Ураду трэба разабрацца з тым, як адбываецца фарміраванне кошту жыллёва-камунальных паслуг, ці апраўданы ён. Такое даручэнне Аляксандр Лукашэнка даў 1 сакавіка на пасяджэнні Савета міністраў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, раней ужо неаднаразова даваліся адпаведныя даручэнні, аднак канкрэтных вынікаў няма дагэтуль.

«Мы ўвесь час, зневажаючы насельніцтва, кажам, што яны не плацяць. Прайдзіце ад пачатку да канца, пралічыце, колькі будзе каштаваць кожная паслуга», — запатрабаваў ён.

«Мінэнерга ў нас — гэта дзяржава ў дзяржаве. Яны прыйшлі, вам сказалі, што кошт кілават-гадзіны столькі, вядро вады, вам сказалі камунальнікі, — столькі. Адсюль перакрыжаванае субсідаванне, вы перагружаеце прамысловыя прадпрыемствы і гэтак далей. Хто палічыў рэальную цану?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Каб адысці ад такіх арыенціровачных разлікаў, урад лічыць неабходным перайсці на планава-разліковыя цэны ў кожным рэгіёне, дзе кошт паслуг ЖКГ будзе вызначацца індывідуальна, зыходзячы з мясцовых умоў, паведамляе прэс-служба.

«Вы ўжо сёння патрабуеце павышэння цэн на электраэнергію, камуналку, а ў вас яшчэ няма гэтых разлікаў», — заўважыў Лукашэнка.

Ён таксама даручыў КДК прааналізаваць гэтае пытанне. Пры гэтым выказаў незадаволенасць працай Мінэнерга: «Простая безгаспадарчасць павялічвае сабекошт іх паслуг і тавараў, а мы гэта ўсё глытаем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?