Гэта «карусельшчыца» даказвала, што жыве ў неіснуючай кватэры.

Гэта «карусельшчыца» даказвала, што жыве ў неіснуючай кватэры.

Гэта жанчына, па сцвярджэнні назіральніка, галасавала не менш за два разы.

Гэта жанчына, па сцвярджэнні назіральніка, галасавала не менш за два разы.

На гэтым аўтобусе падвозілі «карусельшчыц».

На гэтым аўтобусе падвозілі «карусельшчыц».

Праграміст Зміцер Прэдка вырашыў выканаць грамадскі абавязак і стаў на апошніх выбарах назіральнікам.

Праграміст Зміцер Прэдка вырашыў выканаць грамадскі абавязак і стаў на апошніх выбарах назіральнікам.

Мы чакалі з публікацыяй гэтага матэрыялу больш за паўтара месяца. Ці будзе хоць нейкая рэакцыя Цэнтрвыбаркама і пракуратуры на сігналы назіральнікаў? Рэакцыі — нуль.
Справа ў тым, што на апошніх выбарах адбываліся рэчы, якіх нават на ранейшых не было. Як кажуць многія назіральнікі, у вялікіх гарадах, і Мінску ў тым ліку, у дзень галасавання на ўчасткі прыйшло толькі 25—30% выбарцаў. Але паўсюль афіцыйная яўка склала больш за 50%.
Праграміст Зміцер Прэдка на гэтых выбарах быў назіральнікам. «Я грамадзянін сваёй краіны і лічу сваім абавязкам садзейнічаць выкананню законаў».

Выбраў 101-ю Фрунзенскую акругу сталіцы. Кантраляваў выбарчы ўчастак №369, што размяшчаўся ў будынку былой СШ №156. Побач, у гэтым жа памяшканні, знаходзіліся і два іншыя ўчасткі — 367 і 368. І незалежных назіральнікаў было некалькі. Разам з Прэдкам працавалі Ірына Вярбоўская, Алесь Марчанка, Павел Каралёў.

Рэзкая актыўнасць

«Цуды над скрынкамі» пачаліся з першага дня датэрміновага галасавання.

18 верасня яўка на ўсіх трох участках была нізкай: 2-3 чалавекі за гадзіну. Раптам за некалькі хвілін да 17-й колькасць ахвотных прагаласаваць значна вырасла.
«Жанчыны пачалі падыходзіць адна за адной, каля сталоў выдачы бюлетэняў утварылася чарга», — расказвае Зміцер Прэдка.

Назіральнікі западозрылі невыпадковасць і наважыліся праверыць, што там робіцца каля будынка. Побач з участкам, за суседнім будынкам, Зміцер убачыў жанчын, што, прагаласаваўшы, сабраліся ў гурт. Іх было чалавек 60, яны стаялі вакол арганізатара — мужчыны ў касцюме. Заўважыўшы маладога чалавека, група пачала імітаваць сход жыллёвага кааператыва. Аднак, па словах Змітра, сход не клеіўся ад пачатку. І адзіным пытаннем, што сапраўды хвалявала натоўп, была прысутнасць назіральніка, што, найхутчэй, замінала абмяркоўваць фінансавыя таямніцы. «Я не стаў пачынаць здалёк і наўпрост запытаўся, чаму «сход кааператыва» галасуе на як мінімум трох розных участках».

Зразумеўшы, што сыходзіць Зміцер не збіраецца, мужчына абвясціў пра перанос сходу на няпэўны час і запэўніў, што ўсе пытанні будуць вырашаныя наступным разам.

Тым часам у памяшканні ўчасткаў Алесь Марчанка паспрабаваў спыніць «каруселі». На яго заўвагу старшыня камісіі Абрамава адказала: «Гэта народ такі свядомы». Калі мужчына выйшаў у калідор, убачыў там чаргу з жанчын, якім «куратарка» алоўкам рабіла нейкія пазнакі ў пашпарце. Ён папрасіў адну з такіх выбаршчыц паказаць пашпарт. Жанчына разгарнула дакумент на фотаздымку. Але там ніякіх пазнак не было. Тады Алесь папрасіў паказаць старонку з рэгістрацыяй, але жанчына схавала пашпарт і, раптам перадумаўшы галасаваць, сышла. Разам з ёй участак пакінулі і іншыя, у тым ліку «куратарка».

Адна за адной

На наступны дзень, 19 верасня, каля паловы на першую, зноў рэзка ўзрасла колькасць ахвотных прагаласаваць датэрмінова.

Чаргі не было, але, як толькі сыходзіла адна жанчына, адразу заходзіла іншая.

«Прасачыўшы за чарговымі «выбаршчыцамі», я давёў іх ужо да іншага мужчыны ў касцюме (гэтым разам досыць далёка ад участкаў), які акурат накіроўваў новую пару «карусельшчыц». Відаць, ён мяне таксама заўважыў, бо хутка перайшоў дарогу, імкнучыся не паварочвацца да мяне тварам», — узгадвае Прэдка.

20 верасня пачало чынніцца ўсё, каб толькі назіральнікі не маглі выкрываць «каруселі».
Да іх завітала сябра акруговай камісіі і заявіла, што далейшыя звароты назіральнікаў да выбарцаў з мэтай праверыць месца іх рэгістрацыі будуць расцэньвацца як агітацыя (!), што з’яўляецца законнай падставай для выдалення з участка. Згодна з Выбарчым кодэксам, назіральнікі сапраўды не могуць апытваць выбарцаў і весці агітацыю. Але выглядае, што норма інтэрпрэтавалася такім чынам, каб найбольш абмежаваць іх.

Назіральнікі згадваюць камічны выпадак, які адбыўся з адным «афіцыйным» назіральнікам. Немаладому мужчыну ў адзін з дзён патэлефанавалі, а ён неяк уключыў гучную сувязь на тэлефоне і не мог адключыць. Дык яго інструктавалі, каб сам прагаласаваў на адным з гэтых участкаў, — відаць, ён там быў у спісах.

Кватэраў больш за выбарцаў

21 верасня выбаршчыцы не стваралі натоўпу ў памяшканні ўчастка, затое спыняліся перад уваходам, на лесвіцы, у калідорах.

«Я вырашыў прасачыць за адной з жанчын, якая прыцягнула маю ўвагу паводзінамі, — яна ўсяляк пазбягала набліжацца да мяне (відавочна, пазнаючы назіральніка), кружляючы па школьных лесвіцах і паверхах. Толькі праз хвілін 15 яна дакружляла да суседніх участкаў, дзе была запісана на відэа».

Алесь Марчанка звяртае ўвагу, што выйшаў у калідор у адзін з чарговых наплываў «карусельшчыц». І калі з участка выйшлі дзве дзяўчыны, ён папрасіў у іх пашпарты. «Адна корпалася ў сваёй сумачцы і не магла знайсці дакумент. А затым сказала, што дзесьці яго згубіла. Гэта значыцца прагаласавала, а пашпарта няма! Другая ж дзяўчына сказала, што не абавязаная мне яго паказваць».

У апошні дзень датэрміновага галасавання ў старым памяшканні пакінулі адзін 369 участак: астатнія перасялілі ў іншыя месцы.

«Відаць, ужо з’явіліся новыя інструкцыі для «карусельшчыц», згодна з якімі ім раілі ўголас называць адрасы, па якіх тыя быццам жывуць. Гэтая гульня іх і выкрыла — чарговая круцелька назвала кватэру, якой не існуе. Яна настойвала, што жыве на вул. Адзінцова, д.4, кв.53, хаця дзяўчына з камісіі не адшукала аркуш з такім адрасам. А пікантнасць сітуацыі ў тым, што там размяшчаецца дзіцячы дом. Ён трапіў у спісы толькі праз тое, што там зарэгістравана асоба, якая ці то не паспела выехаць з яго па дасягненні паўналецця, ці то проста не змяніла месца рэгістрацыі», — расказвае Зміцер. А пасля таго, як ён сфатаграфаваў тую жанчыну, у памяшканне прыбег мужчына ў цывільным, патрабуючы выдаліць здымкі «яго з жонкай».

Прэдка таксама выявіў, што на 369-м участку наўмысна занізілі колькасць выбарцаў.
На 1217 кватэр (без дзіцячага дома) тут было зарэгістравана 1109 выбарцаў. Старшыня камісіі заявіў назіральніку, што гэта таму, што тут… пражывае шмат расіянаў. Назіральнік не паверыў. На суседнім участку, да прыкладу, у 1096 кватэрах зарэгістравана 2128 выбарцаў.
У асноўны дзень галасавання Прэдка перайшоў на №376 выбарчы ўчастак. І дзесьці за гадзіну да закрыцця ўчастка пачаў заўважаць тых самых жанчын, якіх ён ужо бачыў на датэрміновым галасаванні.
А на вуліцы Зміцер убачыў бела-зялёны аўтобус, у якім сядзелі «карусельшчыцы». За пару дзён да гэтага аўтобус бачылі на іншым участку: на ім забіралі тых, хто прагаласаваў.

Назіральнікі напісалі скаргі ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру. Па словах Алеся Марчанкі, атрымалі адпіскі. Старшыня акруговай выбарчай камісіі Вікторыя Аўраменка адказала, што факты «не пацвердзіліся». То бок заявы незалежных назіральнікаў, заўважае Марчанка, не былі прынятыя ў разлік. З Генеральнай пракуратуры адказалі, што падстаў для правядзення праверкі «не бачаць».

***

Паводле афіцыйных звестак, выбары ў Фрунзенскай 101-й акрузе паспяхова адбыліся і быў пераабраны дзейны дэпутат палаты прадстаўнікоў Аляксей Кузьміч, член Камуністычнай партыі Беларусі.

Гэта тая акруга, якую дэмакратычныя сілы абралі для актыўнага байкоту. Па заявах незалежных назіральнікаў, у рэальнасці выбары тут не адбыліся праз невысокую яўку выбарцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?