А чаму ён больш старэе, хварэе і вымірае? Ды таму, што харчуецца абы‑чым і лякуецца абы‑як! А гэта ўжо — непасрэдная віна тых самых афіцыйных мэдыкаў. Самі гавораць, што ўсе лекі — атрута, і выпісваюць цэлыя вазкі тых лекаў.

Мала таго, што людзі і так зьнясіленыя хваробамі, дык гэтыя мэдыкі толькі дапамагаюць ім хутчэй сысьці ў труну. А з гэтага вынікае, што, адкрываючы новыя аптэкі для афіцыйных мэдыкаў, нашае гарадзкое кіраўніцтва спрыяе далейшаму атручаньню гараджанаў.

Тое ж і зь ежай. Вы паглядзіце толькі, што робіцца ў гастраномах! Колькі там розных бутэлечак, флякончыкаў, пакецікаў, мяшэчкаў, скрыначак! І ва ўсіх гэтых пакуначках — суцэльная хімічная прадукцыя, празь якую і зьяўляюцца шматлікія алергіі і ўсялякія іншыя прыкрасьці.

Чым далейшыя мы ад прыроды, тым болей хваробаў.

Чаму нашыя народныя лекары‑траўнікі — слынныя? Таму што яны лякуюць толькі натуральнымі сродкамі, тым, што вырасла ў натуральных умовах на лугах і ўзгорках, у лясах і на палянах. Але дзе ж ты набярэсься ўсіх гэтых чабораў, валяр’янаў, каціных лапак, ад якіх яшчэ нядаўна жаўцелі ўсе пагоркі? Усё скошана, выдрана, вытаптана, занесена ў Чырвоную кнігу. Ды і, па шчырасьці, ня надта прыемныя стравы зь іх вырабляюць.

Але выйсьце ёсьць!

Ужо колькі пісана‑перапісана, гаворана‑перагаворана пра крыніцы вітамінаў і іншых гаючых рэчываў — яблыкі і грушы, ягады, бульбу, моркву, цыбулю і іншую гародніну. Між іншага, у іх тыя ж самыя карысныя рэчывы, што і ў травах.

Дарэчы, адзінае, у чым трэба пагадзіцца з афіцыйнымі мэдыкамі, дык гэта з пажаданьнем, каб лекі былі ежай, а ежа — лекамі. І чаму тады не спалучыць прыемнае з карысным?

Ня верце нікому, хто кажа, што няма панацэі! Ёсьць яна! І ня дзе‑небудзь, а пад бокам! Гэта ня нейкія там рогі насарогаў ці жэньшэні, а звычайная гародніна. Недарма кітайцы гавораць: «Самы лепшы лек расьце каля твайго ганку».

Вось нядаўна прачытаў пра фасолю. Дык, выяўляецца, калі б мы яе кожны дзень ужывалі, мы б і зусім не хварэлі і мёрлі ў значна меншай ступені, чым цяпер.

Але дзе ўзяць тую ж фасолю і іншую гародніну? У мікрараёне, дзе я жыву, тры прадуктовыя крамы, дзьве аптэкі і ніводнай крамы гародніны! Дык адкуль будзе тое здароўе? Калі ў прадуктовах крамах яго яшчэ можна неяк падтрымаць, дык у аптэках згубіш апошняе.

Таму хачу ўзяць увагу мэра і іншых гарадзкіх чыноўнікаў на гэтую акалічнасьць. Замест таго, каб канстатаваць факты і лямантаваць пра пагаршэньне здароўе гараджанаў, трэба палепшыць забесьпячэньне насельніцтва гароднінай. А дзеля гэтага ня трэба вялікіх фінансавых выдаткаў і нічога асаблівага ня трэба рабіць: дастаткова толькі павялічыць дастаўку гародніны.

Генадзь Шэршань, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0