Расія заявіла, што даставіць у Сірыю ракетныя комплексы С-300, якія дазволяць Дамаску супрацьстаяць замежнай інтэрвенцыі. Па словах намесніка міністра замежных спраў Расіі Сяргея Рабкова, ракеты стануць стабілізуючым фактарам, бо адвернуць некаторыя «гарачыя галовы» ад умяшання ў канфлікт.

Расія таксама крытычна паставілася да рашэння ЕC не працягваць эмбарга на пастаўкі зброі сірыйскай апазіцыі.

«Еўрасаюз фактычна падлівае алею ў агонь канфлікту і зніжае шанцы на выніковае правядзенне канферэнцыі па палітычным урэгуляванні ў Сірыі, у поспеху якога ён павінен быць зацікаўлены», — цытуе намесніка міністра замежных спраў Бі-Бі-Сі.

Ракетныя комплексы С-300 — гэта вельмі эфектыўная сістэма супрацьпаветранай абароны. Яна здольная збіваць як самалёты, так і ракеты, і яе даволі цяжка нейтралізаваць, хоць адпаведныя вучэнні НАТА і Ізраіль праводзілі. С-300 ёсць на ўзбраенні ў арміях Грэцыі, Кіпра і Славаччыны. Ізраіль трэніраваўся ў падаўленні С-300 у межах супрацы са сваімі саюзнікамі-грэкамі.

На ўзбраенні ў СССР С-300 стаіць з 1979 года. Беларусь мае адну брыгаду С-300В, адну брыгаду й два палкі С-300ПС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0