Конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў «МЯЦЕЛІЦА - 2015» адбудзецца 8 лютага 2015 г. ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі (Старавіленкі тракт, 41, Мармуровая зала). Пачатак аб 11-й. Усе гледачы змогуць далучыцца да агульных танцаў падчас паўз і перапынкаў у спаборніцтвах.

Творчыя спаборніцтвы танцавальных пар адбудуцца ў трох узроставых групах: юнацкай ад 15 гадоў, дарослай ад 21 году і старэйшай ад 51 году, па праграме з 20 самых вядомых і арыгінальных беларускіх танцаў. Конкурс складаецца з І і ІІ тура (з 11.00), фінала і конкурса салістаў (з 15.00). У конкурсе бяруць удзел танцавальныя пары з розных рэгіёнаў Беларусі. Выступленні канкурсантаў суправаджаюць інструментальныя ансамблі народнай музыкі.

Мэты конкурсу — аднаўленне, захаванне, падтрымка, і папулярызацыя беларускай народнай танцавальнай культуры сярод моладзі і дарослых, стварэнне ўмоваў для пераймання ўзораў традыцыйнага танца ад носьбітаў мастацкіх традыцый старэйшага ўзросту.

Конкурс беларускіх танцаў «МЯЦЕЛІЦА» працягвае традыцыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» і ўжо другі раз праводзіцца ў сталіцы. Кіраўнік конкурсных праектаў Мікалай Козенка — нястомны даследчык аўтэнтычнага беларускага танца, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Арганізатары сёлетняй «Мяцеліцы»– Школа традыцыйнага мастацтва гурта «Guda» супольна з Беларускім фондам культуры і Мінскім дзяржаўным Палацам дзяцей і моладзі. Імпрэзу падтрымлівае рэстаран беларускай кухні «Камяніца» і кафэ «Агінскі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0