Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская правядуць 21 лютага ў Бабруйску першы занятак з беларускай мовы на курсах «Мова нанова», а выкладоўцы «Мова ці кава» абяцаюць сюрпрыз для гарадзенцаў у сакавіку.

«Мы вельмі хочам распаўсюдзіць нашыя курсы і на іншыя гарады», – распавёў адзін са стваральнікаў «Мова нанова» журналіст Глеб Лабадзенка.

Ідэя правесці ў Бабруйску занятак па беларускай мове, дадаў спадар Лабадзенка, належыць не толькі яму, але і мясцовым актывістам, якія вырашылі гэтак адсвяткаваць Дзень роднай мовы. 

21 лютага будзе ўводны занятак, і калі цікавасць да курсаў з боку бабруйчан будзе дастатковай, «Мова нанова» пачне ў горадзе сістэматычную працу.

Акрамя Бабруйску, паводле Глеба Лабадзенкі, цяпер вядуцца перамовы з Полацкам, Гродна, Віцебскам, і ёсць вялікае спадзяванне, што «Мова нанова» ўсё-ткі выйдзе па-за межы Менску ды стала запрацуе ў іншых беларускіх гарадах.

Выкладоўцы «першапраходца» сярод курсаў з беларускай мовы «Мова ці кава» Алесь Залеўскі і Валярына Кустава таксама хацелі б «заваёўваць» гарады па-за сталіцай. Як распавёў Алесь Залеўскі, «для гарадзенцаў «Мова ці кава» рыхтуе адмысловы сюрпрыз у сакавіку». У той жа час, паводле выкладоўцы, арганізатары курсаў не ставяць пакуль за галоўную мэту рэгіянальнае развіццё. Акцэнт яны хочуць зрабіць на мэтавай аўдыторыі і абяцаюць неўзабаве распавесці пра будучыню курсаў.

Курсы «Мова ці кава», створаныя журналісткай Кацярынай Кібальчыч, праходзяць у Менску ад студзеня 2013 году. Сёлета вядоўцамі курсаў сталі прадстаўнікі «Белсату» Алесь Залеўскі і Валярына Кустава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?