Канцэрн «Белнафтахім» і ТАА «Газпром інвестпраект» дамовіліся «аб прапрацоўцы схемы супрацоўніцтва пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў ААТ «Гродна Азот».

Як паведамляе сайт «Белнафтахіма», такая дамоўленасць была дасягнута падчас праведзеных у Маскве перамоў з удзелам старшыні беларускага канцэрна Ігара Жыліна і яго намесніка Уладзіміра Волкава, гендырэктара ААТ «Гродна Азот» Канстанціна Маянава, першага намесніка начальніка фінансава-эканамічнага дэпартамента «Газпрома» Аляксандра Іваннікава і першага намесніка гендырэктара кампаніі «Газпром інвестпраект» Аляксандра Федарусенкі. Калі прайшлі перамовы, не ўдакладняецца.

Гаворка ідзе пра сумесную рэалізацыю інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва азотнага комплексу ў ААТ «Гродна Азот». Для ажыццяўлення дамоўленасцяў ствараецца рабочая група з прадстаўнікоў канцэрна «Белнафтахім» і групы «Газпром».

Як паведамлялася раней, праект будаўніцтва на прадпрыемстве «Гродна Азот» азотнага комплексу ацэньваецца экспертамі прыкладна ў 1 мільярд долараў. У выніку яго рэалізацыі вытворчасць азотных угнаенняў павінна вырасці больш як на 200 тысяч тон у год. У ліку верагодных партнёраў па гэтым праекце называлася расійская кампанія «Еўрахім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?