26.05.2013 / 10:51

Сучасная беларуская бальніца — марнаванне дзяржаўных грошай і часу пацыентаў Што Вы думаеце пра бальніцы? З чым Вы сутыкаліся там апошнім часам? 35

Я правёў у бальніцы 13 дзён. І вырашыў для сябе, што наступны раз буду класціся туды толькі ў крайнім выпадку.

Я не буду называць той абласной бальніцы, у якой я ляжаў. Бо тое, з чым я там сутыкаўся, — не асаблівасць канкрэтнага месца. Гэта агульная сітуацыя па краіне.

Якім бы сучасным шпіталь ні зрабілі, вырашальным фактарам застанецца чалавек.

Я клаўся ў бальніцу на абследаванне — для ўдакладнення дыягназу ўчастковага тэрапеўта. Гэта была бясплатная шпіталізацыя. Доктар папярэдзіў, што яна зойме паўтара тыдня. У выніку я фактычна збег праз 13 дзён.

Палата нагадвае студэнцкі інтэрнат...

...са сваёй бібліятэкай...

...санвузлом...

...і супольным душам. Калі вада трапіць у куток (дзе пачарнела), можна заліць кабінет у іншым аддзяленні.

Старая звычка «прапячатваць» бялізну так і не звялася. Часам назву аддзялення падпісваюць ручкай.

На сняданак — аўсянка, масла, сыр, чай.

Абед — суп, пюрэ, морква, катлета, кампот.

Адзін з нямногіх абедаў без морквы: суп, макарона, катлета, кампот.

Пасля такой вячэры дакладна захочацца есці.

Давалі і такое: рыба, буракі, чай.

Вегетарыянская вячэра: рыс, буракі, варанае яйка і чай.

Сусед па палаце аддаваў перавагу галубцам пад гарэлку. Не палохала нават пагроза неадкладнай выпіскі, калі б папаўся доктару.

А дзяжурныя медсёстры спалі начамі, нягледзячы на забарону.

Лекі, як і на Захадзе, прыносяць у кубачках.

Адна з самых страшных працэдур. )

Бальніца

Бальніца вялікая. Не ведаю, што робіцца ва ўсіх аддзяленнях (яны раскіданыя па некалькіх корпусах), але вонкава патрэбнае мне радавала. Чысты калідор, акуратны медпост. У яшчэ большае захапленне прывялі палаты — па чатыры чалавекі (думаў, што будзе ўдвая больш), асобная прыбіральня, праўда, без душа. Душ быў адзін на паверсе — на 12 палат, і мыцца пад ім было праблемна.

У палаце — чатыры ложкі і столькі ж тумбачак, тры крэслы, адзін стол, шафа. Сцены пафарбаваныя. Вялікае акно з балконам (ён, праўда, не адчыняўся — толькі акно), але гэта хаця б давала шмат святла.

Суседзі

З суседзямі пашанцавала толькі ў плане весялосці. Праўда,

каб я пабыў з імі ў адной палаце яшчэ тыдзень, то перайшоў бы на мацюкі, а пра сваю вышэйшую адукацыю забыўся б.

Нас было чацвёра. Я, былы вайсковы верталётчык Алег (ваяваў у Афганістане), праграміст Жэня і кіроўца «МАЗа» Дзіма. Апошні ствараў вясёлую атмасферу, але з ім было і цяжэй. Часта даводзілася паўтараць сказанае, але іншымі словамі, каб ён зразумеў, адмаўляўся ад «высокого штіля». Ягоны дыплом ПТВшніка не дазваляў размаўляць пра нешта апроч «баб», сэксу і гарэлкі.

«Усё, даскакаўся — заўтра прачнешся ў драўляным шынялі», — казаў сусед, калі хтосьці пачынаў скардзіцца на болі.

На шчасце, у нашым аддзяленні ніхто за гэты час не памёр.

За 13 дзён у бальніцы я: страціў 2,3 кг вагі; адвык ад кавы; палюбіў аўсянку; не прачытаў ніводнай кнігі; навучыўся спаць удзень; страціў паўзуба — адкалоўся падчас абеда; расчараваўся ў бясплатнай медыцыне.

Персанал

Сярэдні ўзрост персаналу (на выгляд) — 40 гадоў. Узрост, канечне, нічога не дае. Але суседзі жартавалі, што ў аддзяленнях, дзе пацыенты часта і хадзіць самі не могуць, медсёстры маладыя.

А вось у нас наўмысна працуюць непрывабныя, каб да іх не заляцаліся.

Бачыў толькі некалькі мужчын сярод медыкаў — дактары. Медбратоў — ніводнага (хаця па жыцці сустракаў і такіх). Таму да нас у палату як да самых маладзейшых і дужых прыходзілі з просьбай завезці каго з бабак ці дзядоў на тую ці іншую працэдуру.

«Я вам што, рыкша?» — абураўся сусед, коцячы вазок.

Харчаванне

Яно чатырохразовае.

8.45 — сняданак, 13.45 — абед, 17.00 — падвячорак (кубак кефіру), 18.00 — вячэра.

Ежу ў аддзяленне прывозяць з кухні. Выбару няма: еш альбо не. Раней не даводзілася ляжаць у бальніцах, таму не ўяўляў, што гэта будзе за харчаванне. Аказалася не так страшна: есці можна.

Спадабалася аўсянка, якую давалі ранкам: не шматкі, залітыя кіпенем, а звараная. Так бы і еў яе кожны дзень.

Ежы, канечне, мне як мужыку бракавала. Можна было трымаць сваё — для гэтага ў раздатачнай стаяць два халадзільнікі. І кожны вечар трэба было ў свой пакет укладаць цыдулку, на якой напісаная дата наступнага дня: маўляў, усё свежае. Выглядае абсурдна. Сам быў сведкам, як сусед прынёс ежу, а там частка прадуктаў стухла ўжо. І што з тых цыдулак?

Вольны час

Раніцай, як правіла, доктар робіць абыход. Затым працэдуры. І фактычна другая палова дня — вольная.

З 15 да 17 — «ціхая гадзіна». І паспрабуй выйсці на калідор: трапіш на вочы доктару — атрымаеш у каршэнь. Таму сядзі ў палаце і рабі што хочаш.

Але атмасфера была такая, што ні працаваць, ні хаця б чытаць было немагчыма.

Калі нават у «ціхую гадзіну» засынаў, у 16.00 уключаўся маленькі тэлевізар, і сусед слухаў навіны. Іншы меркаваў, што ўсім будзе цікава слухаць радыё праз дынамікі на яго мабільніку. А трэці гуляў у вайнушку на ноўтбуку: стрэлы і выбухі разносіліся на ўвесь пакой.

Каб бавіць час, даводзілася брацца за крыжаванку альбо гуляць у карты. Карты нібыта забароненыя. Але калі не на грошы, то заплюшчваюць вочы. Вось і сядзелі за «тысячай».

А 22-й гадзіне выключаюць святло. І калі ты не паклаўся спаць, твае праблемы. А дзесьці ў 6.20 санітаркі ходзяць па палатах і збіраюць смецце — спаць фактычна немагчыма.

Такія парадкі нагадваюць калі не турэмныя, то армейскія дакладна.

Працэдуры

Клалі ў бальніцу мяне фактычна дзеля адной працэдуры і заключэння спецыяліста. Але ці то праз нязладжанасць працы, ці то праз чэргі днямі даводзілася чакаць.

Калі б усё зрабілі хутка, шпіталізацыя павінна была б скончыцца праз 7-8 дзён. Астатняе — марнаванне майго часу і дзяржаўных грошай.

Канечне, я магу памыляцца, але так усё выглядала.

Шпіталізацыю мне прызначылі на пятніцу. У 10.30 я стаяў у аддзяленні, а доктар агледзеў мяне толькі а 17.55. А на выходных доктара няма. І фактычна першыя тры дні былі страчанымі.

Я прайшоў галоўную працэдуру, а разам з ёй і іншыя. Меркаваў, што на восьмы дзень выпішуць. Не, пакінулі на яшчэ адны выходныя. Тады чакаў, што ў панядзелак доктар дакладна мяне адпусціць: паклалі ж мяне не каб лячыць. Таксама не — на сераду прызначылі ультрагукавое даследаванне. А за дзень да гэтага сказалі, што праз чэргі на бясплатнае УГД абследуюць не раней за пятніцу. Перспектыва заставацца ў бальніцы не радавала. Чаму б не прайсці тады платна? Так і зрабіў. Але і пасля гэтага мяне хацелі пакінуць на дзень-другі ў бальніцы. Толькі праз сваё жаданне вярнуцца дадому я атрымаў рэкамендацыі па лячэнні і выпіску.

Атрымліваецца, што мяне хацелі тыдзень трымаць толькі праз бясплатнае УГД. А цана пытання склала 90 тысяч рублёў.

...Магчыма, для пенсіянераў умовы ў бальніцы здаюцца санаторнымі: кормяць, даглядаюць, лечаць. Але медыцына спансаруецца з дзяржбюджэту — з маіх і вашых падаткаў, — а таму непрымальна ствараць такі дом адпачынку (дзяўчына з суседняй палаты расказвала, што з імі ляжыць бабулька — маці кагосьці з бальнічных начальнікаў, і яна месяцамі ў розных аддзяленнях так бавіць час).

Пасля трынаццаці дзён, што я правёў у бальніцы, зноў туды класціся жадання няма. Лепш заплаціць грошы, але не «выпадаць» з жыцця на такі час.

Кастусь Матушыч

0
Лекар-пекар / Адказаць
26.05.2013 / 11:39
З фотаздымкаў зразумела, што гэта Менская абласная клінічная бальніца, адзьдзяленьне практалёгіі. Чакаем рэакцыі Мінздрава на такі вось бардэль))
0
Лекар-пекар / Адказаць
26.05.2013 / 11:44
Дарэчы, у іншых лякарнях па краіне тая ж справа: дзяржаўных грошай ніхто з галоўных і звычайных лекараў ня лічыць. А потым яны здзіўляюцца, што заробкі нізкія ды мэдыкаў бракуе. А адкульім узяцца, калі ўсё грошы, якія б маглі йсьці на паляпшэньне сытуацыі, сыходзяць на бессэнсоўныя па тэрмінох шпіталізацыі хворцаў? Працую ў Берасьці - усё тое ж, як і ў артыкуле. Бардак.
0
Варган / Адказаць
26.05.2013 / 11:53
Як сказаў мой тата, які сёлета пабываў у такім мейсцы - "Пацыент там нікому не патрэбны і адданы самому сабе". З уласнага досьведу - жудаснае марнаваньне часу з пункту гледжаньня шчыльнасьці мэдычных працэдур.
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру