Справа Леніна—Сталіна жыве. Проста нельга не згадаць чытанага ў газэтах за 1929 год: «Замест каляд — дні ўдарнай працы ў калгасах», «25 сьнежня — 2-гі дзень індустрыялізацыі», «Рош-Гашоно» и «Иом-Кипур» — праздники мракобесов»...

У Вялікую Пятніцу, разьвітваючыся з супрацоўніцамі Нацыянальнае бібліятэкі, я нечакана даведаўся, што Пасха Хрыстова — і паводле заходняе, і паводле ўсходняе традыцыі — для іх будзе рабочым днём. І ня першы год. А што Вялікая Субота, калі каталікі йдуць у споведзь, асьвячаюць ежу, рыхтуюцца да ўсяночнае службы і адарацыі, будзе працоўным днём, — на тое мелася адмысловая пастанова ўраду.

Урад абразіў ня толькі пачуцьці каталікоў. Абражаная й Субота юдэйская. Дарма што каталікі ўвечары ў Вялікую Пятніцу моляцца за габрэяў, што ва ўсходніх хрысьціянаў (каталікоў й праваслаўных) на Сьветлай ютрані сьвятар зьвяртаецца да вернікаў як да нашчадкаў Ізраілю, што Суботу сьвяткавалі Хрыстос, апосталы ды іх вучні...

Скажуць: у пастанове ўраду ўтрымлівалася агаворка пра добраахвотнасьць працы ў суботу. Ці ж мы ня ведаем бальшавіцкіх парадкаў?

У нядзелю ўлада абражала пачуцьці і каталікоў, і праваслаўных хрысьціянаў. У Вербную нядзелю — у той дзень, калі Хрыстос выганяў з Храму гандляроў, — працавалі дзяржаўныя гандлёвыя ўстановы таксама. Ня кажучы пра піцейныя кропкі. Гэта само сабою.

Праца ў вольны ад працы дзень — гэта спараджэньне бальшавізму. Нават за прыгонам паны не наважваліся парушаць Божыя і царкоўныя ўстанаўленьні. Нават у Італіі ды Нямеччыне 1930-х да такога не дадумаліся.

Абразіўшы рэлігійныя пачуцьці сотняў тысяч людзей, тыя ж начальнікі на пачатку траўня вызваляць рабочых ад працы на 10 дзён або на два тыдні. Значыць, суботнік быў патрэбны, каб урваць з і так жабрацкіх заробкаў працоўных капейкі на «будоўлю веку» — тае самае Нацыянальнае бібліятэкі. Такі вось клопат пра духоўную культуру. Такое вось — бальшавіцкае — разуменьне культуры.

...Ды што гэта я: пра дзяржаву ды пра дзяржаву? А пра грамадзянаў? Колькі зь іх гандлявалі на базарах? Колькі зь іх рачкавалі ў гэтыя дні на сваіх гародах і лецішчах?

Атэізаваны, павярхоўна закрануты мадэрнізацыяй народ, які ня вельмі ўсьведамляе свае інтарэсы і таму ня мае іх абаронцаў — найперш дзеяздольных прафсаюзаў і партыяў, — выжывае дзякуючы «падножнаму корму». Ён няздольны запатрабаваць ад улады выкананьня ёю ж навязанае канстытуцыі, у якой работнікам нібыта гарантуецца патрэбны для годнага існаваньня заробак. І ўлада эксплюатуе гэтую дурную працавітасьць (словы Янкі Брыля), працу пасьля працы, без выходных, на знос, на скарачэньне жыцьця...

Што зробіш, мы — не палякі і пагатоў ня немцы ці ангельцы. Тыя цьвёрда ведаюць словы апостала Паўла, што кожны павінен атрымліваць узнагароду паводле працы сваёй і ні ў чым ня мець патрэбы.

Быць працавітым і працаю сваёю ў працоўныя дні забясьпечваць сябе неабходным, сьвяткаваць дзень сёмы, прысьвячаць яго Богу, адпачываць ад працы — гэтыя загады, дадзеныя праз прарокаў і апосталаў, не парушаліся юдэя-хрысьцяінскім сьветам, нават калі адбылася сэкулярызацыя грамадзтва. Тая частка юдэя-хрысьціянскае цывілізацыі, у якой цьвёрда аддзялялі дні працы й адпачынку, здолела стварыць грамадзтвы дабрабыту.

Народ, які працуе ў непрацоўныя дні, багаты ня будзе. Гэта жалезнае правіла.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0