Мітынг у Курапатах

 

Беларусы паміналі Дзядоў. Паводле традыцыі, якая склалася за 10 гадоў, пабываўшы з раніцы на родных магілах, людзі пад абед ехалі памянуць ахвяраў расейскай і савецкай акупацыі на месцы масавых пахаваньняў. Улады забаранілі традыцыйнае шэсьце ў гэтым годзе. Больш за тое, «блакітныя мундзіры» на чале з Чыкіным схапілі дзясятак чалавек з тых, што сабраліся на плошчы Якуба Коласа, каб адтуль рушыць у Курапаты. (Увогуле ў цэнтар гораду сьцягнулі некалькі тысячаў салдатаў унутраных войскаў.) У іншых месцах гораду людзей не чапалі: групкамі, якія збольшага складаліся з старых і моладзі, менчукі дабіраліся да Зялёнага Лугу ад будынку КГБ, дзе ў 30—80-х гадах мучылі, ад парку Чалюскінцаў, дзе расстрэльвалі ворагаў камуністычнага рэжыму, ад Акадэміі Навук, ад Маскоўскіх могілак, дзе былі ўскладзеныя кветкі да магілаў слаўных суайчыньнікаў. Каля сотні чалавек усё ж прайшлі ад могілак да Курапатаў арганізавана, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, са сьвечкамі й кветкамі. Вельмі шмат людзей прыехалі машынамі.

Людзі разбрыліся па жалобным лесе, ставілі сьвечкі там, дзе паабсядала зямля — там, дзе ляжаць сотні людзей. Гісторыкі-аматары прынесьлі й выставілі стэнды са здымкамі, што сьведчаць пра акты вандалізму, калі злодзеі раскопвалі магілы.

Адбыўся мітынг-рэквіем, у якім узялі ўдзел каля 400 чалавек. Айцец Андрэй (Абламейка), сьвятар уніяцкай парафіі Сьв.Язэпа, адслужыў памінальную імшу, казанік з эвангелісцкай царквы сказаў слова памяці.

Сярод людзей сноўдалі дзясяткі агентаў спэцслужбаў у цывільным, выглядаючы каго ім трэба з 17 кастрычніка. Прысутнічалі многія замежныя журналісты, рыхтуючы рэпартажы пра беларускі дзень Дзяды. У каталіцкіх касьцёлах і ўніяцкіх цэрквах памінальныя набажэнствы адбудуцца ў аўторак, 2 лістапада.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0