Кошт веласіпеда пры адмове ад іншых відаў транспарту акупляецца ў Мінску за 3—18 месяцаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 19 жніўня супрацоўнік энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) Павел Гарбуноў. 

Ён падкрэсліў, што на сайце ЦЭР найбліжэйшым часам з`явіцца анлайн-калькулятар, пры дапамозе якога любы чалавек зможа параўнаць свае ўласныя расходы на грамадскі транспарт з расходамі на куплю і абслугоўванне веласіпеда. 

У сярэднім, паводле слоў Гарбунова, веласіпед акупляецца за 18 месяцаў у выпадку пераходу на яго з грамадскага транспарту. «Я ўзяў сярэднюю дыстанцыю ў 6 км, 50 паездак у месяц. Калі чалавек будзе ездзіць толькі ў цёплы сезон, то за тры сезоны ён акупіць веласіпед», — сказаў Гарбуноў. 

Калі ўладальнік веласіпеда раней карыстаўся маршруткай, то транспартны сродак акупіцца прыкладна за восем месяцаў, калі асабістым аўтамабілем, то за тры месяцы, дадаў спецыяліст. 

Паводле яго слоў, на дыстанцыях да 10 км час перамяшчэння па горадзе на веласіпедзе і грамадскім транспарце прыкладна аднолькавы. «Напрыклад, з Уручча да праспекта Машэрава на веласіпедзе можна даехаць за 38 хвілін, на грамадскім транспарце — за 36. На аўтамабілі час меншы, але, калі будуць заторы, ён павялічыцца», —адзначыў Гарбуноў. 

На дыстанцыі да 4 км веласіпед «амаль заўсёды хутчэйшы за грамадскі транспарт і часта параўнальны з аўтамабілем», — падкрэсліў Гарбуноў. 

Сярэдняя хуткасць перамяшчэння на веласіпедзе па тратуарах складае ў сталіцы 13—15 км/гадз, па веладарожцы — 18 км/гадз, адзначыў спецыяліст, дадаўшы, што хуткасць руху залежыць не гэтулькі ад веласіпедыста, колькі ад якасці дарогі і наяўнасці святлафораў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?