Як паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама, 28 чэрвеня каля 23.00 41-гадовы непрацуючы жыхар Полацкага раёна, кіруючы «Рэно-Лагуна», на аўтадарозе Віцебск — Полацк не падпарадкаваўся неаднаразовым законным патрабаванням супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні, працягваў рухацца на вялікай хуткасці ў бок гарадскога пасёлка Шуміліна. Супрацоўнікі ДАІ пераследавалі парушальніка з уключаным праблісковым маячком чырвона-сіняга колеру і гукавым сігналам, аднак вадзіцель на гэта ніяк не рэагаваў і працягваў рухацца з хуткасцю больш чым 160 км/г. Каб пазбегнуць магчымых ахвяр у населеным пункце, а там праходзілі масавыя мерапрыемствы, было прынята рашэнне выставіць заслон.

На скрыжаванні вуліц Луначарскага і Юбілейнай каля Шуміліна на асветленым участку дарогі быў выстаўлены заслон у выглядзе грузавой аўтамашыны «ДАФ» з паўпрычэпам.
Таксама былі задзейнічаны аўтамабілі аператыўнага прызначэння Шумілінскага РАУС, якія знаходзіліся па абодва бакі аўтадарогі з уключанымі маячкамі сіняга колеру і блізкім святлом фар, які асвятляў «ДАФ». Аднак пры выездзе на скрыжаванне вадзіцель «Рэно» не спыніўся і сутыкнуўся з паўпрычэпам, атрымаўшы цялесныя пашкоджанні. Пры дастаўцы ў бальніцу мужчына памёр у машыне хуткай дапамогі.

Па факце дарожна-транспартнага здарэння Шумілінскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа па ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Ва УУС адзначылі, што ў выніку праведзеных першапачатковых следчых дзеянняў у следства з`явіліся дастатковыя падставы меркаваць, што ў дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не ўглядаецца парушэнняў дзейнага заканадаўства і ведамасных інструкцый.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?