Атрымалі па зубах, а потым «суткі»
8 верасьня вечарам менскія «скінгеды» захацелі адсьвяткаваць у сквэры Янкі Купалы Дзень беларускай вайсковай славы. Праўда, ідучы на акцыю, яны забыліся спароць са сваіх чорных куртачак палатняныя чырвона-зялёныя сьцяжкі. Нянавідныя сымбалі выклікалі энэргічную рэакцыю ў моладзі. Спачатку юнакі з Маладога Фронту, Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ды Партыі Свабоды паспрабавалі патлумачыць аднагодкам, што сапраўдны беларускі сьцяг — бел-чырвона-белы. Пасьля завязалася бойка. Нацыянал-радыкалы згуртаваліся і ўвалілі апанэнтам па баках.
Як потым стала вядома, астатніх «падцяжачнікаў» група амонаўцаў арыштавала ў глыбіні парку. 9 верасьня ў Цэнтральным судзе сталіцы над брытагаловымі прайшлі хуткія суды. Пяць паўналетніх бэйбусаў атрымалі па 15 сутак, непаўналетніх адпусьцілі.
P.S. Цікава, як ацэньвае паводзіны сваіх маладафронтаўцаў лідэр МФ?
Назіральнік