Навука

 

Дзяўчынка ці хлопчык?

Ад чаго залежыць пол будучага дзіцяці? Вядома, што ўсё вырашаюць гены: калі 23-ю пару храмасомаў утвараюць дзьве храмасомы Х — будзе дзяўчынка, калі ж Х і Y — хлопчык. Адна Х-храмасома ў нас заўсёды ад маці, ад бацькі ж мы атрымліваем Х або Y. Таму дагэтуль лічылася, што менавіта бацька мае вырашальны ўплыў на пол дзіцяці. Аднак чаму ў такім разе адны бацькі маюць болей дачок, другія — сыноў?

Было выяўлена шмат заканамернасьцяў, напрыклад:

— мужчыны з высокім грамадзкім статусам часьцей маюць сыноў;

— мужчыны, якія праз свае прафэсійныя абавязкі штодня падлягаюць небясьпецы і стрэсу (лётчыкі-выпрабавальнікі, вадалазы ці кіроўцы “Формулы-1”), часьцей маюць дачок;

— чым старэйшы бацька, тым большая імавернасьць нараджэньня дачкі;

— болей сыноў нараджаецца па вайне;

— калі ў нейкай супольнасьці няшмат жанчынаў — нараджаюцца дзяўчынкі;

— бацькі, што паляць цыгарэты, маюць на 10% большыя шанцы на нараджэньне дачкі, чым некурцы;

— жыхары паўднёвай Эўропы часьцей за скандынаваў маюць сыноў, але ў Паўночнай Амэрыцы тэндэнцыя адваротная: больш хлопчыкаў нараджаецца ў халоднай Канадзе, чым на цёплых паўднёвых ускраінах кантынэнту.

Ці можна гэтыя разнародныя назіраньні аб’яднаць у адну тэорыю? Якія прынцыпы выбару полу?

Робэрт Трайвэрз з Ратгерскага ўнівэрсытэту ў Нью-Джэрзі і Дэн Уілард з Гарварду лічаць, што эвалюцыя дбае пра тое, каб мы самі маглі ўплываць на пол нашых нашчадкаў. Прырода “прыдзяляе” бацькам такі пол дзіцяці, які забясьпечыць ім болей унукаў. У палігамным сьвеце жывёлаў самец можа мець дзяцей больш як з адной саміцай, пры ўмове што ён лепшы за сваіх супернікаў. Ён мусіць быць больш прывабны, дужы й здаровы. Калі ён можа мець такіх самых дзяцей, як сам, — добра, каб гэта былі сыны. З рознымі саміцамі яны забясьпечаць яму болей унукаў. Калі ж ягоная кандыцыя не такая добрая — хай будуць хоць бы дочкі. Такое адбываецца і ў людзей у манагамных супольнасьцях, лічаць вучоныя.

Аднак паводле якога прынцыпу адбываецца “наданьне полу” дзіцяці? Існуюць тры гіпотэзы. Першая: мужчыны “найвышэйшага гатунку” могуць прадукаваць больш спэрматазоідаў з Y-храмасомай, слабейшыя, у сваю чаргу, маюць больш спэрматазоідаў з Х-храмасомай (фактычна, у спэрме мужчынаў, якія маюць выключна дачок, 70% спэрматазоідаў зь “дзявочымі” храмасомамі).

Другая гіпотэза: эмбрыёны аднаго полу часьцей падлягаюць выкіданьню. Трэцяя: менавіта арганізм маці вырашае, які спэрматазоід аплодніць яйцаклетку. Гэта можа залежаць ад моманту авуляцыйнага цыклу. Лічыцца, напрыклад, што на стадыі максымальнае апладняльнасьці перавага аддаецца спэрматазоідам з Y-храмасомай. Таму часты сэкс часьцей можа прывесьці да нараджэньня хлопчыка, бо апладненьне адбываецца раней. Гэтая гіпотэза тлумачыць “хлапечы бум” пасьля войнаў, калі мужыкі, што ссумаваліся па жонках, вяртаюцца дадому.

Валерыя Грант з Оклендзкага ўнівэрсытэту таксама мяркуе, што апошняе слова ў вызначэньні полу будучага дзіцяці належыць маці. Зь ейных дасьледаваньняў вынікае, што жанчыны, якія маюць рысы моцнай і дамінантнай асобы, часьцей нараджаюць хлопчыкаў. Ключом да разьвязаньня загадкі, лічыць Грант, мае быць тэстастэрон — полавы гармон, які адказвае за мужчынскія рысы характару, такія як агрэсія, прага суперніцтва і дамінаваньня. Грант дапускае, што кожная яйцаклетка загадзя прыстасаваная да прыняцьця спэрматазоіду з храмасомай Х або Y, і вырашае гэта менавіта тэстастэрон, які ўтрымліваецца ў яечніках жанчыны. Калі яго болей за сярэднія паказьнікі, менавіта ён актывізуе яйцаклеткі, “настроеныя” на спэрматазоіды з Y-храмасомай. І наадварот, нізкі ўзровень утрыманьня тэстастэрону сьведчыць аб прыярытэтным становішчы спэрматазоіду з Х-храмасомай.

Валерыя Грант дасьледавала асаблівасьці жанчынаў з дапамогай адмысловага тэсту. Жанчыны меліся пазначыць прыметнікі, што, на іх погляд, найлепш іх характарызуюць (напрыклад, гордая, незалежная, самотная, напалоханая). Сярод прыметнікаў было трынаццаць словаў, што азначаюць схільнасьць да дамінаваньня. Чым больш іх жанчына абярэ, тым большая ступень яе дамінантнасьці. У выніку экспэрымэнт сярэдні паказьнік аказаўся роўны тром. Досьледы Грант даводзяць, што жанчыны, якія дасягаюць выніку восем і болей, маюць ажно 80-працэнтны шанец нарадзіць хлопчыка. Тэст гэты даступны праз Інтэрнэт: www.sexratio.com.

Польскія антраполягі Багуслаў Паўлоўскі і Эльжбета Цепляк таксама схільныя лічыць, што пол дзіцяці залежыць найперш ад жанчыны, а дакладней, ад яе біялягічнай кандыцыі. Падставай для экспэрымэнту сталася вага пры нараджэньні першага дзіцяці. Чым большая вага, тым лепшыя ўмовы, у якіх плод разьвіваўся.

Жанчыны, якія нараджалі першых дзяцей, маючы вялікую масу цела, маюць большыя шанцы на тое, што іх другое дзіця будзе хлопчыкам. Ты здаровая — дык гадуй сыноў! — здавалася б, гаварыў сам арганізм жанчыны. Аднак навукоўцаў зьдзівіла, што гэтая залежнасьць была праўдзівай толькі тады, калі першым дзіцём… была дзяўчынка. “Праўдападобна, вага дзяўчынкі пры нараджэньні — найлепшая мерка агульнага стану маці, — дапускае доктар Паўлоўскі. — Хлопчыкі ў біялягічным сэнсе больш адчувальныя, і таму розныя нэгатыўныя чыньнікі, якія могуць зьявіцца падчас цяжарнасьці, стаюцца прычынай значнага паніжэньня вагі іхнага цела. Дастаткова, калі жанчына падчас цяжарнасьці будзе падлягаць стрэсу ці паліць цыгарэты. Дзяўчынкі ж больш “таўстаскурыя”, і вонкавыя ўплывы менш уплываюць на іх вагу пры цяжарнасьці маці”.

Вось жа, калі вы моцная, здаровая жанчына і замест таго, каб заплятаць косы сваім дочкам, вы прагнеце цыраваць падзёртыя на каленках сынавы нагавіцы — не хвалюйцеся: ваш арганізм ведае пра гэта. І, магчыма, для спэрматазоідаў зь “дзявочымі” іксамі ён паставіў знак забароны ўезду.

Паводле “New Scientist”

 

Гультайства сілкуе фантазію

Дзяцінства буйных дзеячоў культуры і навукі часта праходзіла ў нібыта несур’ёзных гульнях ды гультайстве. Будучыя дызайнэры ды мадэльеры сьпелілі сваю неўтаймоўную фантазію апранаючы лялек, біёлягі гадзінамі назіралі за насельнікамі сажалкі, а славутыя вандроўнікі рабілі свае першыя караблі зь перакуленых крэслаў…

Цяпер тысячы маленькіх вучняў пасьля тлумных гадзінаў у школе зазвычай бавяць рэшту дня ў студыях, гуртках ды сэкцыях. Бацькі, здаецца, папросту не выносяць выгляду дзіцяці, не занятага чым-небудзь карысным. Іначай, на іхную думку, дзіця зробіцца “цяжкім”.

Тым часам беларускія пэдыятры наракаюць на шырока распаўсюджаныя ў малодшых клясах дзіцячыя нэўрозы ды ўжо хранічныя хваробы эндакрыннай сыстэмы, кровазвароту і страваваньня сярод старшых школьнікаў. Вынікамі дзіцячых перагрузак мэдыкі лічаць нэрвова-псыхічныя адхіленьні кшталту аслабленай памяці, нечаканых пераменаў настрою, раздражняльнасьці ды парушэньняў сну.

Псыхолягі заўважаюць, што людзі з “зарэглямэнтаваным” дзяцінствам вырастаюць бяз творчага пачатку і залішне патрабавальнымі. Пакінутыя без навязанай звонку волі, такія людзі няздольныя да самаарганізацыі. Вядомая ў Вялікабрытаніі дзіцячы псыхоляг Кэтлін Кокс кажа, што дзеці, якім не даводзіцца абапірацца ў жыцьці на ўласныя сілы, ня маюць стымулу для іх зьяўленьня і разьвіцьця. Ледзьве ў дзіцяці разгледзелі якія-кольвек здольнасьці, яму не даюць кроку ступіць “бяз сэнсу”. На думку Кэтлін Кокс, якраз у часе “бессэнсоўных тусовак” дзеці вучацца знаходзіць сабе занятак ды выбіраць тое, што ім падабаецца. Заарганізаваныя ж бацькамі дзеці, выдраўшыся зь сям’і на волю, у ВНУ ці ў шырокі сьвет, сутыкаюцца зь лішкам вольнага часу і губляюцца, бо ня ўмеюць належным чынам яго разьмеркаваць. Вынікам можа быць усё што заўгодна — ад няздольнасьці своечасова здаць пісьмовую працу да загулу на некалькі тыдняў.

Намаганьні бацькоў заняць вольны час дзяцей маюць лёзунгам “Хай у іх будзе ўсё тое, чаго мы, босыя і голыя, у дзяцінстве ня мелі”. Бацькі проста апанаваныя жаданнем трымаць дзяцей у стане заўсёднага шчасьця. Ледзьве тыя пачынаюць плакаць, іх кідаюцца супакойваць і забаўляць, кормяць пры лёгкім голадзе, а пры першых прыкметах суму ім вынаходзяць новую форму дзейнасьці. “Але калі вас увесь час імкнуцца задаволіць, вы ніколі не атрымаеце сапраўднага задавальненьня, бо вам невядомае супрацьлеглае адчуваньне, — піша Кэтлін Кокс. — І тады вы працягваеце адсоўваць мяжу далей, спрабуючы дасягнуць поўнага задавальненьня”.

Тае самае думкі трымаецца і аўтар папулярнай цяпер на Захадзе кнігі “Ці слухаем мы сваіх дзяцей?” італьянскі сацыёляг Паола Крэпэ. Ён піша, што такое выхаваньне даводзіць дзяцей да стану эмацыйнай недасьведчанасьці. “Калі памёр дзядуля ці бабуля, вазьміце дзіця, нават малое, на пахаваньне. Невялікі боль — добры настаўнік”, — раіць Крэпэ. Гэтаксама і сум падчас пэрыядычнай незанятасьці можа дапамагчы бацькам падрыхтаваць дзіця да сутыкненьня з высокімі патрабаваньнямі сучаснага сьвету.

“Калі вы ўвесь час адпавядаеце плянам, якія маюць на вас іншыя людзі, то кім вы ёсьць, калі застаяцеся на адзіноце?” — пытаецца Кэтлін Кокс. Паводле ейнае думкі, дзіця, якое ніколі не пакідаюць сам-насам з сабою, не навучыцца жыць самастойна.

Міхал Чарвінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0