Маладое папаўненне атрымала форму.

Прызыў неабходны для папаўнення вайсковага запасу, так званых «партызанаў».

У 2013 годзе ва Украіне будзе прыпынены прызыў на тэрміновую ваенную службу. Армію будуць набіраць выключна па кантракце. Пра гэта заявіў новы міністр абароны краіны Павел Лебедзеў. «Як гэта зроблена сёння ў вядучых краінах свету», — дадаў ён. Сапраўды, у ЗША і Германіі служаць цяпер добраахвотна.

Але, напрыклад, у Ізраілі і Швейцарыі прызыў ніхто не адмяняў. У Ізраілі абавязаныя адслужыць нават жанчыны, бо краіна мае варожае атачэнне. Швейцарыя ж абараняе свой нейтралітэт. Таму вайсковая дактрына краіны, лічы, ад Сярэднявечча, нязменна прадугледжвае ўсеагульную службу. Рэзервісты трымаюць зброю дома, а ў краіне збудавана нямала абарончай інфраструктуры.

Тое самае ў Фінляндыі і Нарвегіі. Гэтыя краіны дагэтуль памятаюць савецка­-фінскую вайну. Каб не ўсеагульная вайсковая падрыхтоўка, былі б Хельсінкі сталіцай 16-й савецкай рэспублікі.

Аўстрыя таксама на рэферэндуме вырашыла: прызыў захаваць. Праўда, служаць там толькі паўгода і «дзяржаўнай ідэалогіі» там не вучаць. Існуе магчымасць і альтэрнатыўнай службы (9 месяцаў).

Украінская армія налічвае 192 тысячы чалавек, з якіх вайскоўцы складаюць тры чвэрці. Гэта 5-е па колькасці чалавек войска ў Еўропе.
Згодна з планамі Мінабароны Украіны, цягам наступных 5 год войска мусіць скараціцца да 70 тысяч чалавек.

Грузія таксама плануе перавесці сваё войска на кантракт — але праз чатыры гады.

А што ж Беларусь? Наша краіна ўваходзіць у лік краін, дзе вайсковы прызыў з’яўляецца абавязковым. Працягласць тэрміновай службы складае 1 год для хлопцаў з вышэйшай і 1,5 года — з сярэдняй адукацыяй.
Абавязковаму прызыву на тэрміновую службу, а таксама службу ў рэзерве падлягаюць маладыя людзі ад 18 да 27 год. Пераход да прафесійнага войска не плануецца.

* * *

Адмовіліся ад прызыву

ЗША
Нямеччына
Літва
Латвія
Швецыя
Балгарыя
Кітай
Францыя
Вялікабрытанія
Японія

Захоўваецца абавязковы прызыў

Беларусь
Расія
Фінляндыя
Аўстрыя
Нарвегія
Швейцарыя
Ізраіль
Паўночная Карэя
Паўднёвая Карэя

* * *

«Партызаны» сябе добра зарэкамендавалі

Афіцэр запасу расказаў, чаму трэба захаваць абавязковы прызыў у войска.

Капітан запасу Ігар Гавіна праслужыў ад 2005 да 2010, адзін год выконваў абавязкі афіцэра па інфармацыйна­прапагандысцкай працы. Захаванне прызыву ў Беларусі актуальнае, перакананы ён. Ігар тлумачыць: прызыў неабходны для папаўнення вайсковага запасу, так званых «партызанаў». Па яго назіраннях, апошнія някепска зарэкамендавалі сябе ў часе маштабных вучэнняў апошніх гадоў. Разам з тым, застаецца пытанне, якімі мусяць быць суадносіны колькасці прызыўнікоў і кантрактнікаў.

Да службы ў рэзерве Ігар ставіцца досыць скептычна. Напрыклад, рэзервісты­снайперы паспяваюць досыць павучыцца тэорыі, а на практыку ім даецца вобмаль часу.

Хто сёння служыць у войску? Ігар адзначае, што ў пяхоце зусім мізэрны працэнт прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй. Часам адзін чалавек на тры прызывы. Найчасцей гэта хлопцы з простых, часта няпоўных сем’яў, вяскоўцы.

Як можна скараціць колькасць прызыўнікоў? Найперш за кошт падраздзяленняў, у якіх малады салдат асноўную частку службы абірае бульбу і мые падлогу. «Неабходна пашыраць практыку выкарыстання працы грамадзянскага персаналу», — упэўнены капітан Гавіна.

* * *

Войска беларусізуе ці русіфікуе?

    Войска адыгрывае пазітыўную ролю для дзяржаўнага будаўніцтва, калі яно ўмацоўвае ў прызыўніках іх нацыянальнае «я». І наадварот, войска, дзе гэтае «я» размываецца, рыхтуе глебу для растварэння гэтай дзяржавы ў суседняй. Як з гэтым ідуць справы ў беларускім войску?
    Капітан запасу Ігар Гавіна мяркуе, што ментальна наша войска робіцца ўсё больш беларускім. Але нацыянальнай мовы ў ім усё яшчэ замала: і ў паўсядзённасці, і ў дакументацыі, і ў афіцыйных адносінах. Застаюцца затое рэшткі каланіяльнай спадчыны ў выглядзе традыцыі адлічваць пачатак існавання пэўнага роду войскаў ад Пятра І. Хоць той Пётр І у Беларусі бываў толькі праходам.
    Разам з тым, у войску ўсё часцей згадваюць і пра ўласныя вайсковыя традыцыі і герояў.

* * *

У Беларусі можа з’явіцца альтэрнатыўная служба

    Сёлета плануецца распрацаваць законапраект «Аб альтэрнатыўнай службе». Адпаведны загад падпісаў Лукашэнка.

* * *

Глядзі таксама: Адкуль бяруцца эліты?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?