Палац Манюшак

У Беларусі плануецца стварыць новы турыстычны маршрут — «Беларускі Парыж». Пра гэта паведаміў старшыня нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны на семінары «Прэзентацыя экскурсійных маршрутаў», які прайшоў 6 лістапада ў Мінску.

Паводле слоў У.Шчаснага, падставу для стварэння такога маршруту дае «хваля іміграцыі беларускіх мастакоў у парыжскую школу мастацтваў», што мела месца ў пачатку XX стагоддзя.

Цэнтрам новага турыстычнага маршруту павінны стаць Смілавічы — радзіма мастака Хаіма Суціна, прадстаўніка парыжскай школы. «Мастак невядомы ў нас, але шырока вядомы ва ўсім свеце. Яго выстава, на якой прадстаўлена каля ста работ, цяпер адкрыта для наведвальнікаў у Парыжы», — зазначыў У.Шчасны.

Паводле яго слоў, арганізацыю экспазіцыі мастака ў Беларусі, якую плануецца падрыхтаваць да канца снежня, фінансуе нацыянальная камісія ЮНЕСКА. Выстава будзе размяшчацца ў школе дзіцячай творчасці ў Смілавічах і складацца з дзвюх частак: «Суцін у Смілавічах» (непасрэдна работы мастака) і «Парыжскае кафэ», дзе плануецца аднавіць атмасферу 20—30 гадоў мінулага стагоддзя і паказаць атачэнне Х.Суціна, у тым ліку яго блізкага сябра Мадзільяні. У «Парыжскім кафэ» таксама можна будзе выпіць кубачак добрай кавы і паглядзець зняты ў Францыі фільм пра Х.Суціна.

Апрача работ Суціна, у Смілавічах будуць дэманстравацца і карціны іншых беларускіх мастакоў, якія працавалі ў Парыжы. Паводле слоў У.Шчаснага, наведвальнікі гэтай экспазіцыі змогуць вывучыць феномен мадэрністаў XX стагоддзя, выхадцаў з «заштатных беларускіх мястэчак», і паспрабаваць вызначыць для сябе: як у такой беднай атмасферы «адбылося зараджэнне такога значнага патэнцыялу?»

На думку У.Шчаснага, у новы турыстычны маршрут можа быць уключаны шэраг іншых аб’ектаў. У іх ліку — неагатычны палац, цэрквы і фабрыка ў Смілавічах, манастыр у Лядах, Волма, адкуль бярэ пачатак славуты беларускі род Ваньковічаў.

БелаПАН

Фота globus.tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0