Група работнікаў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі напярэдадні Новага году атрымала цудоўны падарунак ад прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Ён падпісаў пастанову Саўміну аб выдзяленьні падначаленым Аляксандра Зімоўскага службовых кватэр.

Згодна з дакумэнтам, жытлом забясьпечылі ў асноўным супрацоўнікаў Агенцыі тэлевізійных навінаў. Так, кватэры ў новых дамах у прэстыжным сталічным квартале Ціміразева-Нарачанская-Радужная атрымалі рэдактары АТН Вольга Ермакова (ёй далі кватэру агульнай плошчай 45, 20 кв.мэтры на сям’ю з аднаго чалавека) і Юры Круглік (плошча кватэры 45,50 кв.мэтры), інжэнер-праграміст АТН Юры Берастаў (на сям’ю з трох чалавек ён атрымаў кватэру агульным мэтражом 64.60 кв.мэтры), загадчыца аддзела прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская і асыстэнт тэлеапэратара АТН Андрэй Хрысьцін (на сям’ю з аднаго чалавека ім прапанавалі па 45,20 кв.мэтры кожнаму), загадчык аддзелам спартыўных навінаў АТН Мікалай Стуло (на сямью з двух чалавек -- 60,80 кв.мэтры).

Самую маленькую аднапакаёвую кватэру агульнай плошчай 39,89 кв.мэтры на вуліцы Прытыцкага далі палітычнаму аглядальніку АТН Максіму Кароткіну.

Як напісана ў пастанове Саўміна, службовае жытло групе тэлевізійшчыкаў выдзелена «на пэрыяд захаваньня працоўных адносінаў з НДТРК».

Дарэчы, сёньня ў Менску самая танная аднапакаёвая кватэра каштуе ня менш за 50-60 тысяч даляраў. А адзін квадратны мэтар жытла -- каля 2000 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?