Мы паспрабавалі замовіць на навагоднюю ноч зорку беларускай эстрады. Мы наўпрост набралі нумары адказных за арганізацыю канцэртаў, якія пазначаны на афіцыйных сайтах некаторых артыстаў. І вось што атрымалася.

Група «Тяни-Толкай» у навагоднюю ноч можа выступіць у розных месцах

Заказы на выступленне артыстаў у навагоднюю ноч яшчэ прымаюцца. Нельга сказаць, што расцэнкі надта высокія. Напрыклад, мы спрабавалі замовіць артыстаў альбо на навагоднюю ноч, альбо на карпаратыўчык 2 студзеня, які адбудзецца ў адным са сталічных рэстаранаў.

— У ноч з 31 на 1 будзе адна цана, а на 2 студзеня — іншая, — адказалі нам. — Калі працаваць у Мінску ў рэстаране, і выступленне будзе доўжыцца прыкладна паўтары гадзіны,

то гэта будзе каштаваць 3000 долараў. Калі 2 студзеня — 2000 долараў тыя ж паўтары гадзіны.

Дарэчы, на навагоднюю ноч у групы «Тяни-Толкай» ужо ёсць прапановы выступіць.

— У нас звычайна некалькі выступленняў за навагоднюю ноч бывае, — удакладняюць менеджары групы.

Наталля Падольская працуе ў Сочы

Канцэртны адміністратар спявачкі Наталлі Падольскай адразу сказаў, што прапановы выступленняў на Новы год ужо не разглядаюцца.

— У навагоднюю ноч Наталля будзе працаваць у Сочы, а 2 студзеня разам з мужам Уладзімірам Прасняковым яна ляціць на адпачынак, — паведаміў канцэртны адміністратар Алег Барцыа.

Дарэчы, у Сочы накіроўваецца і вядомы кампазітар Эдуард Ханок.

— Хутчэй за ўсё, 2 студзеня паеду ў Сочы — там кожны год у гэты час праходзіць дзіцячы фестываль, — распавядае кампазітар. — Магчыма, паеду туды і раней, на Новы год (зараз якраз пытанне вырашаецца). Звычайна я на Новы год не працую, калі толькі ў Сочы, у санаторыі «Белая Русь». Ды ў мяне і заказы такія рэдка бываюць: я ж не эстрадная зорка, а кампазітар і аўтар папулярных песень.

Аляксандр Кулінковіч: «Камп’ютаршчыкі замаўляюць рокераў»

Лідар гурта «Нейра-Дзюбель» кажа, што запрашэнняў выступіць у навагоднюю ночь пакуль што не атрымліваў.

— Калі запросяць, то, натуральна, абавязкова будзем працаваць, — гаворыць Аляксандр. — Хаця фірмы, якія традыцыйна запрашалі нас, «Крамбамбулю» і «Ляпісаў», наўрад ці запросяць нас усёй кампаніяй. Чаму? Думаю, уся справа ў чорных спісах — не выключана, што карпаратываў яны таксама тычацца.

Увогуле, мне падаецца, што беларускіх зорак не вельмі часта запрашаюць на навагоднія вечарынкі. Ва ўсякім выпадку, у нас не ідзе гаворка пра нейкі «навагодні чос», як у той жа Расіі. У нас усё больш сціпла: не той узровень і выканаўцаў, і спажывання. І калі нейкія буйныя (ці заможныя) фірмы могуць дазволіць сабе зладзіць дарагі карпаратыў, то дырэктары гэтых фірм, як правіла, не «спажыўцы» рок-музыкі. У лепшым выпадку, запросяць Ціхановіча з Паплаўскай ці Аляксандра Саладуху, або расіян — на ўзроўні «выпіць-паплакаць». А вось камп’ютарныя фірмы рэгулярна запрашалі менавіта рок-музыкаў. Ведаю, што адна сур’ёзная фірма нават праводзіла апытанні сярод сваіх супрацоўнікаў на прадмет таго, каго з артыстаў яны хацелі б бачыць, і, зыходзячы з гэтых вынікаў, запрашалі артыстаў. Як правіла, гэта былі «J-Mors», «Крамбамбуля», «Нейра-Дзюбель» і «Ляпіс Трубяцкой». Мы некалькі разоў выступалі менавіта такім складам.

J-Mors патрабуецца час на роздум

Група J-Mors за выступленне ў навагоднюю ноч у Мінску просіць 5000 еўра. Ва ўсякім выпадку, менавіта такую суму агучылі нам па тэлефоне.

За гэтыя грошы група выйдзе на сцэну два разы.

— Спяваць будзем не толькі свой рэпертуар, але і навагоднія хіты, — адказалі нам на некаторыя ўдакладняючыя пытанні. — Мы падыдзем да гэтага пытання творча. Звычайна ніхто не крыўдзіцца. Але нават калі вы вырашыце нас запрасіць, мы возьмем некаторы час на роздум і канчаткова вызначымся, будзем працаваць ці не.

Аляксандр Саладуха канкрэтных лічбаў не агучвае

Вядомы артыст якраз днямі атрымаў запрашэнне на выступленне перад самым Новым годам.

— Буду выступаць гадзіну: 31 снежня з 22.30 да 23.30, — распавядае артыст. — Што тычыцца расцэнак, то ў межах Беларусі, я лічу, нармальна.

Аляксандр Саладуха кажа, што за апошніх восем гадоў нячаста працаваў у навагоднюю ноч.

— Мы якраз учора з жонкай успаміналі: за тыя восем гадоў, што мы разам, на Новы год я працаваў два-тры разы, — гаворыць Саша. — Што тычыцца гэтага года, то не выключана, што на навагоднюю ноч будуць яшчэ заказы. Таму пакуль што дакладна не ведаю, дзе буду сустракаць Новы год.

Артыст прызнаецца, што не адразу пагадзіўся выступіць 31 снежня — спачатку параіўся з жонкай.

— І мы разам вырашылі, што трэба працаваць, — гаворыць ён. — Дарэчы, у апошні час у мяне няма праблем з працай.
Напрыклад, якраз у гэтыя дні ў мяне ўпершыню за 25 гадоў працы на сцэне «трайнік» — тры сольныя канцэрты запар у адным горадзе — Смаргоні. І ўсе з аншлагам! Раней у мяне былі падвойныя канцэрты — два дні запар, а такое першы раз у жыцці. Па цяперашніх часах гэта вельмі крута, ды што тут распавядаць — у нас не ўсе беларускія зоркі поўныя залы збіраюць.

Саладуха кажа, што нядрэнна зарабляе на такіх канцэртах.

— У мяне калектыў 14 чалавек; з беларускіх зорак ужо даўно ніхто так не выязджае, — кажа ён. — Гук, святло, экран, праектар, тэхсклад толькі 5 чалавек!

Напрыканцы снежня артыст разам з сям’ёй з’язджае на Мальдзівы (пуцёўкі ён набыў яшчэ летам).

Альтэрнатыўны варыянт

Баль у Мірскім замку

У Мірскім замку ўпершыню пройдуць стылізаваныя калядныя балі. Праўда, адбудуцца яны ўжо пасля навагодняй ночы.

Цэны не завоблачныя: напрыклад, уваходны квіток на Венскі баль каштуе 500 тысяч рублёў.
Гасцям абяцаюць жывую інструментальную музыку, неапалітанскія напевы, выступ оперных зорак і іншыя забавы. Свецкі рэтрасалон 20-30-х гадоў XX стагоддзя каштуе крыху больш — 600 тысяч.

Між іншым вядома, што некаторыя людзі яшчэ некалькі тыдняў назад браніравалі нумары ў гатэлі, каб сустрэць Раство ў Мірскім замку. Нумары, дарэчы, каштавалі таксама не надта дорага: 720 000 беларускіх рублёў — нумары «камфорт», 950 000 — люкс аднаўзроўневы, 1 275 000 — люкс двухузроўневы.

Колькі каштуюць расійскія зоркі?

Цэннік на зорак расійскай эстрады даволі лёгка знайсці ў Інтэрнэце.

Вось толькі некаторыя кошты.

Крысціна Арбакайтэ — снежань, будныя дні — 30 000 еўра, выхадныя дні — 40 000 еўра, на выездзе — 100 000 еўра, навагодняя ноч у Маскве 30 хвілін — 50 000 еўра.

Лайма Вайкуле — снежань, у буйных гарадах ад 40 000 еўра.

Юлія Савічава — снежань, у Маскве 15 000 еўра, выезд 35 000–40 000, навагодняя ноч — 20 000–25 000 еўра.

Спявачкі Вера Брэжнева, Жанна Фрыске і Нюша за свае канцэрты просяць не больш як 50 тысяч еўра. Праўда, у саму навагоднюю ноч Вера Брэжнева патрабуе 150 тысяч еўра.

Украінская зорка Ані Лорак менш пераборлівая: за гадзіну свайго выступу ў навагоднюю ноч спявачка патрабуе «ўсяго» 60 тысяч еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?