«Славянскі базар» як fuckтар сусьветнай культуры.

Самае прыкольнае ў гісторыі віцебскага фэстывалю «Славянскі базар» — амаль штогадовая зьмена канцэптаў. Калі верыць афіцыйнаму сайту мерапрыемства, фэстываль пачынаўся як звычайны камэрцыйны праект, потым стаў гештальтам саюзу Беларусі і Расеі (2002), потым — сымбалем «мірнай садружнасьці славянскіх народаў» (2004).

Сёлета — чарговыя перамены. Як адзначыў Выдатны Канфэрансье, адкрываючы сьвята ў Віцебску, «Славянскі базар» разьмяняў статус — быў прымітыўна шэрым «сапраўды славянскім сымбалем», а цяпер трансфармуецца не ў якое-небудзь хухры-мухры, а ў «фактар сусьветнай культуры». Цяпер яго галоўная фішка — антыглябалізм: «Як да чыстай крыніцы, зьвернуты да фэстывалю погляды славянаў і нашых народаў-сяброў, якія не жадаюць растварыцца ў моры глябалізацыі», — адзначыў найлепшы сябар беларускіх каняводаў.

Самае цікавае, што ядро сталых удзельнікаў віцебскага шоў застаецца амаль тым самым — расейскія і беларускія папсавікі. Рэпэртуар іх таксама ня вельмі мяняецца, і яны добра ўсьведамляюць, пад што падпісваюцца.

Такім чынам, словы Саладухавай песьні «Пацалаваць так хочацца дочкі маёй глаза» ў сярэдзіне 1990-х трэба было ўспрымаць як адкрытае жаданьне чыста нашаткаваць капусты, у 2002 г. — як праяву афігіцельнай сымпатыі да расейска-беларускага сяброўства, у 2004 г. — як заклік да славянаў жыць у згодзе. Нарэшце, сёньня — як праяву салідарнасьці з антыглябалістамі. Сапраўды, было б вельмі файна, каб апошнія, пратэстуючы супраць вайны ў Іраку, кінулі ленанаўскую «Give peace a chance» і перайшлі на «Здравствуй, чужая милая».

Ня менш цікавы тэзіс пра тое, што фэстываль становіцца фактарам сусьветнай культуры.

Прызнаюся, я ведаю толькі адзін спосаб, як «Віцебскі базар» можа стаць фактарам сусьветнай культуры. Нейкая нецьвярозая камэта або астэроід-ліхач, рухаючыся па Мілкіўэй, захоча падрэзаць нашу плянэту, вынікам чаго стане касьмічнае ДТЗ. Як вынік, пасажыры Зямлі абыдуцца лёгкім Армагедонам. Праз колькі стагодзьдзяў чалавецтва неяк ачухаецца і пачне шукаць свае гістарычныя карані. На руінах былога Віцебску археолягі знойдуць амфітэатар «Славянскага базару» і цудам захаваную фанаграму Руслана Аляхно. Радасьці нашых нашчадкаў ня будзе ліміту: гэта адзіныя ў сьвеце музычныя запісы пачатку XXI ст., што захаваліся! Натуральна, запісы Аляхно ўключаць у рэпэртуар усіх кансэрваторый і будуць ставіць іх студэнтам калы, калі тыя не назавуць, у якой па ліку «Фабрыцы зорак» Аляхно быў удзельнікам.

Будзем мець надзею, што да гэтага жудаснага сцэнару справа ня дойдзе, і ў 2006 годзе канцэпцыя сьвята набудзе менш глябальныя контуры. І той жа Саладуха прысьвеціць сваю «Чужую милую» чарговаму абстрактнаму адзінству славянскай расы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0