Паводле зьвестак з 229 участкаў, на выбарах у Грузіі перамагае Міхаіл Саакашвілі, маючы блізу 58% галасоў. Сам ён ужо абвесьціў пра перамогу. Экзыт-пол, праведзены для чатырох грузінскіх тэлекампаній, таксама прадказвае, што дзейны кіраўнік дзяржавы набярэ болей за 50% у першым туры.

(с) AFP

Аднак гэтая вельмі імаверная перамога харызматычнага лідэра, адрозна ад ягонага трыюмфу чатыры гады таму, ужо ні ў якім разе ня будзе выглядаць сапраўды элегантнай.

І рэч ня толькі ў арытмэтыцы.

Імідж палымянага дэмакрата назаўжды сапсаваны восеньскім разгонам апазыцыі, закрыцьцём незалежнага тэлеканалу і г.д.

Дарэчы, што да тэмы "Не ствары сабе куміра": дэмакратычныя палітыкі і публіцысты надта любяць ідэалізаваць розныя рэвалюцыі ды іх правадыроў… Вось маўляў, узор для нас! Потым, калі ружовая карцінка рассыпаецца, даводзіцца маўчаць як мыла зьеўшы.

Хаця, што б ні закідалі Міхаілу Саакашвілі, ступень празрыстасьці тамтэйшых выбараў непараўнальная з нашай: пачынаючы ад літаральных рэчаў — празрыстых скрыняў — і канчаючы відэаздымкай падліку галасоў. Паказальна, што місыі назіральнікаў як ад СНД, так і ад АБСЭ, пры тым што ў Беларусі іх высновы нязьменна палярныя, там, у Грузіі, пакуль што кажуць толькі пра шэраг тэхнічных хібаў, але, здаецца, гатовыя прызнаць выбары ўвогуле справядлівымі.

Між тым супернікі Саакашвілі ўжо цьвердзяць пра фальсыфікацыі, клічуць народ на плошчу. Даверу няма. І цалкам імаверна, што гэтую шматпакутную, разадраную краіну будуць яшчэ ня раз скаланаць забурэньні.

Тут шмат чыньнікаў — ад расейскага, мякка кажучы, узьдзеяньня да асаблівасьцяў нацыянальнага тэмпэрамэнту. Але разам з тым, бадай, варта казаць і пра ўзровень палітычнай культуры, і пра якасьць самой апазыцыі. Паказальным ёсьць ужо тое, што сярод супернікаў дзейнага кіраўніка дзяржавы — такая неадназначная фігура, як багацей Бадры Патакарцышвілі, за каторым цягнецца даўжэзны шлейф кампрамату.

А цяпер перакінем масток да нашых рэаліяў.

Многім змагарам за сьветлую нацыянальную будучыню мроіцца (у тым ліку мяркуючы па форумах "НН"), што яна, гэтая будучыня, надыдзе нейкім цудадзейным чынам, адразу. Што ў нейкі дзень Х ля стырна дзяржаўнае ўлады трывала стане маналітная каманда нацыянальна сьвядомых сілаў — і далей усё пойдзе бы маслам памазалі… І што народ будзе толькі пляскаць у ладкі ўсім новаўвядзеньням, сярод якіх пэўна ж будуць і даволі мулкія.

Пры тым што ўсе паралелі кульгаюць, досьвед шэрагу каляровых рэвалюцыяў паказвае: калі не стае палітычнай культуры ні ў паспалітага люду, ні ў рэвалюцыйных правадыроў, з заганнага кола нацыі вырвацца надзвычай цяжка.

Так што зноў дазволю сабе прывесьці вельмі важную, на мой погляд, думку Юр'я Дракахруста: "Ад якасьці апазыцыі не залежыць, калі адбудзецца зьмена рэжыму. Ад гэтай якасьці залежаць формы, у якіх адбудзецца зьмена: чым ніжэйшая якасьць — тым большая імавернасьць крывавага пераходу. А самае галоўнае — ад якасьці апазыцыі залежыць тое, што будзе пасьля зьмены".

Вось пра гэта варта разважаць ужо сёньня.

Ну а што да Саакашвілі… У сёньняшніх тэлесюжэтах ягоная белая кашуля ды блакітны гальштук выглядаюць элегантна, як заўсёды. Але час сапраўды элегантных перамогаў для яго мінуў назаўсёды.

Зрэшты, прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць. Важна, каб урэшце Грузія спраўдзілася як незалежная і дэмакратычная краіна. А на яе ціснуць ведаеце як і ведаеце хто.

ЗЫ. Дарэчы, Масква ўжо атрымала анучай па твары: на адначасным з выбарамі рэфэрэндуме бальшыня грузінаў выказалася за ўваходжаньне ў НАТО.

ЗЫЫ. Ну вось, увечары старшыня ЦВК Грузіі фактычна заявіў (канешне, пакуль яшчэ неафіцыйна, з агаворкамі) пра перамогу Саакашвілі з папярэднім вынікам 52,8%

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?