Сапраўдным канкурэнтам Лукашэнкі будзе палітык, які знойдзе ў сабе мужнасьць не шукаць народнай любові лукашэнкаўскімі мэтадамі.

Факт нядаўняга супрацоўніцтва з рэжымам у гэтым выпадку адыдзе на другі плян. Прадказаць, хто будзе «адзіным», складана. Але вылучэньне Казуліна дае тактычныя перавагі апазыцыі. Рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў камэнтуе бягучыя падзеі.

«НН»: Наколькі нечаканым для Вас было далучэньне А.Казуліна да аб’яднаных сацыял-дэмакратаў і фактычнае вылучэньне яго ад гэтай палітычнай структуры у кандыдаты ў прэзыдэнты ад дэмсіл?

Валер Булгакаў: Гэта сапраўды неспадзяванка. З гэтым вылучэньнем перадвыбарны ляндшафт у Беларусі істотна праяўляецца. Можна казаць, што беларуская апазыцыя мае двух лідэраў — Алеся Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна, якія здольны выйсці ў фінальную стадыю перадвыбарнай гонкі.

«НН»: Чаму менавіта Казулін? Досыць скандальная фігура, на думку некаторых…

ВБ: Ён валодае ўнікальнымі палітычнымі рэсурсамі. Па-першае, Казулін мае пэўныя сувязі з нацыянальна сьвядомым асяродзьдзем. Нацыянальны момант вельмі выражаны ў ягоным звароце да беларускага народу падчас закліку ствараць рух «Воля народу». Па-другое, ён мае досыць непрадказальныя сувязі з Расеяй. У гэтай кандыдатуры сканцэнтравана праяўляецца нездаволенасьць Крамля Лукашэнкавай незгаворлівасьцю. Па-трэцяе, ён мае моцныя сувязі зь беларускай намэнклятурай, а таксама выхады на сілавых чыноўнікаў. Па-чацьвёртае, ён цяжэй паддаецца дэманізацыі сродкамі афіцыйнай прапаганды як агент заходняга ўплыву. Гэтыя рэчы робяць Казуліна фаварытам апазыцыйнай кампаніі.

Варта адзначыць, што зварот да беларускага народу вельмі прафэсійна складзены. Яго падпісалі людзі самых розных сацыяльных слаёў. Важна, што Казулін ужо цяпер заручыўся падтрымкай Натальлі Машэравай, што дазваляе яму разьлічваць на вялізны электаральны рэсурс (15—20% галасоў і болей).

«НН»: Пра што сьведчыць вылучэньне Казуліна?

ВБ: Невядома, ці пойдзе ён да канца, наколькі гэты кандыдат тэхнічны. З досьведу мінулых гадоў вядома, як жорстка распраўляецца Лукашэнка з кандыдатамі, якія выйшлі з намэнклятуры. Вылучэньне Казуліна, калі яно не было інсьпіравана лукашэнкаўскімі паліттэхнолягамі, паказвае, што намэнклятура да канца не баіцца Лукашэнкі. Нездаволеныя колы намэнклятуры вылучаюць са сваіх шэрагаў аднаго за адным палітычных лідэраў: былі Чыгір, Ганчарык, Марыніч, цяпер Казулін.

«НН»: Днямі Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях барацьбы з карупцыяй заявіў, што апазыцыя ўздымае на шчыт нягоднікаў, якія пракраліся. У якой меры гэта датычыць Казуліна?

ВБ: Напэўна, датычыць. Была спроба крымінальнага перасьледу… Такая гістэрычная рэакцыя прэзыдэнта дае падставы меркаваць, што за Казуліным сапраўды праглядаецца расейскі сьлед. Палітычная гульня Расеі сьведчыць, што Масква пакуль не дае Лукашэнку карт-блянш на перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах і будзе ўсяляк штурхаць афіцыйны Менск да выкананьня прыватызацыйных плянаў яшчэ чатырохгадовай даўніны. Сапраўдны прарасейскі кандыдат мае расплачвацца беларускай маёмасьцю за падтрымку, аднаго насаджэньня расейскай мовы цяпер мала. Дарэчы, дэмакратам баяцца пераходу беларускай нафтагазахіміі пад расейскі кантроль ня варта. Расейскі капітал у гэтым пляне значна больш дамогся на Ўкраіне, што толькі паскорыла канец Кучмы і прыход Юшчанкі да ўлады.

«НН»: Такім чынам, ужо дзясятак палітыкаў заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Хто, па-Вашаму, мае найбольшыя шанцы стаць адзіным дэмакратычным кандыдатам?

ВБ: Прадказаць, хто будзе адзіным, улічваючы досьвед 2001 году, складана. Калі паўторыцца сцэнар 2001 году, у фінал выбараў выйдуць два кандыдаты ад дэмсілаў. Першы будзе прэзэнтаваць грамадзянскую супольнасьць як такую. Гэта будзе партыйны лідэр ці прадстаўнік трэцяга сэктару, напрыклад, Мілінкевіч. Інтрыга ў тым, ці дойдзе да выбараў рэінкарнацыя палітыка накшталт Ганчарыка — чалавек з моцнымі намэнклятурнымі сувязямі. Калі робіцца стаўка на пасьпяховую барацьбу, мяркуецца, што кандыдат павінен быць сваім для дзяржапарату.

«НН»: Такім чынам, кандыдатам ад грамадзянскай супольнасьці Вы бачыце Аляксандра Мілінкевіча?

ВБ: Ня час займацца футуралёгіяй, але ёсьць пэўныя знакі, што гэты палітык здольны заручыцца падтрымкай шырокіх дэмакратычных колаў. Слабасьць Мілінкевіча ў ягонай малавядомасьці як публічнага палітыка і аморфнасьці яго палітычнай праграмы.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Арцём Лява

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0