22.01.2004

Супярэчлівыя весткі пра балтыйскі газаправод

Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў падпісаў пастанову аб пабудове Паўночнаэўрапейскага газаправоду праз Балтыйскае мора ў Нямеччыну. Кошт праекту — каля $6 млрд. Тым часам прадстаўнік Эўракамісіі выказаў падтрымку праекту пабудовы другой чаргі «Ямалу—Эўропы» праз Польшчу й Беларусь. Фаўзі Бэнсарса, высокапастаўлены чыноўнік у ведамстве камісара ЭЗ па энэргетыцы й транспарце, зрабіў гэта ў Варшаве ў часе цырымоніі зацьвярджэньня ўрадамі Польшчы й Украіны ўгоды ў справе нафтаправоду Адэса—Броды. Аргумэнт — другі «Ямал» каштаваў бы ў 6 разоў таньней за балтыйскі газаправод.

Рэкордныя прыбыткі «Газпрому»

Зыскі «Газпрому» ўзрасьлі ў 2003 на 25% — да $16,5 млрд. Гэта найлепшы паказчык за 30 гадоў, дасягнуты дзякуючы надзвычай высокаму ўзроўню цэнаў.

Арыштаваны заснавальнік Лагойскае вінакурні

Пракуратура абвінаваціла грамадзяніна Ізраілю Ігара Турка ў тым, што ён у 2001 г. у часе працы намесьнікам дырэктара Лагойскага лікёра-гарэлачнага заводу разам з адным з заснавальнікаў прадпрыемства Чэславам Скаржынскім узялі крэдыт у «Беларускім індустрыяльным банку» ($300 000), скарыстаўшыся фальшывымі дакумэнтамі. Пасьля гэтага грошы пералічылі праз падстаўных асобаў на рахунак прадпрыемства-аднадзёнкі ў адзін з маскоўскіх банкаў. Сп.Турак пасьля звольніўся з Лагойску і ўладзіўся інжынэрам у адну менскую фірму. Ён працаваў там да 6 сьнежня, пакуль менская пракуратура яго не арыштавала.

«Дажынкі» ў Ваўкавыску

Сёлетнія «Дажынкі» пройдуць у Ваўкавыску. Фэст прыносіць раёну-арганізатару мільярдныя інвэстыцыі ў парадкаваньне і рамонт.

Кандытары гуртуюцца

Чатыры найбуйнейшыя вытворцы ласункаў — «Спартак» (Гомель), «Камунарка» (Менск), «Чырвоны мазыранін» (Нароўля), «Слодыч» (Менск) абавязаліся працаваць на айчынным рынку ў роўных умовах. Рашэньне прынятае на нарадзе ў Гомелі. Гэтыя чатыры заводы вырабляюць каля 75% усіх слодычаў краіны. Угода прадугледжвае ўніфікацыю адтэрміновак у плацяжах і камісійных узнагародаў.

«Вольва» ў Горадні?

Скончыліся кансультацыі аб разьмяшчэньні ў Гарадзенскай СЭЗ вытворчасьці дэталяў для «Вольва» і «Сканіі» на базе заводу аўтаагрэгатаў «Мінцяжлёгмаш» і «Радыёхваля». Вынік няясны.

Прафсаюзы хочуць паляваць

ФПБ прагне ўзяць у арэнду на 30 гадоў паляўнічыя ўгодзьдзі ў Лагойскім і Барысаўскім раёнах для стварэньня «ўзорнае паляўніча-рыбацкае гаспадаркі ФПБ». Справа выйшла на паверхню пасьля таго, як забіла трывогу група сяброў Таварыства паляўнічых і рыбакоў.

Атрошчанкаву абламілася

Брытанскія мільярдэры браты Барклаі купляюць кампанію «Hollinger Int.», якая валодае газэтай «Daily Telegraph». Кошт гешэфту складзе $468 млн.

Шэры рынак жыве гадамі

Абароты «чорнага рынку» ў Італіі складаюць амаль 550 млрд эўра. Такія высновы робяць італьянскія дасьледчыкі. Прыбытак нелегальных прадпрыемстваў ацэньваецца ў 200 млрд эўра. Прыхоўваньне прыбыткаў цягне недаплату падаткаў на 210 млрд у год. 15 млрд дае выпуск тавараў падробных фірмовых марак. 55 млрд эўра складаюць абароты пірацкага аўдыёвідэарынку. 18 млрд эўра прыносіць незаконная букмэкерская дзейнасьць. Нарэшце, за скамбінаваныя аўтамабільныя аварыі круцялям удаецца спаганяюць 305 млн эўра ў год. Ці ня тое самае ў прапорцыях адбываецца і ў сінявокай бацькаўшчыне?

Гіганцкая сонечная ЭС

Найбольшая сонечная электрастанцыя сьвету паўстане ў Ляйпцыгу, які знаходзіцца трохі паўднёвей Гомелю ці Берасьця. Яе будуе «Royal/Dutch Shell» за 22 млн эўра. Станцыя магутнасьцю 5 мВт будзе забясьпечваць токам 1800 кватэраў у навакольлі Ляйпцыгу — аднаго з найбуйнейшых гарадоў Усходняй Нямеччыны.

«Кодак» пераходзіць на лічбу

Фотаканцэрн «Eastman Kodak» спыніў продаж звычайных апаратаў на рынках ЗША, Канады і Заходняй Эўропы. Звычайную фатаграфію адусюль выціскае лічбавая.

МБ; БелаПАН; радыё «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0