У 2004/05 навучальным годзе ў трох менскіх школах зьявяцца польскамоўныя клясы. Доля беларускамоўных школьнікаў падае ўжо дзесяць гадоў.

Сёлета школьнікі нашай краіны будуць вучыцца на шасьці мовах — беларускай, расейскай, польскай, габрэйскай, украінскай, літоўскай. Пакуль што чыноўнікі Мінадукацыі ня могуць даць ані дакладных, ані прыблізных лічбаў наконт падзелу вучняў і школаў паводле моўнай прыметы, кажуць, што ўсё будзе вядома толькі пры канцы верасьня. Пакуль жа ёсьць зьвесткі толькі па 2003/04 навучальным годзе. Зрэшты, і яны досыць красамоўныя. Беларускамоўных школьнікаў усё менш, і ніводнаму з папярэдніх міністраў адукацыі не хапіла волі ці фантазіі, каб гэтую тэндэнцыю пераламіць.

Па стане на 2003/04 навучальны год у 2503 агульнаадукацыйных школах i школах-iнтэрнатах, пераважна дробных і вясковых (59,5% ад iх агульнай колькасьцi) навучаньне вялося на беларускай мове, у 1337 школах, пераважна гарадзкіх і буйных (31,8%) — на расейскай, у 366 школах (8,7%) — на дзьвюх мовах: расейскай i беларускай.

У 186 школах выкладаньне вялося на мовах нацыянальных мяншыняў Беларусі: 182 з польскай мовай, 2 зь літоўскай і па 1 — з украінскай і габрэйскай. Прычым ніводнай школы нацмяншыняў няма ў Магілёўскай і Менскай абласьцях.

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0