Унітарныя прадпрыемствы «Ўправа транспарту і сувязі Менгарвыканкаму», «Менскпасажыраўтатранс», «Менскгар-электратранс», «Менскі мэтрапалітэн» будуць аб’яднаныя і ўтвораць новае транспартнае камунальнае прадпрыемства «Менсктранс».

Абгрунтоўваецца такое рашэньне тым, што на новым прадпрыемстве можна будзе аптымізаваць працэсы кіраваньня і, значыць, скараціць адміністрацыйны апарат. У найбліжэйшыя гады будзе звольнена ад 25 да 35% кіраўнікоў сярэдняга зьвяна і спэцыялістаў, што дазволіць дасягнуць значнай эканоміі сродкаў. Цяжка сабе ўявіць, як для абслугоўваньня адной гіганцкай структуры можа патрабавацца менш кіраўнікоў, чым для чатырох меншых. Эфэкт маштабу, які заключаецца ў зьмяншэньні адміністрацыйных выдаткаў з павелічэньнем памеру фірмы, працуе толькі да пэўнай мяжы. Потым гэтыя выдаткі пачынаюць ізноў расьці дзеля складанасьцяў у камунікацыі, што ўзьнікаюць на занадта буйных прадпрыемствах. Ёсьць небясьпека, што менавіта такая сытуацыя ўзьнікне і на новым «Менсктрансе».

Менгарвыканкам сваім рашэньнем пацьвердзіў незацікаўленасьць у рэфармаваньні гарадзкога транспарту. А яно неабходнае: дзяржава моцна субсыдуе транспартныя прадпрыемствы, бо ўсе яны стратныя. Дый узровень сэрвісу застаецца непрымальна нізкім. Тарыфы на праезд растуць хутчэй за інфляцыю — а транспарт так і ходзіць перапоўненым, машынны парк у жахлівым стане, парушаюцца экалягічныя нормы.

Для рэформы ж звычайна патрабуецца адваротнае аб’яднаньню — рэструктурызацыя, падзел на драбнейшыя структуры, перавод на гаспразьлік, частковая прыватызацыя (акцыянаваньне). Цяпер Менгарвыканкам стварае гіганта, рэфармаваць які пасьля будзе амаль немагчыма. А існаваць ён будзе за тыя ж грошы падаткаплатнікаў — і тых, што будуць купляць адзіны праязны, і тых, што ў тралейбусах ня душацца.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0