26.05.2013 / 10:23

Чым заняць дзяцей у сталіцы ў канікулярныя і выхадныя дні і колькі гэта каштуе?

Зусім хутка школьнікаў распусцяць на летнія канікулы — вось ужо дзе мора часу для гульняў! Малодшыя па ўзросце дзеці, гледзячы на сваіх шчаслівых сяброў, таксама, хутчэй за ўсё, не ўседзяць на месцы. Якія асноўныя варыянты баўлення часу для непасед можна знайсці ў сталіцы ў канікулярныя і выхадныя дні і колькі гэта каштуе?

Хуткасць, вышыня, салодкая вата…

Хто хоць раз у жыцці выходзіў з варот парка атракцыёнаў з ліпкімі ад папкорну і салодкай ваты шчокамі, а таксама з неверагоднымі ўражаннямі ад толькі што перажытага экстрыму, якім у пяць гадоў здаецца карусель з рознакаляровых самалёцікаў, той зразумее, што для малечы значыць такі паход. У Мінску «ўскружыць галаву» можна адразу ў трох самых папулярных месцах: парку імя Чалюскінцаў, цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага і парку забаў «Дрымлэнд».

У першым выпадку за катанне на адным атракцыёне трэба будзе заплаціць ад 6 (напрыклад, на «Ладдзі» ці «Вясёлых горках») да 15 тысяч рублёў (атракцыён «Зігзаг»). Выбар забаў, якія могуць спадабацца малым — ад батутаў і традыцыйных спакойных каруселяў-конікаў да больш хуткасных атракцыёнаў накшталт «Вальсу». Дарэчы, у парку ёсць спецыяльныя цэны для шматдзетных сем’яў. Так, той жа «Зігзаг» са зніжкай будзе каштаваць ужо не 15, а 11,3 тысячы рублёў. Ёсць у парку і атракцыёны, кошты на якія перавышаюць 15 тысяч, але гэта ўжо зусім не дзіцячыя і нават не сямейныя каруселі, на іх не кожны дарослы сесці адважыцца.

Наступны варыянт — парк імя Горкага — ідэальна падыдзе для наведвання якраз тым сем’ям, у якіх ёсць дзеці прыкладна да 10 гадоў. Большасць атракцыёнаў — спакойныя і бяспечныя, сын ці дачка не спужаецца вышыні і хуткасці.

Кошты ў гэтым парку ад 3 да 15 тысяч рублёў.
Самы танны варыянт — наведванне «Пакоя смеху», а вось пакатацца на катары ці коле агляду ў адкрытай кабінцы можна ўжо за 15 тысяч рублёў. Калі катаць на коле агляду плануецца толькі малых дзяцей, можна спыніцца на дзіцячым варыянце гэтага атракцыёна і заплаціць за адзін квіток 6 тысяч рублёў. У парку Горкага, дарэчы, шматдзетныя сем’і таксама могуць карыстацца зніжкамі.

«Дрымлэнд» здолее захапіць не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Там нават існуе спецыяльная класіфікацыя: дзіцячыя атракцыёны, сямейныя і экстрэмальныя. Яшчэ адна асаблівасць парку: набыў адзін квіток — катайся колькі заўгодна амаль што на ўсім. Так, для дарослых уваход каштуе 75 тысяч рублёў, дзіцячы квіток — 65 тысяч рублёў, школьнікі і студэнты могуць катацца за 70 тысяч, а для вялікіх груп ад 10 чалавек ёсць магчымасць набыць квіток па цане ад 35 да 50 тысяч рублёў.

«Сур’ёзныя цацкі» і мары пра падарожжы

Калі ваша дзіця лічыць, што гушканні на арэлях — гэта «не яго», у цацачнай краме выбірае пераважна пісталеты і вінтоўкі, а ў галаве нашчадка жыве імкненне да прыгод і падарожжаў, такога непаседу можна адвесці ў цір ці на дзіцячую чыгунку.

У адным са сталічных ціраў традыцыйная стральба з пнеўматычнай зброі на прызы будзе каштаваць 15 тысяч рублёў за 20 стрэлаў.
Больш сур’ёзныя забавы ў гэтай установе, напрыклад, стральба з пнеўматычных копій сапраўднай зброі (аўтаматаў, вінтовак, пісталетаў), гэта, зразумела, ужо не для дзяцей. Але бацькам можа спадабацца. Для іх ёсць розныя «пакеты стральбы»: у іх ад аднаго да 300 стрэлаў (кошт, адпаведна, ад 1,5 тысячы да 120 тысяч рублёў).

Дзіцячая чыгунка ў час летніх канікул на цягніку можа пакатаць з серады па нядзелю. Як правіла, у вагонах «Сталічнага экспрэса» звычайна ладзяцца цікавыя прадстаўленні, таму маленькім пасажырам ні ў якім разе не павінна быць сумна. Праехаць на дзіцячай чыгунцы можна, заплаціўшы ад 9 да 11 тысяч рублёў.

Пухнатыя, хвастатыя і «вадаплаўныя»

Сын ці дачка нястомна абдымае хатняга любімца Тузіка і кожны дзень просіць купіць яшчэ марскую свінку, а котка, якая жыве ў суседзяў, на ўсялякі выпадак пры з’яўленні на парозе вашага дзіцяці хаваецца падалей? Тады яму, верагодна, спадабаецца ў дэльфінарыі ці заапарку.

Дэльфінарыяў у Мінску два. Знаходзяцца яны ў розных канцах горада, але кошты квіткоў прыкладна аднолькавыя,
таму мы вырашылі расказаць пра той, які месціцца ў заапарку, на вуліцы Ташкенцкай, тым больш што квіток дае права пасля прадстаўлення яшчэ і бясплатна паглядзець на жывёл у вальерах.

У будныя дні ў дэльфінарый можна трапіць з аўторка па пятніцу ў 12, 15 і 18 гадзін. Квіткі каштуюць, адпаведна, 60, 70 і 80 тысяч рублёў. Па суботах і нядзелях прадстаўленні праводзяцца часцей: а 12 гадзіне, а таксама ў 13.30, 15 і 18 гадзін. Сямейны паход у дэльфінарый на выхадных абыдзецца даражэй: 90 тысяч рублёў за адзін квіток, дзеці да 5 гадоў могуць наведваць прадстаўленне бясплатна. За дадатковую плату можна, напрыклад, сфатаграфавацца з дэльфінамі ў вадзе, праплыўшы адзін круг, што будзе каштаваць 150 тысяч рублёў, а паплаваць з дэльфінамі даўжэй, 5 хвілін, можна за 400 тысяч рублёў.

У Мінскім заапарку можна паказаць дзецям ільвоў, вярблюдаў, зуброў, мядзведзя, ласёў, ваўкоў і іншых жывёл.
У спецыяльных вальерах на беразе вадаёма жыве безліч вадаплаўных птушак, а крыху паводдаль можна паглядзець на прыгожых свойскіх птушак. І гэта далёка не ўвесь пералік жыхароў заапарка.

У будныя дні наведаць заапарк можна з 10 да 21.00, а па суботах і нядзелях яшчэ раней — з 9 гадзін. Квіток каштуе 20 тысяч рублёў. Малеча да 5 гадоў праходзіць бясплатна.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру