Гараскоп Уласава

Мы зь Міколам Лавіцкім от ужо другі ці трэці год вандруем на роварах па ўласаўскіх мясьцінах, сустракаемся зь людзьмі, якія яшчэ памятаюць ці хіба чулі пра Ўласава. От і сёлета дамовіліся на ягоны дзень народзінаў зьезьдзіць у Мігаўку. А калі хапіліся, дык і разгубіліся трохі: дата народзінаў у розных крыніцах розная. У даведніку “Беларускія пісьменьнікі” стаіць 16 (28) жніўня. А ў польскім пашпарце Ўласава, што перахоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы, — 10 жніўня. Разыходжаньне нібыта нязначнае, але для гараскопаў істотнае. Калі дата народзінаў Уласава 10 (22) жніўня, ён трапляе пад знак Рака, а калі ж 16 (28) — дык ён Леў.

Паводле розных характарыстыкаў сучасьнікаў Уласава, ён хутчэй нарадзіўся пад знакам Рака. От, прыкладам, як характарызавала Ўласава пляменьніца: “У ім неяк арганічна спалучаліся лянота, марудлівасьць і незвычайная энэргія, апантанасьць”. Гараскоп кажа, што Ракі — людзі эмацыйныя, даверлівыя, адначасова апантаныя, марудлівыя, але неадступна ўпартыя.

Аўтар артыкула пра Ўласава ў даведніку “Беларускія пісьменьнікі” — Генадзь Кісялёў. Тэлефаную яму, кажу пра свае назіраньні. “Калі пісаўся артыкул пра Ўласава, я пра пашпарт нічога ня чуў… Карыстаўся якімісь даведнікамі. Паглядзіце, якія зьвесткі даюць пра дату народзінаў папярэднія крыніцы...”

Паглядзеў... “Беларуская савецкая энцыкляпэдыя” 1974 г. наагул пра рэдактара “Нашай Нівы” ня згадвае. У гэтым даведніку шмат самых розных іншых Уласавых — партызанаў, воінаў...

Зазірнуў у купалаўскі даведнік. Там ёсьць невялікі артыкульчык пра Ўласава, але даты яго народзінаў няма, толькі гады жыцьця: 1874—1941.

Ня значыцца дата народзінаў Уласава і ў сьледчай справе. Застаецца толькі зазірнуць у найноўшыя энцыкляпэдычныя даведнікі — “Беларускую мову”, гістарычную энцыкляпэдыю і “ЭЛіМБел”.

Але расчаравалі мяне найноўшыя даведнікі. Прыкладам, энцыкляпэдыя “Беларуская мова” не дала хоць якога артыкульчыка пра Ўласава. Пра “Нашу Ніву” дала, а пра ўклад яе апекуна ў станаўленьне літаратурнай мовы — ані слова.

Першай падала артыкул пра А.Уласава (1987 г.) энцыкляпэдыя “Літаратура і мастацтва”. Там значыцца дата народзінаў — 16 жніўня 1874. Гэтую дату паўтарыла і гістарычная энцыкляпэдыя.

Тэлефаную зноў Генадзю Кісялёву. “Як бы яно там ні было, якія б зьвесткі ні давалі даведнікі, пашпартную дату трэба ўлічыць”, — раіць слынны беларускі дасьледнік.

Улічваем! Тым больш што праз два гады — у 2004-м — Уласаву будзе 130. Нашай грамадзкасьці, нашаніўцам варта было б парупіцца неяк нарэшце ўшанаваць адну з самых выдатных асобаў мінулага стагодзьдзя. Хоць бы якой памяткай у Мігаўцы...

Што да мяне, дык я неяк сымбалічна прывязаў год народзінаў Уласава да скульптурнага фантану “Хлопчык зь лебедзем” ля Купалаўскага тэатру. На ім значыцца лічба — 1874. Якраз год народзінаў Уласава.

У.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0