Падзеі ва Украіне ўскалыхнулі размовы пра дэпартацыю крымскіх татараў за савецкім часам — менавіта таму сёння іх дзеці і ўнукі не хочуць далучацца да Расіі. Мы паспрабавалі адшукаць нашчадкаў крымскіх татараў у Беларусі. І накіраваліся ў Клецкі раён, дзе, паводле апошняга перапісу, жыве 82 татарыны.

Імам Сцяпан Казакевіч

Імам Сцяпан Казакевіч

Клецкі малельны дом

Клецкі малельны дом

Бацькі і дзяды Аміні Абрамовіч, пач. ХХ ст.

Бацькі і дзяды Аміні Абрамовіч, пач. ХХ ст.

Адшукаць клецкіх татараў няпроста. Некалі мусульманскія вёскі ператварыліся цалкам у беларускія. Мясцовыя жыхары на пытанне, дзе ў вас тут жывуць татары, толькі разводзяць рукамі — амаль нікога ўжо не засталося. Але ў Іванаве нам шанцуе: у бацькоўскую хату вярнуўся жыць Сцяпан Казакевіч — дыпламаваны гісторык, які выконвае абавязкі імама ў Клецку.

З выгляду Сцяпан Іосіфавіч не надта падобны да тыповага беларуса. Апошняга татарына ў вёсцы, якая некалькі стагоддзяў таму была спрэс мусульманскай, выдаюць вузкія, раскосыя вочы.

У цаглянай хаце над уваходам у пакой вісіць цытата з Карана, затое ў куце — праваслаўная ікона.

Бацькі Сцяпана былі татарамі, тата нават нейкі час быў імамам у суседнім Асмолаве. А вось дзеці ўжо называюць сябе беларусамі.

«Моладзь ужо цалкам асімілявалася, — прызнаецца ён. — Калі татарын ажаніўся з праваслаўнай, то мама выхоўвае дзяцей не па­татарску». Калісьці шлюб з іншаверкай лічыўся для беларускага татарына ганьбай. Але мусульманаў станавілася ўсё менш, і калі прытрымлівацца традыцыі, кровазмяшэння было б не пазбегнуць.

Казакевіч выконвае абавязкі імама ў суседнім Клецку, некалькі разоў на тыдзень едзе чытаць казані. Паводле перапісу 2009 года, на Клеччыне назвалі сябе татарамі 82 чалавекі, але актыўных вернікаў значна меней. Веры трымаюцца ў асноўным сталыя людзі.

«Усе прыхаджане ўжо перасягнулі 70гадовы ўзрост, — расказвае Сцяпан Іосіфавіч. — Моладзь услед за сабой яны падцягваюць толькі на вялікія святы, напрыклад, на Курбан­-Байрам».

500 гадоў разам

Татары з’явіліся на Клеччыне ў пачатку XVI стагоддзя. Крымчакі тады дайшлі да Цэнтральнай Беларусі, дзе былі ўшчэнт разбітыя войскам на чале з Міхаілам Глінскім. Палонныя татары засталіся ў клецкіх ваколіцах.

Яшчэ на паўстагоддзя раней Вітаўт запрасіў крымскіх татараў у Вялікае Княства Літоўскае, каб падмацаваць войска.

Ахоўчыя функцыі татары выконвалі і на Клеччыне. «Сярод татараў абіраўся маршалак, які абавязаўся прадаставіць Радзівілам 15­20 вершнікаў. Тыя суправаджалі магнатаў на вайне ці падчас вандровак», — расказвае Казакевіч.

Свой род ён выводзіць з Арды: зямлю ў Іванаве набыў прапра­дзядуля, які прыехаў на тэрыторыю Беларусі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай.

«Ганаруся, што татарын!»

88­гадовы Хасень Ібрагімавіч Абрамовіч — яшчэ адзін актыўны вернік. З жонкай Аміняй Муратаўнай, таксама татаркай, яны ўжо адсвяткавалі дыяментавае вяселле — 60 гадоў разам! Сям’я жыве ў Клецку.

Бацька Абрамовіча любіў гандляваць коньмі, але прафесійна займаўся гарбарствам. «Увесь час даводзілася працаваць з хіміяй: як зганяць поўсць са скуры? Смурод стаяў невыносны!» — узгадвае дзяцінства Хасень. Да добрага работніка з замовамі ішлі і беларусы, і габрэі. Сярод дарослых дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце тады фактычна не было.

«Бацьку, бывала, казалі ў калгасе: ах ты, татарын! А ён адказваў: я ганаруся, што татарын!» — узгадвае Сцяпан Казакевіч і прыводзіць прыклад рэлігійнай талерантнасці. На праваслаўныя святы адпачывалі і татары, а да татарскіх святаў далучаліся і беларусы.

Дзецям разабрацца з нацыянальнымі асаблівасцямі было складаней.

«Мова ў нас згубленая. Яе не ведалі ні нашыя бацькі, ні дзяды. Маліліся па­арабску, дома размаўлялі па­беларуску, а ў школе трэба ламаць язык па­польску», — расказвае Хасень Абрамовіч пра парадкі ў Заходняй Беларусі.

Не разумее ён і падыходаў камуністаў: «Пісалі ў пашпарце: татарын. Ці габрэй. А навошта гэта пісаць?»

Сваім дзецям Хасень даў, як кажа, «мяшаныя імёны». Кім яны сябе вызначаюць: беларусамі ці татарамі? «Як захочуць. Мы ім далі свабоду выбару», — кажа ён.

Памяць пра бандэраўцаў

Хасень Абрамовіч паспеў паўдзельнічаць і ў Другой сусветнай. У 1944­м ён пайшоў служыць за кампанію з таварышамі, хоць меў адмацаванне ад войска.

«Як мяне забралі ў войска, што ж я, буду там маліцца? Там не было калі… Не маліцца, а страляць трэба. Усё і выйшла з галавы», — узгадвае ён.

Падчас вайны яму давялося сустрэцца з «бандэраўцамі» падчас іх вылазак пад Брэст. З таго часу меркаванне ў яго адназначнае: «Бандэраўцаў не выкараніць. Колькі ні будзе жыць пакаленне — усё адно яны бандэраўцы». Сочыць ветэран і за сучаснай палітыкай. Тое, што самі татары хочуць застацца з Украінай, то гэта крыўда на Сталіна за дэпартацыю. Але нічога, прывыкнуць».

Сцяпан Казакевіч мае іншае меркаванне. «Расія гатовая ўсё паглынуць. Пачалося з Малдовы, калі Прыднястроўе адабралі. Пасля Абхазію і Асецію адхапаў Пуцін. Вельмі нахабны ён. Але што рабіць — сіла…», — перажывае ён за крымчакоў.

Дапамога з Лондана

Дзякуючы брату Хасеня, Стэфану Абрамовічу, клецкія вернікі цяпер займелі малельны дом — старая мячэць згарэла падчас вайны.

Стэфан трапіў у створаную СССР польскую армію Андэрса, якая з цягам часу была выве­дзена ў Іран, а затым удзельнічала ў баях у Італіі. Ён быў кіроўцам танка. Пасля заканчэння вайны падраздзяленні арміі Андэрса былі расфарміраваныя. Тых, хто вярнуўся ў Беларусь, Літву і Украіну, чакала высылка на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць…

А Стэфан асеў у Вялікабрытаніі. Напрыканцы 1990-­х ён вырашыў пабудаваць хату ў Клецку. На радзіму ён так і не вярнуўся, але падарыў дом вернікам. Тыя дабудавалі мінарэт і сталі выкарыстоўваць хату як малельны дом.

Эміграцыя і асіміляцыя

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны клецкія татары атрымалі магчымасць перабрацца на сталае жыхарства ў Польшчу. Паколькі іх продкі пражылі на тэрыторыі ВКЛ больш за 500 гадоў, то народ лічыўся карэнным і мог абраць сабе месца пражывання на тэрыторыі Польшчы.

З аднаго толькі Іванава на Захад з’ехала 20 сем’яў. А бацькі Сцяпана Казакевіча перад дарогай захварэлі — паездку давялося адкласці, і дазвольныя дакументы страцілі сілу.

…Год за годам колькасць татараў у Беларусі змяншаецца. Сувязь з гістарычнай радзімай даўно згубілася, і многія татары вылучаюць сябе толькі па рэлігійнай, а не нацыянальнай прыкмеце. І таму немінуча «зліваюцца» з іншымі мусульманскімі меншасцямі.

«Татарам пры любой уладзе жылося цяжка, — разважае Хасень Абрамовіч. — Прыціскалі і ў царскай Расіі, і за савецкім часам. Ці магла б узнікнуць незалежная татарская дзяржава? Не! Занадта шмат супярэчанняў паміж намі, дый няма лідара, які б змог аб’яднаць усіх татараў. Аднак калі б такая дзяржава ўзнікла, перакананы: яна была б адной з самых магутных у свеце».

Клецкія татары

На Клеччыне было тры цалкам татарскія вёскі: апроч Іванава, гэта Арда (цяпер тут можна знайсці толькі аднаго татарына) і Асмолава. Гэтая вёска вядомая старажытнымі мусульманскімі могілкамі. На іх дагэтуль возяць хаваць людзей з Клецка. Але татараў у Асмолаве не засталося. Мясцовыя жыхары прынялі веру евангелістаў. У вёсцы ёсць іх малельны дом, як, дарэчы, і ў райцэнтры.

Ураджайныя татары

Спрадвеку існуе назіранне, што татары, дзе б яны ні жылі, збіралі большы ўраджай, чым суседзі. «А то! Мы ж працавітыя, — смяецца Сцяпан Казакевіч. — Татарам даводзілася трымаць вялікія гаспадаркі, бо толькі за іх кошт і жылі». А Хасень Абрамовіч тлумачыць урадлівасць бацькавай зямлі тым, што ён вычыняў скуры. «Мяса пры скуры, поўсць — за хатай была цэлая гара смецця. Як перагнівала, то рабілася ўгнаеннем. І ў сто разоў лепшым, чым у суседзяў!»

Татары ў Беларусі

Татары — шостая па колькасці нацыянальная меншасць Беларусі. Паводле перапісу 2009 года, татарамі назваліся 7 316 чалавек. Істотна больш рускіх, палякаў, украінцаў і габрэяў, прыкладна столькі ж армянаў і цыган.

Найбуйнейшыя рэгіянальныя цэнтры татараў — Іўе (самая вялікая супольнасць за межамі Мінска) і Навагрудак. У гэтых гарадах засталіся дарэвалюцыйныя мячэці. Агулам па Беларусі адкрыта каля дзесяці мячэцяў і малельных дамоў.

У многіх раёнах Усходняй Беларусі налічваецца ўсяго па пяць­сем татараў, і толькі ў Хоцімскім раёне — ніводнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?