарунам не стае, дык гэта дадатковага сэрвісу. Калі хочацца пад’есці, дык толькі стоячы, а ў меню — хот-дог і шаурма. Паклапаціцеся загадзя і пра патрэбную валюту.

Банкамат на шляху мне сустрэўся толькі адзін, абменнікаў больш, але курс на іх нявыгадны.

Зрэшты, пры вялікай куплі можна ўгаварыць прадаўца прыняць еўра ці, у крайнім выпадку, даляры. А вось на чэкі ці выпісаныя квітанцыі для атрымання TaxFree лепш не спадзявацца. Да таго ўзроўню развіцця рынак у Гарунах яшчэ не дайшоў.

Што скупляюць беларусы?

Упакоўка молатай кавы — 28 000 рублёў за 0,5 кг.

Пральны парашок Percil — 100 000 за 4,8 кг.

Туалетная папера — 25 000 рублёў за 16 двухслойных рулонаў.

Кітайскія джынсы — ад 65 000 рублёў.

Кітайская танная тэхніка (прасы/фены і г.д) — ад 40 000 рублёў за штуку.

Даведка. Рынак Гарунай

Час працы: 6.00—14.00 (апроч панядзелка).

Адрас: Вільня, вул. Гаруну, 68.

Шлях з Беларусі: ад пераходу «Каменны Лог» ехаць проста, нікуды не зварочваць, аж да самога рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?