АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

Дзень Волі ў Польшчы

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Польшчы пачалося з Балтыйскага ўзьбярэжжа. У мінулую суботу сябры беларускага культурніцкага таварыства “Хатка”, што ў Гданьску, усклалі кветкі на магілы вядомых беларусаў, пахаваных на гданьскіх могілках. А ў суседнім Сопаце была наладжаная прэзэнтацыя кніжак успамінаў удзельнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. У нядзелю Дзень Волі сьвяткавалі беларусы Беласточчыны. У Беластоку адбылося сьвяточнае спатканьне, у Гайнаўскім ліцэі — імпрэза для моладзі, у Бельску-Падляскім — выстава выданьняў Беларускага гістарычнага таварыства.

У панядзелак сьвяточны канцэрт беларускіх бардаў адбыўся ў варшаўскім клюбе “Апэтыт архітэктаў”. Яго арганізаваў Інстытут беларускай культуры. Сьпявалі Віктар Шалкевіч і Серж Мінскевіч (Андрэй Мельнікаў не прыехаў з-за праблемаў з пашпартам). У аўторак і сераду ў Варшаўскім унівэрсытэце адбыліся Беларускія чытаньні — шэраг лекцыяў на этнічныя, культурныя і грамадзкія тэмы .

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

 

Нашы забавы

Міжнародная выстава “Індустрыя забаваў”, што прайшла ў Менску 22—24 сакавіка, мела прыгожую рэкляму. Аднак бальшыня павільёнаў нагадвала філію рэчавага рынку — ці то менскага стадыёну “Дынама”, ці то Ждановічаў. Праўда, асартымэнт вопраткі быў бяднейшы і меў вузка спэцыялізаваны спартовы характар. Зацікавіць наведнікаў і пераканаць іх, што ў нас насамрэч існуе нейкая “індустрыя забаваў”, маглі толькі паасобныя куточкі выставачнага цэнтру: малеча тоўпілася каля вялікіх цацак-дыназаўраў, якія круцілі галовамі, раскачваліся ды раз-пораз нягучна раўлі. Падлеткаў больш вабіла гульня на грошы каля сучасных “аднарукіх бандытаў” — аўтаматы “Лэдзі Шанец” ніколі не пуставалі. І, безумоўна, вялікай папулярнасьцю і ў дзяцей, і ў дарослых карысталася дыскатэчнае абсталяваньне, якое дазваляла пускаць фантаны мыльных бурбалак ды струмені халоднага дыму. Вось цяпер і ўсе нашы забавы.

Аркадзь Шанскі

Новая спрадвечная гісторыя

Альбом рамансаў Вікторыі Ільлінскай на вершы Славаміра Адамовіча “Прыгожае” прэзэнтавалі на мінулым тыдні ў Траецкім прадмесьці. Аднае абвесткі ў “Нашай Ніве” хапіла, каб утульная залька музэю Максіма Багдановіча запоўнілася цалкам.

 

Вікторыя Ільлінская сталася той першай, якая стварыла песьні на вершы Славаміра Адамовіча. Доўгі час Славамір заставаўся адзіным з новае генэрацыі паэтаў, якога “не сьпявалі”. Сапач, Глёбус, Бабкоў, Сыс, Анемпадыстаў, Вераціла прасьпяваліся Касяй Камоцкай цягам 1990-х. Кася брала ўдзел у прэзэнтацыі “Прыгожага” ў якасьці госьці. Кася прызналася, што яшчэ перад тым, як трапіць у турму, Славамір прынёс ёй вершы для песень. “Я ня ведала, як да іх падступіцца — падкрэсьлена мужчынскіх”. Кася павіншавала Славаміра з тым, што Вікторыя Ільлінская адчула тую струнку, якая нарадзіла жаночае ўвасабленьне Адамовічавай “лірыкі змаганьня й каханьня”.

У альбоме працягласьцю 53 хвіліны — 32 рамансы на гіты Славаміра Адамовіча з “Плавільшчыкаў расы”.

Дапамог выданьню альбому Алесь Камоцкі: “Вікторыя грае на гітары зусім проста, — кажа ён. — Спачатку ўзьнікла адчуваньне, што неабходна дадаць другую прафэсійную гітару ці нават фартэпіяна. Але пазьней я зразумеў, што “разынка” менавіта ў прастаце, непасрэднасьці й дзіўнай сіле голасу”.

Сам Славамір, здаецца, раўнаваў свае вершы да Вікторыі Ільлінскай. Калісьці ў адным з інтэрвію ён прызнаўся ў адной са сваіх “маленькіх слабасьцяў” — раўнівасьці. Зрэшты, прысутныя ўспрынялі “маленькія слабасьці” Адамовіча прыхільна. А Людка Сільнова павіншавала Вікторыю Ільлінскую вершам:

 

Спрадвечная гісторыя –

жаданая Вікторыя

Ў галовах ваяроў.

І б’юцца за крылатую,

Пазвоньваючы латамі,

Мужчыны

Зноў і зноў.

Ян Качулка

 

Невядомае паўстаньне

Вольга Гарбачова Паўстаньне 1830–1831 гадоў на Беларусі. Менск: БДУ, 2001.

Ці важная старонка ў нашай гісторыі – паўстаньне 1830–31 гадоў? Сталы чытач “Нашай Нівы” адкажа “так”. Тады іншае пытаньне – а хто ім кіраваў? Адказу, пэўна, ня будзе. Усе ведаюць, што паўстаньне 1794 г. узначальваў Касьцюшка, паўстаньне 1863–64 – Каліноўскі (у Беларусі), а хто галоўны герой 1831-га? Тое паўстаньне не пакінула выразнага адбітку ні ў народнай сьвядомасьці, ні ў ведах адукаванай публікі. Паўстаньне разглядалася як факт мясцовае, лякальнае гісторыі. Так, найвышэйшым дасягненьнем ягонае гістарыяграфіі быў адмысловы нумар палескага часопісу “Гістарычная брама” (№ 1’2001), які складаўся збольшага з матэрыялаў краязнаўчага характару.

Зьяўленьне кнігі Вольгі Гарбачовай сьведчыць, што паўстаньне цікавіць беларусаў і як зьява нацыянальнага маштабу, вартая спэцыяльнай навуковай распрацоўкі. Аўтарка багата папрацавала ў расейскіх ды польскіх архівах, у кнізе шмат спасылак на працы замежных навукоўцаў, адсылак да дакумэнтаў. Гэта адзначыць варта, бо кнігу з такой агульнай назвай – “Паўстаньне 1830–1831 г. на Беларусі” – можна было скласьці і на падставе толькі апублікаваных у нас досьледаў.

Аўтарка лічыць, што паўстанцаў у Беларусі было каля 15 тысячаў. Хто такі паўстанец? Шляхцюк, які сьвядома бярэ ў рукі зброю, селянін, якога гоняць на бой пад прымусам, ксёндз, які моліцца за перамогу “польскай” зброі і хавае яе ў кляштары? Сярод тых асобаў, якія пасьля задушэньня паўстаньня былі прыцягнутыя да адказнасьці, каля 28 % складалі сяляне, а каля 35 % – “шляхта”, “дваране” і “памешчыкі”. Якая рэальнасьць стаіць за гэтым? Вось дзе поле дзейнасьці для будучых дасьледнікаў.

“Асноўным вынікам паўстаньня зьявілася рэзкае пахаладаньне з боку расейскай улады да беларускіх зямель”, – такая выснова аўтаркі падаецца па-жаночаму эмацыйнай. “Каханьне” і “пахаладаньне” ў міждзяржаўных і міжнацыянальных адносінах пазначаюць па-мужчынску канкрэтныя рэчы. Можа, наадварот, цар пасьля паўстаньня палюбіў Беларусь, толькі любоў тая азначала для яго ачышчэньне Беларусі ад польскай заразы? Наўрад ці можна назваць “пахаладаньнем” актыўнасьць расейцаў у справе новага ўпарадкаваньня Беларусі. Колькі разоў цар абяцаў даць Заходняму краю асобную адміністрацыю, заснаваную на нейкім самакіраваньні. Пасьля паўстаньня даў – Камітэт заходніх губэрняў, немагчымы раней уладны орган. Толькі быў ён не прадстаўнічым, а, хутчэй, акупацыйным. У такім самым рэчышчы ішлі іншыя адміністрацыйныя пачынаньні – скасаваньне ўніяцкай царквы, разбор шляхты. Цікава, што татальная моўная русіфікацыя тады так і не пачалася, бо сялянства па-ранейшаму заставалася падначаленым памешчыкам-“палякам”. Правалілася і палітыка перасяленьня на Беларусь сялянаў зь “велікарускіх” губэрняў. Рыхтаваліся прыняць тут да 10 тыс. перасяленцаў, а прыехалі некалькі сотняў. Прычыны застаюцца невядомымі. Аднак, як зазначае аўтарка, адказаць на ўсе пытаньні, што паўстаюць перад дасьледнікамі Лістападаўскага паўстаньня, праблематычна дасёньня.

Наклад кнігі – 100 асобнікаў, гэта своеасаблівы сумны рэкорд для выданьня, што падымае супэрважную тэму. Паўстаньні і цяпер многіх пужаюць.

Валеры Пазьнякоў

 

Піва болей, чым вады

Напэўна, кожны, хто жыве ў Чэхіі, ведае, як бывае: закарцела вам пачытаць газэтку ці кніжку, напісаць ліст ці проста пра нешта паразважаць, і зайшлі вы ў якую прыемную кавяраньку ці рэстарацыю ды выбіраеце, што ж замовіць. Піва? Пэўна што не, хочацца ж засяродзіцца, лепей што-небудзь безалькагольнае... Але колькі ні чытайце мэню, ня знойдзеце ў ім нічога таньнейшага. Кава, гарбата, кока-кола, мінэралка — усё каштуе гэтулькі сама, а то й болей за паўлітра добрага піва. Тутака гэта ўжо нікога не зьдзіўляе. Толькі замежныя госьці дзівяцца, бо няма ў сьвеце іншай краіны, дзе ўзровень цэнаў быў бы гэткі неспрыяльны для “непітушчага чалавека”. Калі за дзьве гадзіны ў шынку выжлукціць, скажам, чатыры куфлі піва, заплаціш пад 80 крон.

А калі піць гарбату, каву, мінэралку ці сок — выйдзе ў два разы даражэй. За звычайную гарбату “з пакеціка”, якая ў краме каштуе паўтары кроны, у кавярні аддасі аж 20 кронаў. Уладальнікі кавярняў цьвердзяць, што такім чынам яны мусяць кампэнсаваць нізкія цэны на піва. Півавары, у сваю чаргу, кажуць, што такія цэны фармуе рынак.

Узровень спажываньня піва ў Чэхіі (160 літраў на чалавека ў год) наблізіўся да фізіялягічнае мяжы і расьці ўжо ня будзе, хутчэй наадварот. Аб’ём незапатрабаванага напою (штогод чэскія бровары вырабляюць 18 млн. гекталітраў піва) будзе павялічвацца. Гэта, разам са зьменаю ладу жыцьця (чэхі ўжо не сядзяць з раніцы да вечара ў піўной, як у часы Швэйка), паўплывае на попыт. Ягонае зьніжэньне выкліча рост цэнаў.

Але працэс гэты ня будзе хуткім хоць бы з-за жорсткае канкурэнцыі паміж броварамі. І пакуль уладальнікі кавярняў і рэстарацыяў мусяць зважаць на сёньняшні стан. Яшчэ за камуністамі чэхі казалі, што ўрад, які падвысіць цэны на піва, будзе скінуты, што ўрэшце й сталася з урадам Антаніна Навотнага.

У табліцы прыведзены цэны на піва й іншыя напоі ў кавярнях і рэстарацыях розных краінаў. Стопрацэнтнае супастаўленьне тут, на жаль, немагчымае: уплывае стыль харчаваньня ў кожнай краіне, узровень падаткаў ды цэнаў, нават гісторыя. Так, у Варшаве, якая пасьля колішняга падзелу Рэчы Паспалітай была пад Расеяй, танных шынкоў амаль няма, у адрозьненьне ад Кракава, дзе зьберагаюцца традыцыі Габсбурскае манархіі.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0