Дзяўчыну 1991 г.н. у сваёй кватэры знайшлі бацькі. Трагедыя здарылася вечарам 11 верасьня.

Экспэрты сьледча‑апэратыўнай групы выявілі на целе дзяўчыны шматлікія нажавыя раненьні, паведамляецца на сайце Гарадзенскага УУС. Адной з асноўных рабочых вэрсіяў, высунутых апэратыўнікамі, стала забойства з мэтай узбагачэньня. Сьледчыя не знайшлі сьлядоў узлому памяшканьня, пад’езд дому абсталяваны дамафонам. Усё гэта наводзіць на думку, што ахвяра была знаёмая са сваімі забойцамі і сама ім адчыніла дзьверы.

У выніку апытаньня сьведкаў выявілася, што перад домам забітай паўдня таўкліся двое «хімікаў» 1986 і 1987 гадоў нараджэньня. адзін зь іх быў знаёмы зь дзяўчынай. Маладзёнаў затрымалі. У ходзе допыту яны прызналіся, што ведалі пра вялікую суму валюты, што захоўвалася на кватэры іхняй ахвяры. Сьледчыя не выключаюць, што падазраваныя загадзя плянавалі забойства. Распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт. 139 («Забойства»).

Гарадзенскі блог s13.ru паведамляе некаторыя падрабязнасьці надзвычайнага здарэньня. Нібыта рабаўнікі вынесьлі з кватэры сэйф, але здолелі пранесьці яго некалькі паверхаў, а пасьля кінулі яго і зьбеглі. Недалёка, праўда.

У сувязі з гэтым забойствам у Горадні згадваюць жудасную гісторыю сярэдзіны 1990‑х. У мікрараёне Вішнявец бацькі знайшлі забітай сваю маленькую дачку. Гэтак рабаўнік пазбавіўся ад сьведкі. Побач знайшлі скрываўленага шчанюка, які да апошняга бараніў сваю маленькую гаспадыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?