Лёс клясыка

 

Сёлета 10 ліпеня споўнілася 100 гадоў беларускаму мастаку Пётру Сергіевічу. У Беларусі гэты юбілей прайшоў амаль незаўважна. Затое годна адзначылі яго ў Літве і ў Польшчы. Выставы, круглыя сталы, пошукі твораў, а найперш — непадробная цікавасьць да асобы мастака і да ягонае спадчыны — вось адрозныя рысы гэтае годнасьці. Гэтак павінна быць.

 

Амаль усё сваё жыцьцё Сергіевіч пражыў у Вільні. У беларускай Вільні, як ён яе разумеў.

У 1919 годзе ў ягоныя рукi патрапіла газэта «Kurier Wileсski» з інфармацыяй пра адраджэньне Вiленскага ўнiвэрсытэту з мастацкiм факультэтам. Малады Сергiевiч тады, падпрацоўваючы ад выпадку да выпадку, наведваў то пачатковую школу маляваньня Монтвiла, то Вольную школу малюнку й жывапiсу літоўскага мастака Варнаса.

У 1920 годзе Сергiевiч сабраў стос малюнкаў i акварэляў ды зь iмi папраставаў да Рушчыца. Славуты мэтар, прафэсар Фэрдынанд Рушчыц, быў рады любому вучню. У тыя гады атрымлiваць мастацкую адукацыю мала хто хацеў. Разгледзеўшы практыкаваньнi дзецюка, прафэсар уважлiва агледзеў i яго самога. Пасьля чаго набыў адзiн зь ягоных малюнкаў — эскіз муроў старога ўнiвэрсытэту...

З таго часу Сергіевіч стаў неадлучы ад Вільні. Больш за тое, па вайне ён стаў заслужаным дзеячом мастацтваў Літвы й нават кароткі час ачольваў літоўскі Саюз мастакоў. Пры тым праз усё жыцьцё захаваў сваю беларускасьць. Беларусі прысьвяціў ён усю сваю творчасьць. І гаварыў заўсёды па-беларуску.

Дзьве добрыя выставы мастака роўна ў дзень ягонага нараджэньня адкрыліся ў Вільні. Была выдадзеная невялічкая брашурка. Было багата гледачоў, былі кветкі на магіле й каля мэмарыяльнай табліцы на ягоным доме.

 

КВАТЭРА

Калісьці ў кватэры мастака перагасьцявала ці ня ўся паваенная беларушчына. Сюды прыяжджалі калегі-мастакі і філёлягі, літаратары й гісторыкі. Уладзімер Караткевіч і Яўген Кулік, Арсень Ліс і Алесь Марачкін, Адам Мальдзіс і многія іншыя. Пётра Сергіевіч жыў тут бесьперапынна з 38-га году. Дарэчы, па вайне суседам Сергіевіча быў Янка Шутовіч, колішні рэдактар часопіса «Калосьсе», апошні дырэктар Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.

Я таксама пабываў у кватэры Сергіевічаў, на запрашэньне ўдавы мастака, пані Станіславы. Тут было багата кніг, пераважна па мастацтву й рэлігіі. Віселі палотны, Сергіевіча ды ягоных эўрапейскіх і літоўскіх калегаў 20-х, 30-х, 40-х гадоў. Мяне ўразіў краявід мора перад навальніцаю швэдзкага мастака Эргстрэма, напісаны перад вайною. У найбольшым пакоі мясьцілася майстэрня з высокімі, пад пяць мэтраў угару, стэлажамі, забітымі халстамі, кардонамі, малюнкамі. Стаялі й мальбэрты, станкі, скрыні з фарбамі. Узяў пушачку пастэлі, прачытаў: «Paris, anne 1929». У парадным пакоі — вялікая дзяжа са старой пальмаю, у засені якое — старасьвецкі круглы стол. Наогул, тут было шмат антыкварных рэчаў, ад камодаў да чайных лыжачак. Нават у дрывотніку ляжалі падшыўкі нямецкіх мэдычных часопісаў 20-30-х гадоў, скульптура Глебава і... сапраўдная шыльда Беларускага музэю імя Луцкевіча, мусіць, ад Яна Шутовіча. Пані Стася распавядала пра ўсё з ахвотаю. Кожная рэч тут была рэліквіяй.

Неўзабаве гаспадыня памерла. Паводле тэстамэнту яна пакінула частку кватэры сваёй пляменьніцы, якая жыве ў Польшчы...

У іншай, меншай частцы, жыла чужая жанчына, аднекуль з Расеі, якую падсялілі да Сергіевічаў па вайне. Пані Стася была перакананая, што тая кабета працавала на КГБ...

Калі пляменьніца Сергіевічавай пачала вывозіць рэчы, віленчукі забілі трывогу. Беларусы дамагліся часовай забароны на вываз твораў і рэчаў мастака. Старшыня Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, сп. Нюнька меў да гэтага беспасрэднае дачыненьне. Мне ён распавёў:

— Пляменьніца Сергіевіча жыве ў Гданьску. І паводле тэстамэнту гэтая кватэра пераходзіла пляменьніцы. І калі мы адмовіліся купляць — яны прадалі. А потым усе карціны забралі, і я ня ведаю, куды яны дзеліся. Там было шмат карцінаў. І найбольш каштоўныя, як казаў Лявон Луцкевіч, яна ахвяравала то на касьцёл, то недзе прадала. Беларускія мастакі нешта пабралі. Сергіевічава моцна ўкрыўдавала за гэта. Далейшы лёс быў такі: нешта звозілася да іхных сваякоў тут, у Вільні. Мы зьвярнуліся ў дэпартамэнт, каб не дазволіць вываз карцінаў. Але нам сказалі, што гэта немагчыма, бо гэткі тэстамэнт. І дзе цяпер гэтыя карціны — невядома...

Творчай спадчынай мастака ўсё ж заапекавалася літоўскае Міністэрства культуры. Пасьпелі прымацаваць на дом мэмарыяльную табліцу. Але як ні ўвіхаліся віленскія беларусы, музэю тут гэтак і не зрабілі....

Першы афіцыйны пасланец Беларусі ў Літве, сп. Шчасны, здолеў перакупіць частку гэтай кватэры, дзе жыла суседка Сергіевіча. Была ідэя выкупіць увесь дамок і зрабіць там культурны цэнтар Рэспублікі Беларусь. Але патрабаваўся сур’ёзны рамонт. У той час беларускім паслом у Літве стаў Яўген Вайтовіч, былы міністар культуры. Беларусы чакалі зь ягонага боку разуменьня праблемаў. Але абставіны былі ўжо іншымі... Палову, дзе жылі Сергіевічы, нашчадкі прадалі бізнэсоўцу з Грузіі, спадару Гелашвілі. Вайтовіч кажа:

— Мы зь ім гандляваліся, гандляваліся... Краўчанка сыйшоў — і ствараць музэй нам не выпадала... Потым, са згоды міністэрства, а то і пад ціскам зь яго, мы кватэру прадалі. За тыя грошы, што і купілі... Палову мы купілі, а другую палову не саступіла пляменьніца. Ці, дакладней, загнула вялікую суму.

Кватэра, на якую Беларусь не знайшла грошай, каштавала 24 тысячы даляраў... У 1996-м прадалі й выкупленую частку. Паводле словаў новага гаспадара з Грузіі, нічога вартага ў кватэры ўжо не заставалася. І неўзабаве грузавікі вывезьлі з таго дому апошні «хлуд». Тутэйшыя беларусы нешта яшчэ пасьпелі пахапаць. Напрыклад, алейныя эскізы да росьпісаў у касьцёлах, некалькі тэчак малюнкаў 30-50-х гадоў, шматлікія партрэты алоўкам, пастэльлю. Зараз гэтыя творы зьберагаюцца ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве. Але гэта малая частка... Тады ж з дому прапала й мэмарыяльная табліца пра тое, што тут жыў мастак Сергіевіч... Праз год яе вярнуў на месца сп. Скараходаў, аташэ па культуры беларускага пасольства. Ён кажа:

— Калі я прыехаў у Вільню, табліца прапала. Я пачаў яе шукаць. Пытаўся ў рабочых. Знайшоў недзе там... сярод цэглы ў падвале. І потым зрабіў усё неабходнае, каб прывесьці яе ў нармальны выгляд і вярнуць на дом... Гаспадар быў катэгарычна супраць. Мае першыя размовы сканчаліся практычна безвынікова. Ён быў супраць таго, каб вешаць гэтую шыльду на дом. Але пагадзіўся на тым, каб павесіць не на тым месцы, а побач. Я лічу, што гэта добрае месца і што мы гэта добра ўладкавалі...

Што да самога мэмарыяльнага дому, дык сёньня ў ім гаспадараць чужыя людзі і беларускі паломнік, прыехаўшы ў Вільню, можа хіба толькі звонку далучыцца да аўры памяці славутага мастака. Але яшчэ жывыя тут людзі, якія выдатна яго ведалі...

 

ЧАЛАВЕК

Што ж за чалавек такі быў Пётра Сергіевіч? Гэтае пытаньне я задаў спадару Рамуальду Будрысу, дырэктару Мастацкага музэю Літвы. Спадар Будрыс добра ведаў мастака, спачатку вучыўся ў яго, а пасьля стаў ягоным сябрам...

— Я доўга быў і ягоным суседам. — распавёў Р.Будрыс. — Мы часта сустракаліся й на вуліцы, і ў краме. Ён быў надзвычай прыемны чалавек. Не аднойчы запрашаў мяне ў майстэрню. Гэта быў сапраўдны маэстра. Што мне ў ім найбольш падабалася, дык тое, што ён заўсёды гаварыў на сваёй прыгожай мове. Гэта была нейкая паўночная беларуская гамана. Такая вясковая, сакавітая. Мне на ўсё жыцьцё запомнілася, як ён бязьмежна любіў свой край. Часьцяком чытаў напамяць беларускія вершы. Асабліва, калі быў які слухач. Гэткім слухачом быў і я.

— Ці сачыў за Сергіевічам КГБ? Ці адчувалася гэта?

— Я не магу гэтага пацьвердзіць, бо спэцыяльна не займаўся гэтым пытаньнем. Але, я бачыў у ягонай студыі, праўда прыкрытыя, але гатовыя абразы — ён жа шмат працаваў і для бажніцаў. Гэта адно, а іншае: ён вельмі сябраваў з колішнімі палітзьняволенымі. Да прыкладу, у нас працаваў Ян Шутовіч, ён быў дырэктарам Беларускага музэю ў вайну. Увогуле, уся перадваенная віленская інтэлігенцыя моцна сябравала. Я ведаю, што самому Сергіевічу, як і ягонаму сябру, скульптару Яўхімовічу, вельмі дапамагаў ксёндз-плябан касьцёлу Сьвятое Тэрэзы, Ёзас Вайчунас. Сергіевіч распавядаў, што яны не маглі плаціць за вучобу, дык яны зайшлі да Вайчунаса і шчыра папрасілі дапамагчы. Ён і дапамог. А Сергіевіч пасьля зрабіў ягоны партрэт. Ён наогул сябраваў з многімі сьвятарамі і з усімі, хто вяртаўся са ссылкі, з рэпрэсаванымі людзямі. Што да ГБ. Ён ніколі б не паскардзіўся, каб яго «даставалі» ворганы.

Тое, што за Сергіевічам цікавала беларускае КГБ, не выклікае сумневу. Чалавек, які быў актывістам даваеннае беларушчыны ў Вільні, які пражыў пад нямецкай акупацыяй сярод сваіх колішніх сяброў, большасьць зь якіх была рэпрэсаваная, які ўпарта працаваў у беларускіх касьцёлах, ня мог не цікавіць гэбістаў. Пагатоў, калі ў паваенную Вільню, у ягоную майстэрню, наноў пачалі сыходзіцца беларусы... Бадай, у менскіх архівах КГБ й ЦК КПБ ёсьць што пачытаць пра Сергіевіча...

Спадар Будрыс на просьбу беларускае грамады ў Вільні ды беларускіх дыпляматаў дапамог арганізаваць ладную выставу твораў Сергіевіча ў галерэі «Amatininku». Прайшла асобная выстава і ў Таварыстве Беларускае Культуры. Апроч выставаў, адбыўся й гэтак званы круглы стол, за якім сабраліся тыя, хто ведаў Сергіевіча асабіста й тыя, хто вывучае ягоную творчасьць. Размова неяк сама сабою пайшла ў нечаканым накірунку. Аказалася, што большасьць наогул ня ведае, дзе цяпер ёсьць палотны й малюнкі мастака...

 

СПАДЧЫНА

Аказалася, што тыя зьвесткі, што ёсьць, напрыклад, у «Гісторыі беларускага мастацтва» не адпавядаюць, мякка кажучы, рэчаіснасьці. У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі захоўваюцца толькі тры невялікія жывапісныя партрэты й дзясятак малюнкаў. А ў музэі гісторыі й культуры — адзін партрэт Скарыны. Той клясычны твор, «Шляхам жыцьця», аказваецца, маёмасьць тэатру імя Янкі Купалы. Я нічога ня маю супраць таго, што жывапіс Сергіевіча перахоўваецца ў нацыянальным тэатры. Але... Па-першае, савецкім кніжкам верыць нельга. Па-другое, у мастацкіх музэях Беларусі не зьбіраецца беларускае мастацтва. Захавальнік фондаў Нацыянальнага мастацкага музэю, спадар Паграноўскі, уздыхаючы й разводзячы рукамі, кажа, што няма грошай. Маўляў, ведама, што багата твораў Сергіевіча ёсьць на руках у мастакоў. У Марачкіна, Куліка, Маркаўца. Аднак выкупіць іх няма як. А які й праўда, сэнс аддаваць творы Сергіевіча ў музэй, дзе яны палягуць у пыльныя запасьнікі? Пры гэтым на шанаваньне іншых асобаў грошы ёсьць. Вось ужо трэці раз, да слова, аднавілі сядзібу Рэпіна, пад прыезд Лукашэнкі на віцебскі «Базар»... Нешта палюбілі тую сядзібу пажары. Гэта на беларушчыну грошай няма й ня будзе. Дзяржаўныя грошы знаходзяцца на помнікі Пушкіну і на сядзібы Суворавых. А вось на выставу Сергіевіча ці на шыльду ягонага настаўніка, Фэрдынанда Рушчыца ў Менску, не знайшлі.

Дарэчы, за саветамі камуністы пільнавалі нацыянальнае мастацтва з нашмат большай ўвагаю. Распавядаюць, што па вайне Сергiевiча добра ведаў i Панамарэнка. Партыя сачыла за творчым ростам кожнага больш-менш адметнага беларускага мастака. Рэлігійныя перакананьні Сергіевіча не былі сакрэтам. «Барын» Панамарэнка прапанаваў тады мастаку: «Ты пераяжджай да мяне ў Беларусь, а мы табе i касьцёл адчынiм!». На сваё шчасьце, Сергiевiч застаўся ў Вiльнi.

Багата Сергіевіч маляваў для касьцёлаў ды цэркваў. Апошнiя абразы ён пiсаў на пачатку 70-х, а ў 30-я рабiў абразы i роспiсы для касьцёлаў у Жодзiшках, Быстрыцы, Смаргонi, у мястэчках i вёсках па ўсёй былой Вiленшчыне. Гэтая старонка ягонае бiяграфii па-просту вырваная. Добра, кажу, ці хто зь менскіх музэйшчыкаў цікавіўся лёсамі тых, касьцельных працаў мастака? На гэта ж ня трэба вялікіх грошай. «Не, не цікавіўся», — адказвае спадар Паграноўскі.

Добра, а ці хто займаўся каталягізацыяй твораў Сергіевіча, што ляжаць па прыватных калекцыях? Гэта ж прамы службовы абавязак музэйшчыкаў. «Не, ніхто не займаўся».

Добра, а як адзначылі ў Беларусі стагодзьдзе мастака, чые творы ўпрыгожваюць беларускія падручнікі? «Ніяк», — разводзяць рукамі чыноўнікі зь Менску. А што захоўваецца ў віленскіх музэях? Пра гэта я таксама запытаўся ў спадара Будрыса.

З творамі Сергіевіча, я, як музэйшчык, маю справу ад 1958 году. А ўжо ў 60-м мне собіла сабраць ягоную вялікую юбілейную выставу. Гэта атрымалася й сапраўды буйная выстава, што займала амаль увесь другі паверх мастацкага музэю, ён месьціўся тады ў старой віленскай Ратушы. Гэта была цудоўная экспазыцыя, ён прадстаўляў сваю найбуйнейшую рэч, прысьвечаную Кастусю Каліноўскаму. Былі й іншыя працы — пэйзажы, вельмі багата з Браслаўскага краю, віленскія краявіды, шмат партрэтаў. Найбольш цікавы зь іх — партрэт Максіма Танка, які выклікаў тады агульнае захапленьне. Шмат было твораў, прысьвечаных вясковаму жыцьцю, простым людзям. Ён штогод выяжджаў на сваю бацькаўшчыну, на Паазер’е, шмат там маляваў... Тая грандыёзная выстава й цяпер у мяне перад вачыма.

Зараз у нашым музэі больш за 300 жывапісных палотнаў гэтага мастака. У іх ліку — найбуйнейшыя. Прыкладам, тыя ж палотны, прысьвечаныя Каліноўскаму, Урублеўскаму, іншыя гістарычныя карціны. Зараз у нас вялікая рэканструкцыя. А пасьля абавязкова зробім адмысловую залю пад Сергіевіча. Ягоныя творы — гэта ж клясыка...

Я зьвярнуўся да аташэ ў справах культуры беларускага пасольства ў Вільні спадара Ўладзімера Скараходава, можа ўсё ж ёсьць які шанец паказаць у Менску тую выставу Сергіевіча, што экспанавалася ў Вільні? Спадар Скараходаў аказаў:

-- Мы хацелі б, каб адбылася сур’ёзная выстава Сергіевіча ў гонар ягонага стагодзьдзя. Хутчэй за ўсё, увосень. Зь міністрам культуры Літвы я размаўляў, ён падтрымлівае гэтую ідэю. Я яшчэ не выключаю, што гэта можна будзе зрабіць у рамках дзён Вільні, што проўдуць у Менску 20-24 лістапада.

Мне згадалася тая, адзіная й апошняя выстава Сергіевіча ў Менску, у 1981 годзе. Таксама хацелі, як лепей. Мастаку спаўнялася 80 гадоў. Над падрыхтоўкай выставы працавалі дзясяткі беларускіх мастакоў розных пакаленьняў: ад Яўгена Куліка да Адама Глёбуса... Але да юбілею адчыніць выставу не дазволілі. Тады таксама адтэрмінавалі на позьнюю восень. Работы ўжо былі ў Палацы мастацтва. Ізноў прыехаў Сергіевіч, ужо зусім слабы стары чалавек. Аглядаў са зьдзіўленьнем свой велізарны мастакоўскі плён, вакол якога ўвіхаліся ягоныя менскія калегі. І... зноў ня выйшла. Прывезьлі некую выставу расейскіх мастакоў і таму тэрмінова трэ было вызваліць Палац мастацтва. Сергіевіча гэта балюча закранула. Давялося чакаць яшчэ колькі месяцаў. Юбілейная выстава адчынілася праз год пасьля юбілею... І вось цяпер, праз 20 гадоў гісторыя паўтараецца.

 

МАСТАК

Што значыў Пётра Сергіевіч для літоўскага мастацтва, для Літвы? Кажа Рамуальд Будрыс:

 

— Пётра Сергіевіч быў праўдзівы віленчук. Ён прыехаў у Вільню зь вясковай Беларусі вучыцца. Ягоная творчасьць ад пачатку зьвязаная з гэтым местам. Вільня ж горад многіх народаў, ня толькі літоўцаў. Сергіевіч прынес у мастацтва нашага краю свой сьветлы, жыцьцялюбны пагляд, бо і ў жыцьці быў вялікім аптымістам. Пасьля апошняе вайны ён выкладаў у мастацкім інстытуце малюнак і кампазыцыю. І сваё ўмельства падараваў маладым студэнтам. І дасёньня многія са знакамітых літоўскіх мастакоў — гэта вучні беларускага мастака Сергіевіча.

Выглядае, што Сергіевіча гатовыя ацаніць і ў Літве, і ў Польшчы, адно не на ягонай радзіме, якой ён аддаў усё, што меў — свой талент. Была такая ідэя — стварыць у легендарным Богіне, на Браслаўшчыне, адкуль родам і Сергіевіч, ягоны музэй. Тут яшчэ жывыя людзі, што помняць яго. Ён прыяжджаў сюды штогод, маляваў землякоў. Людзі хадзілі б у гэткі музэй паглядзець на свае партрэты й на сваіх родных. Ім бы й шанаваць ягоную спадчыну. Ня выйшла... Жонка Сергіевіча ўсё бурчэла: «Муй Пётра тылько хлопув вовчас малюе...». Пані Стася была зацятая полька. А мастак думаў, што менавіта гэтыя партрэты сялянаў патрэбныя будуць Беларусі. Дарэчы, Богіна — невялікае мястэчка з царквою на беразе вялізнага возера, якое завецца Богінскім. Гэтае возера ў сваіх «Лябірынтах» апісаў яшчэ Вацлаў Ластоўскі.

Месца Пётры Сергіевіча ў сучаснай беларускай культуры нават без дапамогі спэцыялістаў надзвычай выразна акрэсьліў сваёй творчасьцю сам мастак. Гэта той тып творцы, якога нацыя ведае са школьных падручнікаў, дзе друкуюцца хрэстаматыйныя карціны пра падзеі гісторыі або партрэты вялікіх людзей або проста пэйзажы. Менавіта для ўнутранага ўжытку найлепшым чынам надаецца творчасьць Сергіевіча. Яго наўрад ці станеш разглядаць у канктэксьце мастацкіх шуканьняў ХХ ст. Ягоная вартасьць у іншым.

У часы нацыянальнага станаўленьня, калі пішуцца першыя падручнікі, напрацоўваецца пэўны багаж стэрэатыпаў, у тым ліку і выяўленчых, якія далей будуць пераходзіць у наступнае пакаленьне падручнікаў у нязьменным выглядзе, забясьпечваючы пераемнасьць асацыятыўных шэрагаў нашых бацькоў, нас саміх, нашых дзяцей і ўнукаў. Менавіта гэты непублічны працэс сьведчыць пра тое, што нацыя адбылася, што ў яе ёсьць свая культурная ўсім вядомая атрыбутыка. Сям’я і школа — падставовыя ўзроўні станаўленьня будучых носьбітаў нацыянальнае мовы і шырэй — нацыянальных інтарэсаў. Для школы Сергіевіч пісаў зразумелыя палотны пра паўстаньне Каліноўскага і выявы вялікіх людзей, для сям’і — ствараў партрэты простых людзей, на якіх іхныя ўнукі будуць бачыць сваіх продкаў. Для ўсяго гэтага падручнікавага мастацтва ХХ стагодзьдзе пакінула ў Беларусі вельмі мала шанцаў. Сергіевіч — рэдкае выключэньне.

У свой час геніяльны каталёнскі мастак Сальвадор Далі, заўважыў, што нічога ня мае супраць камунізму, бо ад камунізму застануцца толькі пыльныя архівы. На жаль, дадаў мастак.

Некалі гэтыя словы я ўспрымаў літаральна, дзівячыся, наколькі прадбачлівым быў Далі, выславіўшы гэтую сэнтэнцыю ў 70-я гады. І толькі цяпер зразумеў яго глыбей...

На радзіме Сергіевіча, у цяперашняй Беларусі, застануцца адно нецікавыя пыльныя архівы камуністаў, кагэбістаў ды іхных ідэйных спадкаемцаў. На жаль...

Але лёс падарыў Сергіевічу немалое жыцьцё, талент і працавітасьць, а таксама добрае чалавечае атачэньне, каб ён мог сам зьдзейсьніць гэты працэс, закласьці такія асновы, сьцерці якія ўжо ня зможа ніякі рэжым.

 

P. S. Днямі я дазнаўся ўсьцешнае навіны. Алена Глагоўская, дасьледчыца беларускае гісторыі з Гданьску, паведаміла мне, што пляменьніца жонкі Сергіевіча ўсё ж такі перавезла творы мастака ў Польшчу. Цяпер самая вялікая калекцыя ягоных работаў там, у Гданьску. І польскія беларусы зьбіраюцца цяпер выкупіць самыя каштоўныя творы для беларускага музэю ў Гайнаўцы, што пад Беластокам. Вось гэтак і скончылася тая дэтэктыўная гісторыя.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0