Пра крымінальную справу аб вывадзе грошай праз Усерасійскі банк развіцця рэгіёнаў (ВБРР) «Ведомостям» расказалі два супрацоўнікі праваахоўных органаў. Па іх словах, у канцы 2012 г. следчыя УУС Паўночна-ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы распачалі справу па артыкуле 193 Крымінальнага кодэкса (невяртанне сродкаў у замежнай валюце, да трох гадоў пазбаўлення волі). Справа расследуецца, арыштаваных, абвінавачаных і падазраваных па ёй няма, грошы на рахунках ВБРР не арыштаваныя.

«Ведомости» азнаёміліся з матэрыяламі даследчай праверкі па гэтай справе. У іх апісаныя тры эпізоды: два на суму каля $300 млн кожны і адзін на $290 млн. Ва ўсіх трох выпадках расійскія кампаніі закуплялі розныя тавары ў дзясяткаў (ад 90 да 100 у кожным эпізодзе) беларускіх вытворцаў. Усе аперацыі прайшлі ў перыяд з верасня 2011 года па сакавік 2012 года

Грошы ў аплату пастаўкі паступалі на рахункі расійскіх кампаній ад іх контрагентаў — нібыта ў аплату дамоваў на куплю розных тавараў і абсталявання.
Пасля гэтага яны практычна ў поўным аб’ёме канвертаваліся ў замежную валюту і пераводзіліся не самім вытворцам, а замежным кампаніям на рахункі ў швейцарскіх і латвійскіх банках.

Аплата непастаўленых імпартных тавараў — адна з асноўных схем незаконнага вываду капіталу. Па дадзеных Расфіннагляду, у першым паўгоддзі 2012 г. на яе долю прыйшлося 4% усіх выяўленых агенцтвам парушэнняў. Але ў вартасным выражэнні лічба будзе значна большая. Па статыстыцы ФМС, у 2012 г. на імпарт з выкарыстаннем падробленых дакументаў прыпала больш за 35% ад усяго аб’ёму парушэнняў (135 млрд руб.). Па словах суразмоўцы «Ведомостей» у МУС, матэрыялы па справе на $900 млн у УУС накіравалі якраз мытнікі.

Банкі ў выпадку імпартнай пастаўкі глядзяць пашпарт угоды, дакументы, якія пацвярджаюць пастаўку, у тым ліку ад грузаадпраўшчыка, але адзін з самых важных дакументаў — грузавая мытная дэкларацыя (ГМД), кажа мэнэджар банка з топ-30.

Калі ўгода сумнеўная, банк можа прыпыніць плацеж. Але калі тавары былі беларускімі, яны імпартуюцца ў Расію свабодна, без ГМД, заўважае суразмоўца «Ведомостей», г. зн. у банка няма ключавога дакумента ад незалежнага боку — мытні. Калі пастаўшчык і пакупнік звязаныя паміж сабой і падрабілі дакументы, то выявіць гэта цяжка — трэба правяраць пастаўшчыкоў, склады, дзе захоўваецца тавар, заключае банкір: «У банкаў на такую працу няма сілы». Ён заўважае, што ўгоды прайшлі да кастрычніка мінулага года, калі ЦБ абавязаў банкі больш жорстка сачыць за незаконным вывадам валюты. З кастрычніка яны абавязаныя правяраць не толькі кантрактныя, але і чаканыя тэрміны паступлення сродкаў і выканання абавязанняў перад расійскімі кампаніямі па замежнагандлёвых дамовах.

У 2011 г. мытнага кантролю на мяжы для вырабленых у Беларусі тавараў ужо не было, кажа генерал мытні ў адстаўцы, кіраўнік Цэнтра падтрымкі ЗЭД Галіна Баландзіна. Дакумента ад мытніка, які бачыў груз, у гэтым выпадку не будзе. Але, кажа Баландзіна, правяраць рэальнасць аперацый можна і па ўскосных дакументах — беларускіх статыстычных справаздачах, дакументах аб выплаце ПДВ, транспартных накладных. «Намаляваць» можна любыя дакументы. Вядома, калі не трэба падрабляць ГМД — прасцей, але гэта адбываецца і з дэкларацыямі, заўважае яна: банкі ў такой сітуацыі не заўсёды могуць даць гарантыю, гэтым павінны займацца праваахоўнікі.

Банкір заўважае, што, як правіла, для такіх сумнеўных аперацый выкарыстоўваюцца нязначныя банкі, якімі ў выпадку чаго не шкада ахвяраваць. Але ВБРР — досыць буйны банк, па выніках I квартала ён заняў 64-е месца па памеры актываў у рэнкінгу «Інтэрфакс-100».

Пасля пачатку працы Мытнага саюза ўвоз тавараў праз Беларусь дазваляў сэканоміць на падатках, кантроль за далейшым рухам тавараў не быў наладжаны, і многія гэтым карысталіся,
кажа топ-мэнэджар банка з топ-50. Але аперацыі маглі быць і рэальнымі — гэта не заўсёды правяралася, працягвае ён: да восені 2012 г. банкі толькі рэкамендавалі, але не патрабавалі ад кліентаў даваць дакументы па ўгодзе. У канцы мінулага года расійскі ЦБ выслаў банкам ліст з рэкамендацыямі правяраць угоды з Беларуссю, Украінай і інш. на спецыяльным сайце, а Мінск у мінулым годзе наладзіў рэгістрацыю транзітнага імпарту праз Беларусь, робіць выснову суразмоўца «Ведомостей».

Прадстаўнік «Раснафты» адмовіўся ад каментароў. Чалавек, блізкі да «Раснафты», кажа, што ў кампаніі ведаюць пра гэтую справу. ВБРР вядома, што ў 2012 г. «у дачыненні да шэрагу кліентаў праваахоўнымі органамі праводзіліся праверкі», аднак інфармацыі аб ходзе або выніку такіх праверак банк не мае, кажа прадстаўнік ВБРР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?