22.07.2013 / 22:55

Макей у Брусэлі: Мы зацікаўленыя ва Усходнім партнёрстве 11

Падрыхтоўка да віленскага саміта Усходняга партнёрства стала галоўнай тэмай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін ЕС і УП, што прайшла вечарам у Брусэлі. У мерапрыемстве ўпершыню прыняў удзел міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Афіцыйных рэлізаў аб выніках сустрэчы пакуль няма, аднак скупыя паведамленні яе некаторых удзельнікаў у сацыяльных сетках дазваляюць зрабіць выснову, што менавіта віленскі саміт быў у цэнтры ўвагі на перамовах.

Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт адзначыў на сваёй старонцы ў Twitter: «Зараз вельмі важная сустрэча з міністрамі замежных спраў усіх шасці краін Усходняга партнёрства.

Пераадольваем перашкоды. Разглядаем магчымасці».

Міністр замежных спраў Літвы, якая старшынюе ў ЕС, Лінас Лінкявічус паведаміў у Twitter: што ўсе міністры пацвердзілі гатоўнасць зрабіць віленскі саміт паспяховым.

«Тыя, хто гатовы зрабіць больш, павінны атрымліваць больш ад ЕС», — напісаў ён.

Напрыканцы сустрэчы ў Брусэлі журналісты спыталі ва Уладзіміра Макея, ці прыедзе ён на саміт «Усходняга партнёрства» у Вільню. Макей адказаў, што пакуль не ведае:

«Я не ведаю, Еўрасаюз мусіць вырашыць.
На сустрэчы з міністрамі мы размаўлялі пра Саміт у Вільні, размаўлялі пра Дэкларацыю, якая будзе прымацца, зрабілі некалькі прапановаў па яе тэксце. Перад усім мы лічым, што стаўленне да ўсіх партнёраў мусіць быць аднолькавым, без дыскрымінацыі.
Мы выразілі нашую зацікаўленасць супрацоўніцтвам ва ўсіх сферах „Усходняга Партнёрства“.
Мы лічым, што канкрэтная праектная актыўнасць мусіць складаць асноўную частку Віленскай дэкларацыі. Мы мусім прыняць канкрэтны спіс праектаў падчас Саміта, гэта дапаможа палепшыць выгляд ініцыятывы „Усходняга Партнёрства“ як у краінах-сябрах ЕС і ў краінах „Усходняга Партнёрства“. Мне падаецца нам трэба звяртаць больш увагі на бізнэс-накірунак. Такімі былі нашыя прапановы».
А вось ад адказу пра ўзняцце тэмы палітвязняў падчас сустрэчаў у сталіцы Бельгіі Уладзімір Макей дыпламатычна сышоў:
«Мы абмеркавалі ўсе пытанні, якія, скажам так, былі ў планах нашага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам».

***

Саміт УП пройдзе ў Вільні 28–29 лістапада. Макей браў удзел у сустрэчы па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісара па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфана Фюле.

Гэта першая паездка Макея ў Еўропу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2011-га ён у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны спіс ЕС як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня і наступным пераследам актывістаў апазіцыі. На той момант Макей узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта.

0
Юмі / Адказаць
23.07.2013 / 09:12
Мне падаецца нам трэба звяртаць больш увагі на бізнэс-накірунак.... Дайце грошай! А мя як чхалі на людзей, так і будзем!
0
Hanna / Адказаць
23.07.2013 / 09:49
правільна: мы зацікаўленыя ў вашых еўрыках
0
Неадкладную свабоду ўсім палітвязням! / Адказаць
23.07.2013 / 10:04
Значыць тут грамадзян за палітычныя погляды і грамадзянскую пазіцыю дыскрымінаваць можна і трэба, так, Макей?! Ганебная дыктатура!
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру